Да Дня Канстытуцыі

Апублiкавана: 15 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, выставы, конкурсы. Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, разгортваюцца па ўсёй краіне: 15 сакавіка мы адзначаем адно з галоўных дзяржаўных свят.

Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прынялі 15 сакавіка 1994 года. З таго часу яна дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996-га, 2004-га і 2022 года. У якасці дзяржаўнага свята дата была вызначана ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1998-м. 

Аб гэтым і не толькі распавядае часовы выставачны праект, які адкрыўся 10 сакавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, расказвае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі, якія імкліва змяняюцца. Акрамя таго, выстава дэманструе арыгінальныя экзэмпляры Асноўнага закона краіны розных гадоў. 

Таксама да Дня Канстытуцыі ва ўсіх кутках краіны праходзяць урачыстыя мерапрыемствы Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, у ходзе якой 14-гадовым прадстаўнікам адоранай моладзі, пераможцам фестываляў і конкурсаў уручаюць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ва ўстановах адукацыі 14 сакавіка адбыўся адзіны ўрок. Мэта — фарміраванне ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі на аснове разумення сутнасці і значэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гатоўнасці свядома і актыўна выконваць грамадзянскія абавязкі, выконваць і паважаць законы сваёй краіны. 

А ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася дыялогавая пляцоўка “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — прававая аснова адзінства і працвітання беларускага народа” і квіз “Галоўны закон краіны”.