ХVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” разгорнецца ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка. Што ў праграме? Якія цікавосткі чакаюцца?
— Цяперашні фестываль — 18-ы па ліку, — гаворыць намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вераніка Юргелас. — Гэта значыць, наш форум падышоў да паўналецця — цудоўная дата! І нагода не толькі для віншаванняў, але і для пэўнага асэнсавання, што і як наперадзе, у “дарослым” жыцці. Гэтая праблематыка далейшага жыццёвага і творчага шляху вельмі важная для моладзі, у пэўны момант яна закранае кожнага чалавека. А наш фестываль нават у назве ўтрымлівае слова “маладзёжны”, бо арыентуецца найперш на маладых пастаноўшчыкаў і гледачоў. Таму цяперашні форум шмат у чым вызначальны ўдвая, і вельмі хочацца, каб усё адбылося як мага лепей!
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Папярэдняя статыстыка ХVIII “М.@rt.кантакта” такая: на восем фестывальных дзён — 24 спектаклі з трох краін — Азербайджана, Беларусі, Расіі. Больш за ўсё будзе расійскіх калектываў — іх чакаецца 14. Беларускіх спектакляў — 9. Яшчэ адзін — азербайджанскі. Упершыню прыязджаюць сем тэатраў — мы заўжды рады і старым, і новым сябрам, бо галоўнае на форуме — прыязная сяброўская атмасфера. Прычым на ўсіх фестывальных пляцоўках, а сёлета іх, як і звычайна, чатыры: дзве нашы сцэны — асноўная і камерная, тэатр лялек і канцэртная зала “Магілёў”.
Імкнёмся працягваць лепшыя традыцыі фестывалю. У адрозненне ад іншых тэатральных форумаў, у нас працуе два журы — дарослае і маладзёжнае. Першае складзена з прафесіяналаў экстра-класа, яго ўзначаліць доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ярмалінская. Другое — студэнты Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (знакамітага ГІТІСа). Як заўжды, будуць штодзённыя абмеркаванні ўбачаных спектакляў запрошанымі крытыкамі розных узростаў. Такія падыходы скіраваны на як мага больш аб’ектыўныя ацэнкі і, адпаведна, выхаванне публікі.
Цэнтрам многіх тэатральных фестываляў з’яўляецца творчая лабараторыя. Сёлетні “М.@rt.кантакт” не будзе выключэннем.
Сцэна са спектакля "Заручыны". Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
— Для правядзення творчай лабараторыі, — працягвае размову галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Каміля Хусаінава, — запрошана Яўгенія Калеснічэнка з Расіі. Яна выпускніца прафесара Генадзя Трасцянецкага з Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. І ўжо ўдзельнічала ў “М.@rt.кантакце” ў 2018-м, калі разам з іншымі студэнтамі майстэрні Трасцянецкага паказвала спектакль “Карова” па апавяданнях Андрэя Платонава. Праз два гады яна завяршыла навучанне і стала штатным рэжысёрам Рускага акадэмічнага тэатра драмы імя Лермантава ў Абакане, дзе ажыццяўляла сваю дыпломную пастаноўку. Адначасова яна з’яўляецца рэжысёрам Тэатральнай студыі для падлеткаў “ПроART” пры тамтэйшым тэатры. Як бачыце, у яе ёсць не толькі цікавыя рэжысёрскія напрацоўкі, але і вопыт працы з моладдзю і тынэйджарамі. З артыстамі нашага тэатра цягам сёлетняга форуму яна паставіць эскізны варыянт гогалеўскага “Шыняля”. Плануецца, што Яўгенія зробіць эскіз з разлікам на жаночае выкананне: для гэтага спатрэбіцца знайсці новы падыход да вядомай аповесці. Дарэчы, рэпетыцыі будуць праходзіць у памяшканні мастацкай майстэрні, бо іншыя сцэнічныя пляцоўкі ўвесь фестываль занятыя. А вынікам стане паказ зробленага ў межах фестывальнай лабараторыі і далейшая праца над спектаклем, які, магчыма, папоўніць рэпертуар нашага калектыву.
Сцэна са спектакля "Двор майго дзяцінства". Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы
Падобныя “лабараторныя” пастаноўкі з паўнавартасным працягам і ўключэннем спектакля ў афішу сталі яшчэ адной добрай традыцыяй форуму. Летась на ім ажыццяўляліся адразу дзве эскізныя працы — і абедзве перараслі ў далейшае супрацоўніцтва. “Гульцы” Данііла Сухава па аднайменнай п’есе Гогаля мелі прэм’еру яшчэ ў канцы сезона і ўключаны ў праграму “М.@rt.кантакта-2025”. Яшчэ адзін рэжысёр леташняй лабараторыі — Уладзімір Чухланцаў — ажыццявіў камедыю “Цуд святога Антонія” Метэрлінка. Атрымалася весела, імкліва, кампактна. Прэм’ера адбылася 7 сакавіка, і адзін з паказаў праходзіць акурат напярэдадні фестывалю, літаральна папярэджвае яго. Гэта сімвалічна, бо дэманструе ролю творчых лабараторый у агульным развіцці фестывальнага тэатральнага руху, а таксама ў творчым супрацоўніцтве нашага тэатра з маладымі рэжысёрамі, пашырэнні творчых даляглядаў нашага тэатра, у назапашванні новага рэпертуару.
Сярод дзевяці беларускіх спектакляў на форуме прадстаўлена не толькі сталіца, але і рэгіёны. Удзельнічаюць два нацыянальныя тэатры. Купалаўскі прывязе пастаноўку Данііла Філіповіча “Двор майго дзяцінства”, створаную пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры. Тэатр імя М. Горкага завітае на форум у пазаконкурснай гасцявой праграме са спектаклем “Фаўст. Здзелка з д’яблам”, што пастаўлены па Гётэ маладым акцёрам і рэжысёрам Дэвідам Разумавым. Ад РТБД — “Заручыны”, дзе галоўны рэжысёр тэатра Святлана Навуменка з’яднала дзве камедыі пачатку ХХ стагоддзя. Двума калектывамі будзе прадстаўлены Гомель: абласны тэатр прадэманструе “Каханне. Каханне? Каханне!” па творах А. Аверчанкі ў версіі нядаўняга выпускніка ГІТІСа Івана Чумачэнкі, а маладзёжны — пушкінскую “Русалку” ў прачытанні Таццяны Самбук з ТЮГа. Нядаўнюю прэм’еру прапануе Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы — “Дастаеўскі. Гулец” маладой маскоўскай каманды. “Гульцоў” Гогаля пакажуць гаспадары. А іх суседзі з Бабруйска — роздум “Нюрнберг. Лава падсудных” выпускніцы нашай Акадэміі мастацтваў Вольгі Барысавец.
Сцэна са спектакля "Фаўст. Здзелка з д’яблам". Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра