Памяць у кадрах

Апублiкавана: 23 сакавiка 2025 Стужка Тэатры Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Кінаканцэрт “Рэквіем. Каб памяталі...” заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Тэатр-студыя кінаакцёра” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” прэзентавалі 21 сакавіка на сцэне Старадарожскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Мерапрыемства прайшло у рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная карта”, ініцыяванай Міністэрствам культуры.

Пастаноўка створана пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Аляксандра Яфрэмава. У аснове — дакументальная кінахроніка, сцэны са знакавых стужак “Беларусьфільма”, вершы і песні ваеннай тэматыкі. Кінаканцэрт з’яўляецца эмацыянальным напамінам пра гераічнае мінулае нашага народа і падкрэслівае важнасць захавання гістарычнай памяці. 

Аляксандр Яфрэмаў адзначае, што ідэя “Рэквіема...” была прадыктаваная пачуццём доўгу. У анатацыі да пастаноўкі ён падкрэсліў: “Я лічу, што гэта абавязак тэатраў, нашага ў прыватнасці, гаварыць пра тое, пра што трэба гаварыць пастаянна: пра гераізм нашага народа, пра генацыд нашага народа і пра тую перамогу, якую мы нікому не аддадзім, якая стане прадметам нашага гонару назаўсёды”. 

Тэатр-студыя кінаакцёра чынна ўдзельнічае ў акцыі “Культурная карта”, гастралюючы па рэгіёнах і знаёмячы гледачоў са сваім мастацтвам. Летась “Рэквіем...” быў прадстаўлены ў Лагойску і Чэрвені, таксама адбыліся паказы спектакляў “Фальшывая нота” ў Маладзечне і “Аднойчы на суседняй вуліцы” ў Беразіно і Бялынічах. 

Кінаканцэрт таксама з’яўляецца часткай праекта “Вялікая Перамога вялікага народа”, распрацаванага Тэатрам-студыяй да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ініцыятыва стартавала напярэдадні 23 лютага і ўключае шэраг мерапрыемстваў на ваенную тэматыку, у тым ліку спектакль “Радавыя” паводле п’есы Аляксея Дударава, прэм’ерныя пастаноўкі і драму “Фальшывая нота” паводле п’есы Дзідзье Карона. 

Пасля прэзентацыі ў Старадарожскім РЦКА “Рэквіем. Каб памяталі…” пакажуць у Ашмянскім раённым цэнтры культуры: мясцовыя жыхары атрымаюць магчымасць дакрануцца да гісторыі праз сцэнічнае мастацтва 16 красавіка.