Знакавая для ўсёй нашай сферы падзея — выніковая калегія Міністэрства культуры — адбылася 28 лютага ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
З дакладам “Аб выніках работы Міністэрства культуры ў 2024 годзе і задачах на 2025 год” выступіў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Перадусім ён адзначыў, што пры ўступленні на пасаду атрымаў ад Прэзідэнта задачу навесці парадак у сферы культуры. Яе выкананне, на думку кіраўніка галіны, звязана перш за ўсё з такімі напрамкамі, як кадры, эканоміка і мадэрнізацыя прававой базы.
У дачыненні да прававой базы міністр заўважыў, што будзе завершана распрацоўка змяненняў у Кодэкс аб культуры. У законапраекце ўрэгуляваны праблемныя пытанні, звязаныя з дзейнасцю прыватных музеяў, нядобрасумленных арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, аховай гісторыка-культурнай спадчыны. Устаноўлены меры дзяржаўнага кантролю за вытворчасцю і пракатам фільмаў. Пасля ўзгаднення з зацікаўленымі ведамствамі папраўкі ў прававы акт, якія адпавядаюць сённяшнім патрабаванням, будуць прадстаўлены на разгляд ва ўрад і парламент.
Для кожнага работніка галоўным стымулам яго працы з’яўляецца дастойны заробак. За мінулы год у сферы культуры ў гэтым плане адбыліся істотныя пазітыўныя змены. Па словах міністра, прынятыя меры па ўкараненні аптымальнай структуры і штатнай колькасці арганізацый дазволілі павысіць эканамічную эфектыўнасць іх працы.
Такі паказчык, як аб’ём пазабюджэтных сродкаў дзяржаўных арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, устаноўлены мэтавым планам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2024 год, выкананы. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры летась склаў больш за 353 млн рублёў або 137% да ўзроўню 2023-га.
Руслан Чарнецкі адзначыў, што быў ужыты комплексны падыход да павышэння заработнай платы. На гэтыя мэты накіраваны сродкі, вызваленыя ў выніку аптымізацыі, і гэта павялічыла памер надбаўкі работнікам культурна-асветніцкіх арганізацый да 20% акладу. А таксама дадаткова выдзелены сродкі бюджэту, якія дазволілі ўсталяваць надбаўку да 30% акладу. Акрамя таго, дзякуючы сумеснай працы міністэрства культуры і галіновага прафсаюза, устаноўлена надбаўка ў памеры не менш за 30% акладу за працу па кантракце.
Міністр таксама паведаміў, што для павышэння зарплаты работнікаў культуры з 1 студзеня 2025 года павялічаны памер надбаўкі за працу ў галіне з 30% да 64% сумы акладаў. На стымулюючыя выплаты работнікам культуры плануецца накіраваць на 9% больш уласных даходаў, чым у 2024-м.
Па словах кіраўніка галіны, цікавасць да ўласнага культурнага прадукту летась вырасла дзякуючы рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Актыўнае прасоўванне нацыянальнага мастацтва знайшло шырокі водгук у глядацкім асяроддзі.
— Дзяржаўныя тэатры паспяхова справіліся з рэалізацыяй указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №275. Доля ўласных даходаў тэатраў у агульным аб’ёме фінансавання склала больш за 40%, канцэртных арганізацый — ад 20% да 70%, — сказаў Руслан Чарнецкі і адзначыў, што ў рэпертуары кожнага тэатра і канцэртнай арганізацыі з’явіліся новыя творы беларускіх аўтараў. Задачы работы тэатральна-відовішчных арганізацый у 2025-м звязаны з пераходам тэатраў на сістэму парытэтнага фінансавання, пашырэннем гастрольнай дзейнасці ўнутры краіны і за мяжой.
Міністр інфармаваў, што забяспечана бясстратная праца Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, крыху выраслі аб’ёмы кінавытворчасці, наладжана сістэма пракату прэм’ерных беларускіх фільмаў. Дзякуючы гэтаму колькасць гледачоў і касавыя зборы ад сеансаў павялічыліся ў 1,5 разы. Арганізаваны ў новым фармаце XXX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” стаў самым маштабным за апошнія гады.
Па словах кіраўніка галіны, сёлета будзе распрацаваны пакет нарматыўных дакументаў для стварэння на базе кінастудыі індустрыяльнага кінапарку. Будуць зробленыя захады па забеспячэнні бесперапыннага працэсу вытворчасці фільмаў, зніжэнні кошту кінапаслуг, стварэнні сумесных вытворчасцяў, павелічэнні экспарту паслуг “Беларусьфільма”.
Да беларускай культуры і яе здабыткаў існуе вялікая цікавасць і па-за межамі нашай краіны. Руслан Чарнецкі паведаміў, што летась нашы прадстаўнікі прымалі ўдзел у разнастайных міжнародных культурных мерапрыемствах у больш як 50 дзяржавах свету.
Сітуацыя на рынку працы ў сферы культуры, па словах міністра, будзе выраўноўвацца галіновымі ўстановамі адукацыі ў першую чаргу за кошт пашырэння мэтавай падрыхтоўкі. На базе Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава будзе арганізавана падрыхтоўка дызайнераў анімацыі.
Для ўстойлівага кадравага забеспячэння беларускіх цыркаў вядзецца работа па адкрыцці спецыяльнасці “цыркавое мастацтва” на базе ўстановы спецыяльнай сярэдняй адукацыі. Таксама прапануюцца змяненні ў Кваліфікацыйным даведніку, што дазволіць прымаць на працу ў цыркі асоб, якія маюць вопыт удзелу ў мастацкіх цыркавых калектывах. Ужо сёлета перад сталічным і гомельскім цыркамі пастаўленая задача стварэння нацыянальных цыркавых праграм з удзелам беларускіх артыстаў.
Руслан Чарнецкі ўпэўнены, што прыток крэатыўнай моладзі з’яўляецца адным з неабходных фактараў развіцця прафесійнага мастацтва. Сістэма адукацыі штогод размяркоўвае ва ўстановы культуры каля 1,5 тысяч маладых спецыялістаў. Аднак не ўсе выпускнікі становяцца генератарамі прасоўвання сучасных творчых кірункаў. Па словах міністра, праца з моладдзю вядзецца, але падлягае перагляду. Пачынаючы зменай фармату правядзення маладзёжных эстрадных конкурсаў і заканчваючы змяненнем зместу падрыхтоўкі кадраў, яе пераарыентацыяй на засваенне і прымяненне сучасных тэхналогій і творчых практык.
Сёлета распачнецца рэалізацыя вялікага культурнага праекта — узвядзенне і музеефікацыя новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Міністр адзначыў, што галіне належыць стварыць унікальны аб’ект, які пакажа дасягненні краіны, раскрые шлях яе станаўлення як суверэннай дзяржавы, спалучаючы музейныя прадметы з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій.
Бягучы год падвядзе вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Таксама 2025-ы стане часам грандыёзнага святкавання святой для мільёнаў людзей даты — 80-годдзя Вялікай Перамогі.
“Гэту дату мы павінны адзначыць яркімі і маштабнымі культурнымі падзеямі, якія запомняцца нашаму народу”, — лічыць міністр культуры. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што Год добраўпарадкавання стане першым у аб’яўленай Кіраўніком дзяржавы пяцігодцы якасці. У рэалізацыі яе мэт работнікі культуры павінны прыняць самы актыўны ўдзел.
Пра вынікі працы, перспектывы развіцця аховы гісторыка-культурнай спадчыны і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны распавёў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Ён адзначыў, што міністэрства сумесна з мясцовымі органамі ўлады працягне актыўную працу ў гэтым кірунку.
Аб новых тэндэнцыях развіцця бібліятэчнай справы расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Ён прадставіў перспектыўны навуковадаследчы праект “Бібліяграфія Перамогі”, які аб’яднае ўсе бібліятэкі краіны. Рэалізацыя праекта мае сур’ёзнае грамадска-палітычнае значэнне: на працягу 80 гадоў яшчэ не было даследавання, якое дазволіла б абагульніць і сістэматызаваць усе выданні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.
Пра асноўныя аспекты падрыхтоўкі кадраў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў паведаміла рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская. А генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец распавяла аб дзейнасці свайго калектыву ў новых умовах фінансавання.
Вынікі пасяджэння калегіі міністэрства культуры падвёў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка (пасада на час правядзення мерапрыемства).
— Святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі працягваем сёлета святкаваннем 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — сказаў ён. — Гэтая тэма вяршэнствуе ў культурным і ідэалагічным жыцці краіны. У рэспубліканскіх мерапрыемствах важна захаваць арыгінальнасць, навізну, цікавасць гледача, не дапусціць адчування паўтору. Яны павінны выклікаць эмацыйны ўздым у гледача і пачуццё гонару за краіну.
Ігар Петрышэнка адзначыў, што, акрамя падрыхтоўкі творчых мерапрыемстваў да 9 Мая, ужо сёння павінна ісці праца над праграмай Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, канцэпцыямі рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), свята выпускнікоў, мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
— Падключайце лепшыя творчыя сілы, падначаленыя ўстановы, ВНУ з іх яркай моладдзю, — сказаў куратар ведамства ва ўрадзе краіны. — Патрэбныя новыя творчыя рашэнні, арыгінальныя ідэі, новыя падыходы. Да распрацоўкі прапаноў прыцягвайце некалькіх рэжысёраў для атрымання канцэпцый на варыятыўнай аснове.
Адной з асноўных задач галіны Ігар Петрышэнка назваў будаўніцтва і стварэнне новай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Ён даручыў кіраўніцтву міністэрства культуры ў найбліжэйшы час прадставіць прапановы па кандыдатурах у склад дырэкцыі ўстановы.
— Гэта маштабны ўнікальны праект. Каб ён стаў, як даручыў Кіраўнік дзяржавы, візітнай карткай краіны, захапляў як знешнім абліччам, так і зместам, патрабуецца вельмі сур’ёзная праца міністэрства, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Патрэбныя кампетэнтныя і энергічныя людзі, знаёмыя са спецыфікай сферы, для арганізацыі ўвязкі праектавання і будаўніцтва з музеефікацыяй. Дэталёвы план з канкрэтнымі мерапрыемствамі, які прадугледжвае ўсе этапы рэалізацыі праекта, занясіце ва ўрад.
Таксама было даручана да пачатку новага навучальнага года завяршыць укараненне падыходаў, выпрацаваных у рамках удасканалення дзейнасці бюджэтных арганізацый. Гаворка аб напрамках, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў дзіцячых школах мастацтваў.
— Як у класічнай музычнай школе, якая функцыянавала ў СССР, іх павінна застацца тры — музычны, харэаграфічны і выяўленчы. Менавіта яны найбольш запатрабаваныя і масавыя. Падрыхтоўка па іншых напрамках застанецца ў сістэме адукацыі, — сказаў Ігар Петрышэнка. Ён таксама даў шэраг іншых даручэнняў, якія будуць адлюстраваныя ў рашэнні калегіі міністэрства культуры.
Перад пачаткам пасяджэння ўдзельнікі калегіі мелі магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі арганізацыі навучальнага працэсу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Студэнты тэатральнага факультэта арганізавалі касцюміраванае шоу, гасцей сустракалі жывыя скульптуры, выставы навуковаметадычнай літаратуры і мастацкіх работ студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў.
Прыкметным складнікам антуражу стала планшэтная выстава “За дзень наступны ўсяе зямлі”, якую падрыхтавала рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”. У экспазіцыі — карціны, ажыўленыя з дапамогай сучасных тэхналогій. Унікальны інтэрактыўны падыход дазваляе заглыбіцца ў прастору мастацкага твора: не толькі ўбачыць яго, але і пачуць. Гэтая выстава — частка аднайменнага праекта, які да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў распачала РВУ “Культура і мастацтва” сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Сёлета ініцыятыва атрымала працяг у рамках святкавання Вялікай Перамогі. Да праекта далучыўся Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА