Падтрымка нацыянальных брэндаў, прасоўванне мясцовых ініцыятыў, прыцягненне турыстаў — усё гэта пра акцыю “Культурная сталіца Беларусі”. Ганаровае званне надаецца населеным пунктам з багатымі традыцыямі і духоўным патэнцыялам. Сёлета прэстыжны статус атрымаў горад Іванава Брэсцкай вобласці: урачыстасці там адбыліся 22 лютага.
Асяродкам святочных мерапрыемстваў стаў Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый. Шматлікім гасцям была прадстаўлена шырокая экспазіцыя “Культурны код Іванаўшчыны”. Гаспадары паказалі рэканструкцыю побыту ў партызанскім атрадзе і брэнды раёна — мясцовую школу бондарства і мотальскі вясельны каравай. Таксама можна было пазнаёміцца з карцінамі раённага музейнага комплексу імя Напалеона Орды, з мясцовымі традыцыямі і абрадамі ў інсцэніроўках фальклорных і музычных калектываў.
Падчас агляду экспазіцыі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін адзначыў, што кожная вобласць нашай краіны валодае непаўторнымі традыцыямі і важна прыцягнуць да іх увагу — паказаць грамадскасці, што культурнае жыццё багатае не толькі ў Мінску.
— Безумоўна, калі мы кажам “Іванава”, то ўспамінаем, што гэта радзіма Напалеона Орды. Творчую спадчыну, якую ён пакінуў, складана пераацаніць, — сказаў Дзмітрый Шляхцін. — Даўно адным з брэндавых мерапрыемстваў Беларусі стаў фестываль “Мотальскія прысмакі”, і з кожным годам усё больш і больш жадаючых на ім пабываць. Да ўнікальных з’яў рэгіёна можна аднесці мотальскія кажухі і школу бондарства горада Іванава — адзіную ў рэспубліцы. І, вядома ж, самым вялікім здабыткам гэтага краю з’яўляюцца людзі, якія робяць усё для таго, каб падтрымліваць свае культурныя традыцыі, папулярызаваць і прыцягваць да іх моладзь.
Першы намеснік міністра падкрэсліў, што традыцыя жыве тады, калі ёсць пераемнасць пакаленняў. Менавіта традыцыя — тое, што нас адрознівае ад астатніх. І калі мы хочам развівацца і далей адчуваць сябе беларусамі, то павінны ведаць усю традыцыйную культурную разнастайнасць, якая ёсць у краіне.
— Кожны рэгіён, які прымае эстафету культурнай сталіцы, мае сваю непаўторнасць, — адзначыў Дзмітрый Шляхцін. — Такія ёсць і на Іванаўшчыне. Паразмаўляйце з людзьмі — адразу пачуеце асаблівасці нават у гутарцы, словах, якія тут выкарыстоўваюцца. Гэта адна з унікальных рэчаў, якія і даюць уяўленне аб самабытнасці краю.
З нагоды афіцыйнага ўступлення Іванава ў статус культурнай сталіцы Беларусі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне паштовы канверт з арыгінальнай маркай. Ва ўжо традыцыйнай цырымоніі памятнага гашэння прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін, старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк і намеснік гендырэктара РУП “Белпошта” Ірына Конанава.
— Спадзяюся, што ў 2025 годзе галоўным канвертам для паштовых адпраўленняў будзе менавіта канверт, прысвечаны культурнай сталіцы, — сказаў Дзмітрый Шляхцін падчас цырымоніі. На канверце намаляваны герб Іванава на фоне гістарычнага цэнтра горада з яго вядомымі аб’ектамі. На пярэднім плане — памятны знак “Янава слова”, які быў адкрыты ў верасні 2018 года ў гонар XXV Дня беларускага пісьменства. На марцы можна ўбачыць помнік Напалеону Орду і сядзібны дом яго роду ў вёсцы Варацэвічы.
Кульмінацыяй свята стаў яркі канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў Іванаўскага раёна. Па словах рэжысёра народнага тэатра “Золак” Людмілы Каспяровіч, у праграме пастараліся прадставіць усю разнастайнасць талентаў гэтага ўнікальнага кутка Беларусі. Сцэнарый рэжысёр напісала сумесна з начальнікам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянцінай Барадзінчык. Так, мясцовая ўлада тут не толькі кіруе развіццём культурнага жыцця раёна, але і ўдзельнічае ў ім самым непасрэдным чынам.
Годнымі правапераемнікамі музычнай спадчыны Напалеона Орды паказалі сябе заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі”, народны хор “Агні Ясельды”, калектывы Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый, Іванаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў і Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды.
Падчас канцэрта Дзмітрый Шляхцін уручыў старшыні Іванаўскага райвыканкама Анатолю Ткачуку афіцыйны сертыфікат аб прысваенні гораду ганаровага статусу культурнай сталіцы. Ад Міністэрства культуры адной з устаноў раёна перадалі піяніна.
У прывітанні старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка, якое агучыў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, было адзначана, што статус культурнай сталіцы — гэта выдатная магчымасць прыцягнуць увагу турыстаў, паказаць усім жыхарам нашай Радзімы фестывалі і ўнікальныя гістарычныя месцы, прадэманстраваць прыгажосць краю, а таксама ўмацаваць сувязі паміж гарадамі Беларусі.
— Мы хочам, каб нашы суайчыннікі адкрылі для сябе Іванава, адчулі непаўторную атмасферу і гасціннасць гэтага горада і ўсяго Брэсцкага рэгіёна, — пажадаў кіраўнік вобласці.
Гаспадары свята паведамілі, што ў статусе культурнай сталіцы Іванава і Іванаўскі раён сёлета плануюць правесці каля 150 розных мерапрыемстваў. Сярод іх — традыцыйныя фестываль “Мотальскія прысмакі”, фестываль джазавай музыкі, вечары арганнай музыкі. Акрамя таго, у праграму ўключаць шмат новых праектаў.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА