Тэатр жыве і будзе жыць

Апублiкавана: 11 сакавiка 2025 Стужка Тэатры Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы апошнім часам літаральна закідвае СМІ інфармацыйнымі нагодамі — тымі ж юбілеямі артыстаў, рэжысёраў розных пакаленняў: за 105 гадоў іх назбіралася багата. У адным толькі лютым у калектыве — некалькі значных дат. Пра гэта і многае іншае гутарым з мастацкім кіраўніком тэатра, заслужанай артысткай Беларусі Вольгай Няфёдавай.

— Вольга Валянцінаўна, вы ўзначальваеце Купалаўскі тры з паловай гады. Якія поспехі калектыву за гэты час вам уяўляюцца найбольш значнымі? 

— Пытанне дзіўнае, нават крыху недарэчнае, улічваючы, што ў 2020-м здарыўся сыход усёй трупы — засталіся старыя, я адна сярэдняга пакалення і адзін малады артыст, — рэпертуару не было. Таму самая значная падзея — што я сабрала трупу, зрабіла рэпертуар, што тэатр жывы і будзе жыць. 

— Я была ўпэўнена, што ў адказ на гэтае пытанне вы пачняце пералічваць шматлікія гастролі калектыву, заключаныя дамовы з расійскімі тэатрамі, згадаеце нядаўнюю перамогу на ІХ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, дзе “Пісаравы імяніны” ў пастаноўцы Паўла Марыніча з Пінска былі прызнаны “Найлепшым спектаклем”. А як назапашваецца рэпертуар, што вы найперш улічваеце, калі спыняеце ўвагу на тым ці іншым найменні? 

— Літаратурнай часткі — такой, як яна мае быць, — у нас пакуль няма. Трупа і ўвесь творчы склад па-ранейшаму на стадыі станаўлення, бо тэатр як мастацкі калектыў заўжды фарміруецца вельмі доўга. Таму шукаю рэпертуар сама: шмат чытаю, пералапачваю многа самай рознай драматургіі — і вельмі хутка. Так навучыла чытаць мяне мая бабуля — настаўніца малодшых класаў, калі мне было ўсяго чатыры гады; з таго ж узросту я займалася і англійскай мовай. Найперш звяртаю ўвагу на актуальнасць таго ці іншага твора. Вядома, даводзіцца ўлічваць і тое, ці асіліць наш калектыў гэты матэрыял. Але каб прыняць да пастаноўкі, збіраецца мастацкі савет.

Сапраўдны акцёр не той, хто бяздумна вымаўляе кімсьці напісаныя словы, а разумны, удумлівы чалавек, які ўцямлівае, дзеля чаго ён выходзіць на сцэну.

— Можа, крыху прыадкрыеце завесу, чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? 

— Спадзяюся, адбудзецца прэм’ера “Брамы неўміручасці” Кандрата Крапівы, потым паставім твор яшчэ аднаго беларускага драматурга і, пэўна, п’есу з амерыканскай класікі — называць пакуль не буду. 

— Тэатр — гэта не толькі будынак і рэпертуар, гэта найперш асобы... 

— Сапраўды так. Я з гонарам называю такія імёны, як Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў, Тамара Міронава — гэта напраўду Акцёры з вялікай літары. І калі першых дваіх мы рэдка бачым на сцэне з-за ўзросту — не думаю, што хтосьці з нас зможа пахваліцца бадзёрасцю і паўнатой сіл у амаль 90 гадоў, — дык Тамара Васільеўна выпраменьвае аптымізм, шалёную энергетыку. Быць з ёй на сцэне — вялікае шчасце. Дарэчы, Аўсяннікаў і Міронава спраўляюць у лютым юбілеі — я зычу ім здароўя і радасці. 

— У вас таксама юбілей! Чаго пажадалі б самой сабе? 

— Не буду ў гэтым арыгінальнай: таксама здароўя. І стальных нерваў. 

— Вы прыйшлі ў Купалаўскі адразу па заканчэнні Акадэміі мастацтваў. Але паралельна ў вашым творчым жыцці ёсць кіно, радыё, тэлебачанне. Прычым вельмі паспяхова, пра што сведчаць дзве вышэйшыя ўзнагароды — “Тэлевяршыні”. Як хапае на ўсё сіл і часу? 

— Вы пералічылі адгалінаванні маёй прафесіі, хаця паўсюль — свая спецыфіка. Сапраўдны акцёр не той, хто бяздумна вымаўляе кімсьці напісаныя словы, а разумны, удумлівы чалавек, які ўцямлівае, дзеля чаго ён выходзіць на сцэну, і не важна, у галоўнай ці эпізадычнай ролі. Але самае складанае — радыё. Там ты не можаш уздзейнічаць на слухача сваёй знешнасцю, нейкімі пластычнымі прыёмамі — ёсць толькі твае розум, голас, пачуццё гумару, фантазія. Вельмі моцны штуршок да ўласнага развіцця! Калісьці я прыйшла на радыё, каб сябе забяспечваць, а потым уцягнулася. Што ні кажыце, а 20 гадоў у FM-дыяпазоне — вялікі тэрмін. Так што сіл — хапае. Часу — не. Асабліва з гадамі, калі ён ляціць усё хутчэй. 

— У дзяцінстве марылі пра тэатр? 

— Не. Я была адзіным дзіцем у маладой сям’і “тэхнароў”інжынераў: маці — хімік, бацька — меліяратар. Ніхто нада мной не тросся, як вымпел не перадаваў, занадта не песціў, як часам бывае ў падобных сем’ях. Наадварот, я павінна была сама вучыцца ўзаемадзейнічаць з соцыумам, самастойна адказваць за свае ўчынкі, бо расла шкадлівай, а зваліць на кагосьці віну было папросту немагчыма. Фантазіравала, прыдумляла сабе заняткі, бо дарослыя ўвесь час працавалі. Сваякоў у вёсцы не было, і ўлетку я па тры змены праводзіла ў піянерскіх лагерах: заводзіла безліч сяброў, ва ўсім выступала завадатаркай. З ранняга маленства, як сябе памятаю, была ўпэўнена, што стану ўрачом. Хаця цяпер разумею, што для такой прафесіі я надта імпульсіўная, успрымальная, — не змагла б. А ў 14 гадоў як нейкае азарэнне прыйшло — вырашыла быць артысткай. 

— Вам часта даводзіцца іграць моцных жанчын, пра якіх часам гавораць “бой-баба”. А якая вы ў жыцці? Што хацелі б сыграць? 

— Мне вельмі не падабаецца гэты выраз. І яшчэ больш не падабаецца, калі так гавораць пра мяне, — дурны стэрэатып. Бо насамрэч я пяшчотная, ранімая, спакойная, добрая. Калі ж надыходзіць час браць адказнасць (не толькі ў тэатры, а ўвогуле ў жыцці), калі разумееш, што ніхто апроч цябе гэтага не здзейсніць, дык даводзіцца станавіцца цвёрдай, дысцыплінаванай. А наконт сыграць — хацела б больш здымацца ў кіно, ды апошнім часам не клічуць. На фоне 150 сыграных роляў — сум па здымках з якім-небудзь класным рэжысёрам. Але веру: усё яшчэ наперадзе! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА