Выстава “Спадчыннасць” працуе ў галерэі “Універсітэт культуры” да 15 сакавіка. Экспазіцыя раскрывае 30-гадовы шлях кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
“Спадчыннасць” дэманструе працы студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама выпускнікоў БДУКМ. Прадстаўленыя творы выкананы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, саломапляценне, ткацтва, батык, валянне, выцінанка, разьба па дрэве.
— Спадчыннасць — адзін з галоўных фактараў эвалюцыі, магчымасць забяспечваць трывалую сувязь паміж пакаленнямі. У мастацтве пераемнасць грунтуецца на перадачы ведаў у працэсе навучання, — падкрэсліваюць арганізатары праекта.
Сёння педагогі кафедры выкладаюць 24 акадэмічныя дысцыпліны, кіруюць вучэбнай і вытворчай практыкай, вядуць навукова-даследчую і выхаваўчую работу. Вынік плённай працы — 30 выпускаў дзённай і 27 завочнай формаў навучання, мноства стыпендыятаў спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ