Працягваем адкрываць таямніцы сям’і першай беларускай фалькларысткі Марыі Чарноўскай. І ў пошуках архіўных цікавостак ізноў выпраўляемся ў культпаход у мінулае.
Працяг. Пачатак у №6, 7, 2025
Памятаеце, у папярэдніх серыях мы перасцераглі: гэта аповесць пішацца ў рэжыме рэальнага часу? Так яно і ёсць. Пакуль вярсталася другая частка, удалося зробіць два важныя адкрыцці. Адно больш поўна раскрывае віленскую гісторыю Чарноўскіх. Другое паказвае іх сувязі з родам Лапацінскіх у новым святле. З гэтага і пачнём.
Лапацінскія — адзін з самых старых беларускіх родаў. Сваім пачынальнікам яны бачылі Вільгельма, які загінуў на Грунвальдскім полі ў 1410-м, баронячы караля Ягайлу ад крыжакоў. Хаця гэты прыгожы пачатак роду можна аднесці да “легенд і паданняў”. Але пачынаючы з яго ўнука Юзафа, які заснаваў у Мсціслаўскім ваяводстве маёнтак Лапацін і першы пачаў пісацца “з Лапаціна, Лапацінскі”, радавод іх вядомы дакладна. Ад самых першых крокаў па мсціслаўскай зямлі Лапацінскія бесперапынна былі мясцовымі ўраднікамі — ротмістр, стараста гродскі, падсудак і г.д. Іван (Ян Тамаш), ротмістр мсціслаўскі, што жыў у 1590—1653-х, меў шмат сыноў. Адзін з іх, Лукаш, таксама пераняў тытул ротмістра ад бацькі, меў сына Лявона, мечніка, мастаўнічага мсціслаўскага (1663—1732). Яго жонка, Рэгіна Свяціцкая, была дачкой стражніка мсціслаўскага Яна, які быў жанаты з Ганнай Панятоўскай герба Цёлак. Тут варта нагадаць, што Міхал Чарноўскі (нар. 1699), дзед нашай Марыі, таксама быў жанаты са Свяціцкай (Тарэзай). Дзеці Міхала атрымалі крыху пазней мсціслаўскія ўрады, Габрыэль — ротмістра, затым мечніка, а Юзаф, бацька Марыі, — лоўчага. Супадзенні цікавыя, калі не казаць яскравыя.
Віленская кафедра. Аляксандр Садоўнікаў, Ісідор Ларан Дэруа, 1847
Лявон Лапацінскі нарадзіў некалькі сыноў — Мікалай Тадэвуш (спярша крайчы, потым падчашы мсціслаўскі, напрыканцы ваявода берасцейскі), Ян Дамінік (біскуп жамойцкі, сенатар), Ігнат Блажэй (пісар скарбу ВКЛ, пісаў яшчэ вершы і камедыі) і іншыя. Маем здагадку, кожны з іх быў добра вядомы бацьку Марыі Чарноўскай і аказаў пэўны ўплыў на яго жыццё. Бо сын Мікалая Юзаф Лапацінскі (1751—1803), біскуп жамойцкі (другі), з’яўляўся працадаўцам Юзафа Чарноўскага, і ў яго маёнтку Кайраны некаторы час жыла сям’я Марыі. Мікалай яшчэ вядомы тым, што ў Вільні, непадалёку ад замкавай гары, на землях каталіцкай капітулы набыў у 1762-м згарэлы палацык, аднавіў яго з дапамогай заснавальніка віленскага барока Яна Глаўбіца. Пабудова захавалася і вядомая як Палац Лапацінскіх (Алізараў). Набыццё, пэўна, не абышлося без дапамогі брата Яна Дамініка, які меў вагу ў каталіцкай царкве ВКЛ. Што цікава, па суседстве з палацам, таксама на касцельнай зямлі, набыў сабе камяніцу і Юзаф Чарноўскі. Мяркуем, з дапамогай патрона і не выпадкова па суседстве.
Другі сын Мікалая Тамаш Ігнат (1753—1827) меў сына Юзафа. Яго жонка трымала ў Кайранах і Вільні салоны, дзе сустракалася творчая эліта Вялікалітвы. Іх унук, Яўзебі, архівіст да мозга касцей, стаў буйным даследчыкам гісторыі мастацтва Вялікага Княства Літоўскага і першым, хто паставіў міцкевічазнаўства на шырокія архіўныя рэйкі. Трэці сын Ян Нікадэм быў жанаты двойчы. Першы раз з Аленай Агінскай (дачкой Юзафа), другі — з Юзэфай, сястрой знакамітага Міхала Клеафаса Агінскага. Дарэчы, пару тыдняў таму даследчыкі знайшлі яшчэ адну метрыку хросту Міхала, якая “састарыла” кампазітара на год.
Сямейнае пахаванне Чарноўскіх на Росах. Фота з архіва аўтара, 2025
Карацей кажучы, ёсць падставы меркаваць, што Лапацінскія і Чарноўскія даводзіліся сваякамі і таварышавалі доўгі час. Дзе шукаць пацвярджэнні? Сляды вядуць у архіў Лапацінскіх, што захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.
Другім нашым адкрыццём стала знаходка віленскага Дома Свяціцкіх, у якім прайшло жыццё Марыі і яе братоў. Стаіць ён і па сёння ў самым цэнтры Старой Вільні, пад замкавай гарой, на вуліцы Барбары Радзівіл. Раней месца называлася “Каралеўскі Млын”. Хаця сёння тут і намёку на яго няма, жорны калісьці круціліся акурат насупраць камяніцы Чарноўскіх.
Як сведчаць “Акты издаваемые виленскою комиссиею для разбора древних актов. Том ХХ. Акты касающиеся города Вильны” (Вільня, 1893), млын тут быў пастаўлены невыпадкова. Каля 1500-га віленскія бернардыны звярнуліся да манарха з просьбай закрыць млын (стаяў на другім канцы горада), бо ад вібрацыі руйнуюцца бернардынскія муры, а пляц аддаць манахам. Віленскі гараднічы Ульрых Гозі, якога вялікі князь Жыгімонт шанаваў за шчырасць і непадкупнасць, перанёс жорны пад замкавую гару. Магчыма, таму тут і з’явіўся канал, куды накіравалі воды Вілейкі (Вільні). Яны зліліся з патокамі Вяллі (Віліі) і склалі абарончы пас вакол замкавай гары. Гозі млын узвёў, 1/3 прыбытку пачаў браць сабе, а бернардынам, на зямлі якіх ён знаходзіўся, не плаціў. За што ў 1525-м быў прылюдна аддадзены анафеме.
Сотні гадоў круціла вада жорны, камяніцы па вуліцы Каралеўскі Млын мянялі сваіх жыхароў. І вось надышоў 1787-ы. Юзаф Чарноўскі набывае ў капітулы старую камяніцу (вядомая з 1667-га). Тры гады вядзецца яе рэканструкцыя, падчас якой двухпавярховы будынак аднавілі. А падвалы і частка барочных муроў у ім захаваліся. Пазней, калі ў доме ўжо гаспадарылі браты Марыі, адбылася другая рэканструкцыя (1837) — дом стаў трохпавярховым. Мае ўнутраны двор, дзе захаваліся на другім і трэцім паверхах класічныя драўляныя галерэі. А цяпер уявіце на іх Чарноўскіх, якія выйшлі палюбавацца вечаровым горадам, іх сяброў (пэўна цвет інтэлігенцыі) і шумлівых студэнтаў віленскага ўніверсітэта, якім здаваліся кватэры. Дарэчы, не толькі ім, але і, магчыма, выкладчыкам. Мо і самому прафесару Яхіму Лялевелю, які добра ведаў сям’ю Чарноўскіх (маем два лісты братоў Марыі, адрасаваныя яму як сябру). Уявілі? Шкада, мы не маем ні старых малюнкаў ні здымкаў гаспадароў, каб ажывіць двор з дапамогай нейрасетак. Але будзем шукаць.
Між іншым, дамысліць, як выглядаў той будынак, можна глянуўшы на суседні, пад нумарам тры. Гэта камяніца памятная тым, што ў ёй жыў і памёр у 1862-м наш знакаміты паэт Уладзіслаў Сыракомля. Тут за некалькі месяцаў да скону ён пісаў некралог свайго сябра мастака Вінцэнта Дмахоўскага, па якім білі званы капліцы на Росах. Несумненна, што і браты, і сама Марыя выдатна ведалі паэта. І што Марыя, як і ўся Вільня, правялі “першага паэта ў Літве пасля Міцкевіча” ў апошні шлях на “літаратурны пагорак” на Росах.
Дом Сыракомлі пры каралеўскім млыне (на малюнку з левага боку) у Вільні. Альфрэд Рураўскі, 1872
Дзякуючы такой, хоць і сумнай, вядомасці трапілі гэтыя дамы і млын на малюнкі мастакоў ХІХ стагоддзя. Сярод іншага і акварэлька Напалеона Орды, дзень народзінаў якога мы адзначым 23 лютага.
Дадаўшы да віленскіх беларускіх адрасоў яшчэ адзін, смела, пад шум і вібрацыю фантомнага каралеўскага млына, рушым далей.
Станіслаў Мараўскі — былы філамат, віленскі доктар, чалавек з выдатным пачуццём гумару (часам з’едлівага) — быў аўтарам некалькі тамоў выдатных успамінаў. У адным з іх некалькі старонак адведзена сям’і Чарноўскіх. З нейкай прычыны Мараўскі ў дачыненні да іх “перачарніў” з фарбамі. Таму апісанне выглядае крыху аднабока. Вось толькі вытрымкі з “характарыстык”: “Мела ў Вільні камяніцу блізка ад батанічнага сада старэнькая, нейкая пані Чарноўская. У той камяніцы жылі з ёй чатыры асобы. Трое сыноў і дачка. Адно ў аднаго поўныя арыгіналы”.
Па сведчанні Мараўскага, старэйшы Міхал больш за 20 гадоў вучыўся таямніцам мастацтва (стаў мастаком і мастацтвазнаўцам). Станіслаў столькі ж вучыўся ўсяму, што звязана з медыцынай, і стаў лекарам. Людвік, хоць і вучыўся таму- сяму, вырашыў проста быць “самім сабой”. У маладосці актыўна “тусаваўся”, быў заўсёднікам усіх баляў і рэдутаў (нават пабываў на адным з іх у Менску, дзе трапіў у камічную гісторыю). Пазней, ажаніўшыся, асеў ва ўсходняй Беларусі. Марыя Чарноўская, па словах Мараўскага, таксама была асобай неардынарнай. Але пра яе ён быў сціплы ў адзнаках.
Як ужо згадвалася, бацькі Марыі, браты і іншыя сваякі знайшлі апошні спачын на віленскім некропалі Росы. Могілкі гэтыя вельмі старыя. Але новае жыццё ім было нададзена ў 1801-м. А першым, каго пахавалі на наноў заснаваных кладах, быў дзед жонкі Станіслава Манюшкі Ян Мілер (Мюлер), віленскі бургамістр. Сямейнае пахаванне Чарноўскіх (маці, брат Станіслаў і яго дзеці) знаходзіцца ва ўсходняй частцы. Думаецца, што і Марыя была пахавана разам з імі. Вось толькі яе надмагілле не захавалася. На Росах ёсць могілкі яе сваякоў, але гэта ўжо “іншая гісторыя”.
Працяг будзе.
Газета "Культура" №8 ад 21 лютага 2025 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ