Па бацькоўскай лініі ці па матчынай беларусам перадаецца гэты ген, але ў нас у крыві нянавісць да вайны. І думка аб яе недапушчальнасці пераходзіць з пакалення ў пакаленне: канцэрт-спектакль “Лінія памяці. Код вайны” аб’яднаў пачаткоўцаў і дасведчаных творцаў у памкненні захаваць мір.
Імпрэза адбылася 20 сакавіка ў СКЦ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які разам з Міністэрствам культуры выступае ініцыятарам ваенна-патрыятычнага праекта. Яго аўтар — дацэнт кафедры харэаграфіі БДУКМ Вольга Наўроцкая. Задума была рэалізавана на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры. Летась праект “Лінія памяці. Код вайны” быў удастоены прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.
Сёлетнія паказы прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і праводзяцца ў рамках інфармавання моладзі аб генацыдзе нашага народа ў часы ліхалецця. Для прагляду запрашаюцца старшакласнікі сталіцы, іншых абласцей краіны.
— “Лінія памяці. Код вайны” — канцэрт-спектакль, які нясе глабальны маральна-патрыятычны меседж: кожнаму падрастаючаму пакаленню мы павінны, нібы ген памяці, перадаваць думку аб недапушчальнасці вайны на прыкладзе Вялікай Айчыннай, нібы чып, што ўжыўляецца ў выхаванне людзей, — адзначаюць арганізатары праекта. — У пастаноўцы задзейнічаны студэнты кафедры харэаграфіі спецыяльнасцей “эстрадны і сучасны танец”, з прыцягненнем студэнтаў, якія навучаюцца тэатральнаму (акцёры) і інструментальнаму (піяністы) майстэрству. Важнымі ўдзельнікамі праекта з пункту гледжання маральнапатрыятычнага выхавання з’яўляюцца дзіцячыя харэаграфічныя калектывы Беларусі.