Вось ужо 80 гадоў у Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы, адзінай у нашай краіне навучальнай установе па падрыхтоўцы артыстаў балета, нараджаецца дзівоснае мастацтва танца. БДХГК — светлы дом, дзе пачынаецца цуд: мара аб сцэне ператвараецца ў рэальнасць, а рухі дасягаюць дасканаласці і віртуознасці.
Пачатак харэаграфічнай адукацыі ў Беларусі быў пакладзены ў 1928-м, калі пры Мінскім музычным тэхнікуме адкрылі харэаграфічны клас. Неўзабаве на яго аснове пачынае працаваць Беларуская студыя оперы і балета, а ў 1939-м адкрываецца харэаграфічнае аддзяленне ў Мінскім тэатральным вучылішчы. У маі 1941 года адбыўся першы выпуск прафесійных артыстаў балета. Але працэс развіцця харэаграфічнага мастацтва ў Беларусі бязлітасна перапыніла Вялікая Айчынная вайна...
1945 год. Мінск у руінах. Але ў Вялікім тэатры оперы і балета — адным з нямногіх ацалелых будынкаў — пачынае дзейнасць Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча! У 1995-м яму нададуць статус Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, а з 2009-га ён стане Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіяй-каледжам.
Вопытны педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніна Дзьячэнка ведае, як знайсці падыход да кожнага вучня
Каля вытокаў станаўлення прафесійнай харэаграфічнай адукацыі ў нашай краіне стаялі Зінаіда Васільева, дзякуючы якой навучанне пачалося ў найлепшых традыцыях Санкт-Пецярбургскай балетнай школы. Больш за 40 гадоў прапрацавала выкладчыкам класічнага танца бліскучая балерына Марыінскага тэатра Ніна Младзінская. Вялікі ўклад унесла заслужаны дзеяч культуры Беларусі Клаўдзія Калітоўская, якая ўзначальвала вучылішча на працягу чвэрці стагоддзя. Значнай была дзейнасць мастацкіх кіраўнікоў каледжа, знакамітых педагогаў: народных артыстаў Беларусі Ірыны Савельевай, Клары Малышавай, Інэсы Душкевіч, Уладзіміра Камкова.
Справу першапраходцаў працягваюць выбітныя педагогі. Пасля заканчэння сцэнічнай кар’еры ў каледж прыйшлі працаваць вядомыя майстры сцэны: заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Калядзенка і Ніна Дзьячэнка, народныя артысты Беларусі Юрый Траян і Інэса Душкевіч, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Сяргей Пясцехін, Аляксандр Фурман, Ларыса Мядзведзева-Шумская і Жанна Лебедзева. Паспяхова сумяшчаюць артыстычную дзейнасць у Вялікім тэатры Беларусі і выкладчыцкую народныя артысты Рэспублікі Беларусь Вольга Гайко і Канстанцін Кузняцоў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец і Юрый Кавалёў, дыпламант міжнародных конкурсаў Сяргей Мікель. Плённа працуюць на педагагічнай ніве ўладальніца медаля Францыска Скарыны Вольга Лапо, а таксама Наталля Нікалаева, Аксана Сямёнава, Ганна Гурыновіч, Наталля Філіпава, Людміла Геронік, Вікторыя Дадзішкіліяні, Вольга Кладава, Павел Кацельнікаў, Юлія Красоўская, Юрый Лапша, Вольга Лыжына, Маргарыта Панкова, Аляксей Чарнышэвіч і іншыя таленавітыя настаўнікі.
Навучанне ў БДХГК ажыццяўляецца па спецыяльнасці “Мастацтва балета” з прысваеннем кваліфікацыі “Артыст. Кіраўнік творчага калектыву. Настаўнік”. У гімназію прымаюцца па конкурсным адборы хлопчыкі і дзяўчынкі, якія скончылі 4-ы клас сярэдняй школы. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, тут вывучаюць і спецыяльныя, кожны праходзіць індывідуальнае навучанне па класе ігры на фартэпіяна. І робяць гэта паспяхова! Мінулы год, як і папярэднія, быў багаты на дасягненні ў міжнародных конкурсах. Выпускнікі гімназіі-каледжа працуюць ва ўсіх харэаграфічных калектывах нашай краіны, у тым ліку ў Вялікім тэатры, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”. Заваёўваюць медалі ў самых прэстыжных міжнародных балетных форумах, з аншлагам выступаюць за мяжой з канцэртнымі праграмамі і харэаграфічнымі спектаклямі.
Майстэрства прыходзіць з гадамі старанных заняткаў
Балетная школа БДХГК вядомая далёка за межамі краіны. У розныя гады тут вучыліся студэнты з розных куткоў планеты. Сёння мастацтва балета нараўне з беларусамі спасцігаюць грамадзяне Расіі і Японіі. Гімназія-каледж актыўна супрацоўнічае з замежнымі калегамі, з адмыслоўцамі з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: заключаны дагаворы з Пермскім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчам, Самарскім харэаграфічным вучылішчам (каледжам), Ніжагародскім тэатральным вучылішчам (каледжам) імя Я.А. Еўсцігнеева і з Маскоўскай дзяржаўнай акадэміяй харэаграфіі. Беларускую ўстанову адукацыі часта наведваюць паслы і прадстаўнікі замежных дзяржаў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, іншыя высокапастаўленыя госці.
Калектыў БДХГК праводзіць творчыя праекты, якія маюць асветніцкія, адукацыйныя і выхаваўчыя мэты. Сярод іх — грамадзянска-патрыятычная акцыя “І памятае свет выратаваны…” для моладзі, дабрачынная калядная акцыя “Дзеці — дзецям” для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйнага развіцця, для шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Арганізуюцца цыклы мерапрыемстваў для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, для членаў Беларускага таварыства інвалідаў. Навучэнцы заняты ў балетных спектаклях Вялікага тэатра Беларусі, Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра, у шматлікіх канцэртах.
Уладальніца медаля Францыска Скарыны, выкладчыца Вольга Лапо са сваімі таленавітымі выхаванкамі
Ужо стаў традыцыйным Рэспубліканскі адкрыты фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва “Піруэт”, які гімназія-каледж праводзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён пройдзе 22 сакавіка чацвёрты раз. Папулярнасць спаборніцтва імкліва расце. На думку дырэктара Зорыі Дусенка, гэта яркая падзея ў культурным жыцці краіны, своеасаблівы парад харэаграфічных школ і калектываў. Танцоры, якія праходзяць праз такія выпрабаванні, атрымліваюць імпульс для прафесійнага і творчага росту.
Выкладчыца Лізавета Венска навучае трэцякурсніцу Марыту Шыбанаву характарнаму танцу
Зорыя Дусенка, дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа:
— У нашай навучальнай установе склалася ўнікальная сістэма падрыхтоўкі артыстаў балета. З яе сцен выйшла не адно пакаленне акадэмічных танцоўшчыкаў, якія сталі зоркамі як нацыянальнага, так і сусветнага балетнага мастацтва. Пасля завяршэння кар’еры на сцэне яны вяртаюцца ў альма-матар — ужо ў якасці педагогаў. Мы перакананыя, што ў каледжа вялікая будучыня, а ў нашых вучняў — бліскучыя перспектывы. Для такой упэўненасці ёсць падставы! Найперш гэта праца моцнага выкладчыцкага складу: нашы педагогі — сапраўдныя майстры, якія свята захоўваюць традыцыі, закладзеныя вялікімі папярэднікамі. Таксама трэба адзначыць магчымасці, якія прадастаўляе Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і пастаянная падтрымка дзяржавы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы гэтаму каледж мае добрую матэрыяльную базу, сучасныя балетныя залы, навучальны тэатр, добраўпарадкаваны інтэрнат. Вельмі каштоўныя творчыя сувязі нашай установы з Вялікім тэатрам Беларусі і Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам.
Малады педагог Ксенія Мялешка праводзіць урок у 7 класе (трэці год навучання)
Юрый Траян (выпуск 1968), народны артыст Беларусі, доўгія гады — галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі, цяпер — выкладчык дуэтнакласічнага танца, метадыст, адказны за мастацкае кіраўніцтва БДХГК:
— Увесь час паспяховай работы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь балетная трупа фарміравалася і штогод папаўняецца артыстамі, падрыхтаванымі ў каледжы. У складзе трупы выпускнікі аб’ездзілі палову свету і ўсюды дастойна прадстаўлялі нашу краіну.
Народны артыст Беларусі Юрый Траян рэпеціруе з трэцякурснікамі Алісай Абрамовіч і Фёдарам Міхаленкам дуэтна-класічны танец
Лізавета Венска (выпуск 2019), педагог:
— Шчаслівая, што маю гонар працаваць побач з вялікімі прафесіяналамі на ніве айчыннай педагогікі балета!
Аляксандр Фурман (выпуск 1981), заслужаны артыст Беларусі, вядучы выкладчык:
— Выкладаючы класічны танец, імкнуся працягваць традыцыі, якія былі закладзены вялікімі педагогамі, што стаялі ля вытокаў стварэння і развіцця беларускай школы балета.
Фёдар Міхаленка, трэцякурснік:
— Артыстам можаш ты не быць, а Чалавекам быць абавязаны! Гэтаму нас вучаць у гімназіі-каледжы, гэтага мы імкнёмся прытрымлівацца. Мусіць, таму ў свеце кажуць: беларуская балетная школа вылучаецца асаблівай духоўнасцю.
Аліса Абрамовіч, трэцякурсніца:
— Людзі дзеляцца на тых, хто стаіць на сцэне, сядзіць у зале і знаходзіцца за кулісамі. Цяпер я на сцэне, слухаю апладысменты гледачоў і ведаю, што за кулісамі — мае педагогі, якія перажываюць за мяне. Спадзяюся, праз гады публіка будзе апладзіраваць ужо маім вучням, а я за кулісамі буду хвалявацца за іх.
Арына Паўлюкова, другакурсніца:
— Заўсёды захаплялася грацыяй і сілай балерын, іх здольнасцю перадаваць эмоцыі праз рух. У нашай гімназіі-каледжы мара танцаваць на вялікай сцэне становіцца рэальнасцю! Любоў да танца перадаецца нам ад настаў- нікаў, якія натхняюць і падтрымліваюць, вучаць верыць у свае сілы, быць шчырымі на сцэне.
Выкладчыца Ганна Гурыновіч займаецца з другакурсніцамі Арынай Паўлюковай і Валерыяй Талкачовай
Валерыя Талкачова, другакурсніца:
— Калі я ўпершыню ўбачыла ў тэатры вытанчаныя рухі прыгожых балерын, пачула чароўную музыку, была настолькі ўражана, што захацела стаць часткай гэтага чарадзейнага свету. Вучоба ў гімназіі-каледжы дае магчымасць спасцігнуць асновы балета і ўдасканаліць майстэрства. Яшчэ тут загартоўваецца характар, я вучуся дысцыпліне і развіваю ўпартасць. Працаваць над сабой даводзіцца штодзень, і гэта няпроста. Але ж вынікі цешаць!
Дарына Кунцэвіч, першакурсніца:
— Я ўжо ўдзельнічала ў шматлікіх рэпетыцыях і спектаклях, выконвала розныя ролі. Кожны дзень іду на заняткі з радасцю, бо ведаю: тут раблюся лепшай. Спадзяюся, дзіцячая мара стаць балерынай Вялікага тэатра здзейсніцца.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гімназіі-каледжа