Пад увагай Першага

Апублiкавана: 23 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Неўзабаве ў Беларусі разгорнецца месячнік добраўпарадкавання. Па традыцыі ён аб'яднае людзей самых розных прафесій і ўзростаў у памкненні зрабіць нашу краіну яшчэ больш чыстай, прыгожай, квітучай. Заўсёднікам суботнікаў з’яўляецца і Прэзідэнт. Толькі на будаўніцтве комплексу “Мінск-Арэна” Аляксандр Лукашэнка шчыраваў двойчы.

У снежні 2005 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб будаўніцтве ў сталіцы Шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”. У дакуменце гаварылася, што ўзвядзенне такога аб’екта звязана з неабходнасцю стварэння ўмоў для правядзення спартыўных спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню, прыцягнення турыстаў, падрыхтоўкі спартсменаў, заняткаў насельніцтва фізічнай культурай і спортам, а таксама для арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. 

І ўжо ў красавіку 2006 года на рэспубліканскім суботніку Аляксандр Лукашэнка працаваў на ўстаноўцы сеткаватай агароджы па перыметры будпляцоўкі будучага шматпрофільнага комплексу. Перад пачаткам работ Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе праектавання і падрыхтоўкі да ўзвядзення аб’екта і перспектывах развіцця раёна “Лебядзіны”. 

Падчас суботніка ў 2008-м Прэзідэнт зноў наведаў “Мінск-Арэну”. Яго брыгада займалася ўладкаваннем бетоннага армаванага падмурку лядовага поля канькабежнага стадыёна. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі варыянты ўнутранага і знешняга аздаблення комплексу, а таксама мэблі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасля заканчэння будаўніцтва ўсе аб’екты павінны быць поўнасцю загружаны. 

Афіцыйна “Мінск-Арэна” адкрылася 30 студзеня 2010 года. Прэзідэнт тады заўважыў: “Любая суверэнная і незалежная дзяржава павінна ствараць сімвалы сваёй незалежнасці і свайго суверэнітэту. А гэта заўсёды каштавала дорага. Але справа не ў грошах. Здароўе даражэйшае. І я ўпэўнены, што гэта аб’ект, які надасць гонар нашай нацыі. І мы, беларусы, можам сказаць, што і мы ўмеем такое ствараць, і ствараць уласнымі рукамі”. 

Сёння комплекс у стылі хайтэк — адна з найлепшых спартыўных пляцовак Беларусі. На “Мінск-Арэне” з гастрольнымі канцэртамі выступаюць зоркі сусветнай велічыні, праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы па розных відах спорту. Тут жа летась адбыўся феерычны гранд-фінал рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”.