Юрый Боўда — ганаровы грамадзянін Бабруйскага раёна. Народны майстар Рэспублікі Беларусь, майстар народных мастацкіх рамёстваў Цэнтра рамёстваў п. Глуша атрымаў гэтае пачэснае званне 4 лютага за высокія дасягненні ў грамадска-культурнай дзейнасці.
Юрый Іванавіч не толькі таленавіты майстар, які ўжо больш за паўстагоддзя стварае з гліны сапраўдныя шэдэўры. З яго ініцыятывы на Бабруйшчыне распачаўся рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы. Ён валодае старажытным мастацтвам вырабу чорназадымленай і абварной керамікі, і гэтая тэхналогія ў 2010-м была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Працуе ўмелец на ганчарным крузе. Кажа: гэта займае ўдвая больш часу, чым тое ж самае зрабіў бы рукамі, але вынік атрымліваецца сапраўды традыцыйны. Вырабляе збаны і глякі, слоікі і гарлачы, макацёры і кубкі, асаблівыя свістулькі, а таксама пано, свяцільні, падлогавыя вазы і нават фантаны. Па памерах усё рознае: ад маленечкіх да двух метраў у дыяметры. І выгляд непаўторны: вылучаюцца своеасаблівымі прапорцыямі і спецыфічнай канструкцыяй накрывак і ручак, спалучэннем бескаляровай палівы з багатым каларытам чырвонай гліны. Для гэтых вырабаў характэрна чысціня колеру, лаканічнасць пластыкі і дэкору, што падкрэслівае прыродную прыгажосць матэрыялу. У аснове нараджэння эксклюзіваў Юрыя Іванавіча — сакрэты найстаражытнейшых прыёмаў апрацоўкі гліны.
У скарбонцы поспехаў майстра — мноства дасягненняў. З цеплынёй ён успамінае аб першай буйной узнагародзе — за перамогу ў I Рэспубліканскім свяце “Ганчарны круг — 1996” — і аб гран-пры на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў 1998-м, дзе быў кіраўніком праекта ганчарнага мастацтва “Гліна, агонь і майстры”. Значным стаў і 2002 год, які прынёс перамогу ў намінацыі “За вернасць рамяству” ў І Міжнародным фестывалі ганчароў у расійскім Скапіне, а ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава адбылася персанальная выстава яго творчых работ. У 2005-м Юрый Боўда быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць” — і гэта нагода для асаблівага гонару.
Назаўжды запомнілася Юрыю Іванавічу паездка ў 2007-м у Баліварыянскую Рэспубліку Венесуэла ў складзе беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, дзе разам з іншымі майстрамі ганчар прадстаўляў традыцыйнае мастацтва нашай краіны. За шматгадовую плённую працу і прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры ў 2017-м узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Усяго ж у вядомага кераміста каля 140 грамат і дыпломаў.
Работы Юрыя Боўды ўпрыгожваюць залы Музея этнаграфіі ў Магілёве, Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, некалькіх музеяў Бабруйшчыны і многіх іншых устаноў культуры. Яго вырабы з задавальненнем набываюць аматары беларускай народнай творчасці, у тым ліку замежныя.
— Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Цітоўка, — расказвае Юрый Іванавіч.— Сям’я ў нас была шматдзетная, я старэйшы. Скончыў 8 класаў, навучанне працягнуў у вячэрняй школе: трэба было зарабляць. Праходзіў камісію для працаўладкавання аўтаслесарам, калі на вочы трапілася аб’ява аб наборы вучняў фармоўшчыкаў ганчарнага посуду. Зацікавіла. Паспрабаваў і... спалохаўся: сам у гліне з ног да галавы, а нічога талковага не выходзіць. Так што адносіны з ганчарствам не адразу склаліся.
За мной замацавалі настаўніка Міхаіла Ламаку. Ён вучыў: “Глядзі, спрабуй, пытайся”. Мудрая парада! Паступова, дзень за днём, я паглыбляўся ў рамяство. І прыкіпеў да яго душой. Стаў перадавіком вытворчасці, выконваў план на 240%, двухлітровы гарлач для малака выкручваў на станку за 58 секунд.
Пасля службы ў арміі Юрый працаваў па спецыяльнасці ў Бабруйскім райпрамкамбінаце, стаў пераможцам сацспаборніцтва 1976 года, атрымаў нагрудны знак “Ударнік камуністычнай працы”, а фатаграфію размясцілі на раённай Дошцы гонару. Падчас работы ў Бабруйскім мастацкім ГПТВ №15 (цяпер Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я. Ларына) завочна скончыў Віцебскі педінстытут імя С.М. Кірава (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава) з дыпломам настаўніка малявання і чарчэння. Потым стаў мастаком-афарміцелем цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна. Там адкрыў мастацкую майстэрню, сабраў рамеснікаў-аднадумцаў. Займаліся афармленнем устаноў культуры “пад ключ”: у працэс далучаліся керамісты, разьбяры па дрэве, апрацоўшчыкі металу, мастакі — і інтэр’ер набываў індывідуальнасць. Слава аб майстрах хутка разляцелася па краіне, працы было шмат.
— Кажуць, гліна гаючая. Але не калі яе перапрацоўваеш па 200 кілаграмаў у дзень — рукі баляць... — заўважае суразмоўца. — Затое ёсць чым ганарыцца!
Дзякуючы Юрыю Боўду было арганізавана аматарскае аб’яднанне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Стары майстар”, якое атрымала званне народнага. Веды дасведчанага ўмельца спатрэбіліся ў Цэнтры рамёстваў, які адкрыўся ў п. Глуша. Юрый Іванавіч па-ранейшаму навучае ганчарнаму мастацтву дзяцей і моладзь, выхаваў шмат годных паслядоўнікаў.
— Мая справа важная, — упэўнены майстар. — Толькі пастаянны зварот да сваёй гісторыі і традыцый дапаможа нам, беларусам, ніколі не страціць сваю ідэнтычнасць.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з асабістага архіва героя