Чароўныя “Сунічкі”

Узорны фальклорны калектыў “Сунічкі” дзейнічае пры Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў з 1996 года, а ў ганаровым статусе “Заслужаны” — з 2013-га. У яго скарбонцы — мноства дыпломаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, іншыя ўзнагароды. Пра творчы шлях і жыццё калектыву расказвае яго кіраўнік Вераніка Хомбак.

— Вераніка Аляксандраўна, як з’явіліся “Сунічкі”? 

— Папулярызацыя народнай культуры — адзін з вядучых прынцыпаў школы ў рабоце з дзецьмі. Такі вектар канчаткова сфарміраваўся ў 1996-м, калі настаўнікі стварылі спецыяльную групу па даследаванні мясцовага фальклору. Паралельна авалодвалі танцавальным, музычным, песенным і вусным матэрыялам. Тады педагог Аксана Шынкарэнка і заснавала “Сунічкі”. Спачатку ў калектыве пераважаў харэаграфічны кірунак, затым творчы спектр значна пашырыўся. 

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны калектыў "Сунічкі" 

Сёння не толькі займаемся танцам, але і выконваем мясцовыя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, іграем на традыцыйных інструментах. Нязменная мэта — вывучэнне ладу жыцця нашых продкаў, нацыянальных звычаяў, у якіх адбіліся найбагацейшы духоўны свет, мудрасць, надзвычайны талент, яркая фантазія і гумар беларускага народа. 

— Калектыў складаецца з выхаванцаў школы? 

— Большасць — сапраўды нашы вучні. У цэлым ён аб’ядноўвае амаль 100 чалавек у пяці ўзроставых групах ад 3-х да 60-ці гадоў. Склад абнаўляецца кожны год, пасля чарговага выпуску. Часта бацькі, якія некалі былі часткай “Сунічак”, прыводзяць да нас сваіх дзяцей. 

— А як выглядае адукацыйны працэс? 

— Заняткі ўключаюць спевы, ігру на гармоніку, цымбалах, скрыпцы, дудзе, барабане, трашчотках, бубне, лыжках, свістульках. Выхаванцы вучацца слухаць, успрымаць традыцыйную музыку, а таксама выконваць яе ў асаблівай старадаўняй манеры, знаёмяцца з жанравым багаццем фальклору. Што да харэаграфіі, заахвочваем імправізацыю і наватарскі падыход. Дзеці з задавальненнем засвойваюць бытавыя танцы “Базар”, “Каханачка”, “Падэспань”, “Картузэ”, “Ойра”, “Полька”. Вялікае значэнне надаецца вуснай творчасці, дэкаратыўнапрыкладному мастацтву і гісторыі. Знаёмім дзяцей з такімі народнымі гульнямі, як “Грушка”, “Дрома”, “Шастак”, “Рагач”, “Мельнік”, “Паясок”.

 Вераніка Хомбак

— А якія традыцыйныя святы і абрады асабліва любяць ладзіць у “Сунічках”? 

— Малодшая група захапляецца Масленіцай і Вялікаднем, старэйшая — “Жаніцьбай Цярэшкі”. Папулярнасцю карыстаюцца Каляды, Грамніцы, Дажынкі. Актыўна ў гэтых мерапрыемствах удзельнічаюць бацькі. Яны з радасцю спяваюць разам з намі, а самае галоўнае — бачаць, як іх дзеці рэалізуюць творчы патэнцыял. 

— У чым, на ваш погляд, заключаецца ўнікальнасць “Сунічак”? 

— У засваенні рэпертуару праз вуснае перайманне, што рэалізуецца падчас фальклорных экспедыцый. Вялікую дапамогу ў гэтым нам аказалі носьбіты аўтэнтычнай культуры Галіна Фокіна, Галіна Тухта, Зінаіда Кулеш — жыхаркі аграгарадка Стаі ў Лепельскім раёне, якія нарадзіліся ў 1920—1930 гадах. Касцюмы ўдзельнікаў таксама пашыты з улікам мясцовых традыцый і ўпрыгожаны рукамі дзяцей. 

— А як можна вызначыць місію “Сунічак”? 

— Важна, каб маладое пакаленне паважала і аберагала бясцэнную нацыянальную спадчыну. Спазнаючы сваю Радзіму, чалавек адчувае дачыненне да лёсу краіны, яе мінулага, сучаснасці і будучыні. Дзякуючы дзейнасці ансамбля мноства хлапчукоў і дзяўчынак выраслі ў асяроддзі духоўных і маральных традыцый народнай культуры. 

— Што наконт ацэнкі дзейнасці калектыву “звонку”? 

— Самыя каштоўныя сярод узнагарод ансамбля — гранд-прэмія Прэзідэнцкага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, дыплом Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА “За значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі” і іншыя. Важнымі дасягненнямі з’яўляюцца званне “Заслужаны” і асабістыя творчыя перамогі нашых выхаванцаў. Заахвочванні Прэзідэнцкага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, да прыкладу, прысуджаліся Ганне Шыдлоўскай, Дар’і Жарнасек і Яўгену Сільвановічу. Акрамя таго, ансамбль паўдзельнічаў у здымках праграмы “Наперад у мінулае” тэлеканала “Беларусь 3”.

 Малодшая група (дзяўчаты)

— На якіх пляцоўках можна сустрэць “Сунічкі” сёння? 

— Сцэнічная дзейнасць вельмі разнастайная. Актыўна ўдзельнічаем у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах. Найбольш значныя — фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, “Берагіня”, “Дажынкі”, “Браслаўскія зарніцы”, “Залатая пчолка”, “Беларуская полька”, конкурсы “Мяцеліца”, “Ад прашчураў — да зор”. Не прапускаем святкаванне важных для нашай краіны падзей. Выступалі, да прыкладу, на канцэрце ў гонар 85-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці, гала-канцэрце ў рамках рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”. Супрацоўнічаем таксама з абласным навукова-метадычным цэнтрам народнай творчасці, праводзім раённыя, абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя майстар-класы і семінары. 

Малодшая група (хлопцы)

— Акрэсліце задачу ансамбля на бліжэйшую будучыню? 

— Працягваць працаваць у традыцыйным напрамку і дасягаць новых вышынь! 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва калектыву