Гукі мінулага, што чаруюць і сёння

У культурнай палітры Гомельшчыны заслужаны аматарскі калектыў народных інструментаў “Быліна” займае асаблівае месца. Чым ён адметны? Пра творчы шлях і перспектывы ансамбля распавёў яго кіраўнік Аляксандр Склема.

КРОК ЗА КРОКАМ 

Гісторыя “Быліны” пачынаецца ў 1970-х, калі група энтузіястаў сабралася на базе гомельскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя П.І. Чайкоўскага. Спачатку гэта былі нефармальныя рэпетыцыі, выступленні на прадпрыемствах і ў сельскіх клубах. Фарміраванне завяршылася ў 1985-м, калі аб’яднанне атрымала ясна вызначаную структуру, прафесійны падыход і стабільны рэпертуар. Значную ролю ў гэтым адыграў дамрыст Валянцін Траянаў. 

У 1994 годзе ансамбль узначаліў выпускнік Маскоўскага інстытута культуры Уладзімір Баглай, які пашырыў рэпертуар і падняў мастацкі ўзровень. 

— У той час Валодзя, хоць і быў яшчэ маладым, ужо меў глыбокія веды і вопыт. Падчас падарожжаў па Расіі ён грунтоўна вывучаў традыцыі выканання на народных інструментах. Выдатна разбіраючыся ў матэрыяле, умеў арганізаваць працу гурта, ствараў інструментоўкі і знаходзіў нестандартныя творчыя рашэнні. Дзякуючы яго намаганням значна пашырыўся спіс твораў, і ўжо ў 1996-м калектыву было прысвоена званне народнага, што ўзняло яго прафесійны статус і зрабіла выступленні яшчэ больш заўважнымі. Пасля смерці Баглая ў 2006-м я працягнуў развіваць і захоўваць яго творчы набытак, — успамінае Аляксандр Васільевіч. 

З прыходам выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Склемы на пасаду кіраўніка творчы ўзровень ансамбля стаў яшчэ больш прыкметным: у 2013 годзе “Быліна” атрымала званне “Заслужаны аматарскі калектыў”. 

— Нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі маюць вышэйшую музычную адукацыю, мы застаёмся аматарскім калектывам, таму што граем не дзеля заробку, а з прычыны адданасці народнай музыцы. Гэта прадыктавана шчырым жаданнем захоўваць і перадаваць традыцыі, атрымліваць радасць ад творчасці і дзяліцца ёю з публікай, — тлумачыць кіраўнік. 

СУЧАСНЫЯ ПАВЕВЫ 

“Быліна” захоўвае традыцыйны для ансамбля народных інструментаў склад: балалайкі, домры, баяны, гармонікі. Асаблівы гонар калектыву — віртуозны гарманіст Андрэй Фядзяй, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Дзякуючы яму ў Гомелі з’явіўся клас навучання ігры на гармоніку, адзін з нямногіх у музычных школах па ўсёй Беларусі. 

Цяперашні рэпертуар уключае фальклорныя матывы, арыгінальныя апрацоўкі і вядомыя міжнародныя кампазіцыі. Выконваюцца творы беларускіх аўтараў Віктара Малых, Леаніда Маліноўскага, Валерыя Кузняцова, а таксама расійскага Яўгена Дзярбенкі. 

— Мы іграем не толькі аўтэнтычныя мелодыі, але і сусветную класіку. Напрыклад, Антоніа Вівальдзі выдатна гучыць на нашых інструментах. А нядаўна дадалі ў рэпертуар твор японскага кампазітара Дзё Хісаішы, — распавядае Аляксандр Васільевіч. 

“Быліна” актыўна эксперыментуе з рознымі стылямі, выкарыстоўваючы ў аранжыроўках элементы джаза і рока. 

— Народныя інструменты дазваляюць пашыраць межы традыцыйнага гучання. Мы ўжываем джазавыя гармоніі, складаныя рытмы, дадаём драйв, уласцівы рок-стылю. Гэта робіць нашы выступленні цікавымі для сучаснага слухача, прыцягвае моладзь, — адзначае кіраўнік ансамбля. 

ПРЭСТЫЖНЫЯ ПЛЯЦОЎКІ 

“Быліна” заваёўвае сэрцы слухачоў, выступаючы на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках Беларусі. Высокае выканальніцкае майстэрства адзначаецца як на рэспубліканскіх, так і на замежных конкурсах і фестывалях. 

Сярод найбольш значных падзей у творчай скарбонцы заслужанага калектыву — удзел у справаздачным гала-канцэрце Гомельскай вобласці “Галасы Палесся ў прасторах свету”, які адбыўся летась у Палацы Рэспублікі ў рамках фестывалю “Беларусь — мая песня”. 

Асаблівы гонар “Быліны” — выступленне падчас адкрыцця рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”: музыканты паўсталі на самай вялікай пляцоўцы краіны “Мінск-Арэне”. У рамках гэтага маштабнага праекта таксама з поспехам прайшлі сёлета канцэрты ў Гомелі і Жлобіне. 

— Выконваць народную музыку ў такіх месцах — пашана і вялікая адказнасць. Мы бачылі, як публіка замірала, слухаючы нашы мелодыі, як эмацыйна ўспрымала кожны твор, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Склема. 

Акрамя выступленняў у Беларусі, ансамбль з поспехам прадстаўляе родную культуру па ўсім свеце. Гурт неаднаразова станавіўся лаўрэатам міжнародных фестываляў ды конкурсаў, такіх як “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, а таксама рэгіянальнага свята “Грай гармонік” у Ельску, удзельнічаў у “Тыдні балалайкі” ў Санкт-Пецярбургу ды шматлікіх іншых форумах. 

ЯДНАЮЧЫ ПАКАЛЕННІ 

Сёння гэты заслужаны калектыў не проста творчая суполка, а сапраўдная школа пераемнасці. Пачаткоўцы прыходзяць, вучацца ў дасведчаных музыкантаў і засвойваюць нацыянальныя культурныя традыцыі. 

— Напэўна, цяпер я самы старэйшы сярод удзельнікаў. Моладзь актыўна далучаецца, удасканальвае сваё майстэрства, падхоплівае традыцыі. Менавіта ёй давядзецца весці ансамбль у будучыню, — падкрэслівае Аляксандр Васільевіч. 

“Быліна” — узор таго, наколькі народная музыка здольная яднаць пакаленні і знаходзіць водгук у сэрцах сучаснікаў. Наша культурная спадчына не страчвае каштоўнасці і працягвае напаўняць канцэртныя залы шчырасцю і глыбінёй. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву