Адказная справа

Яўген Гірылюк — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Высокую ўзнагароду маладому баяністу прынёс X Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча. Дыплом І ступені юнак атрымаў летась. Пра творчыя планы, важнасць дысцыпліны і формулу поспеху разважае наш герой.

— З чаго вы пачалі шлях у прафесію? 

— Канкрэтны момант, калі зарадзілася цікавасць да музыкі, памятаю цьмяна… Агульная карціна складаецца з асобных невялікіх фактаў. Так, па расказах мамы, я з дзяцінства любіў пастукаць на каструлях. А аднойчы знайшоў дома мех ці то ад акардэона, ці то ад гармоніка. Часта браў яго і напяваў нешта сам сабе пад нос. Мае бацькі — педагогі па баяне — прыкмецілі творчую схільнасць і адвялі ў музычную школу, дзе адвучыўся дзевяць гадоў. Выбар інструмента, як можна здагадацца, не быў складаным... Але спярша да заняткаў ставіўся несур’ёзна: прывабней выглядаў футбол з сябрамі пасля ўрокаў. Калі б не блізкія, якія заклікалі да дысцыпліны, наўрад ці нечага дасягнуў. 

— Дзе працягнулі ўдасканальвацца? 

— У дзявятым класе сур’ёзна задумаўся аб прафесіі гукарэжысёра. Разглядаў розныя ўстановы адукацыі, але ўсюды патрабавалася сярэдняя адукацыя. Таму вырашыў паступаць на аддзяленне народных інструментаў у Брэсцкі музычны каледж імя Р. Шырмы. Тут упершыню ўзяў у рукі пяцірадковы баян, пачаў асвойваць акардэон, фартэпіяна, басгітару, электрагітару... Такая разнастайнасць — несумненны плюс для любога выканаўцы. Да таго ж пазнаёміўся з мноствам цікавых творчых асоб. 

— Тут і з’явіўся імпульс да конкурснай дзейнасці? 

— Сцэна — неад’емная частка майго жыцця са школы. У гэтым можна пераканацца, калі зірнуць у папку, дзе беражліва захоўваюцца ўсе граматы і дыпломы — ад самых першых да нядаўніх. Сапраўдная калекцыя! Але каледж прынёс дасягненні іншага ўзроўню. Да прыкладу, дыплом І ступені ў ІІІ Адкрытым конкурсе факультэта народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 

— А затым — паспяховае выступленне на X Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча... 

— Насамрэч я ўжо ўдзельнічаў у гэтым спаборніцтве ў 2021-м. Заваяваў тады дыплом І ступені на абласным туры. Паспрабаваць сілы зноў падштурхнулі асаблівая творчая атмасфера, жаданне пазнаць нешта новае і падняцца на ўзровень вышэй. Хаця прайсці адборачны этап — ужо доказ, што ты чагосьці варты. 

— Другі раз выходзілі на сцэну з лёгкай душой? 

— Няпроста паўставаць перад журы з усведамленнем, што нават невялікая памылка можа перакрэсліць дасягнутае. Таму, нягледзячы на набыты досвед, нерваваўся ў кожным туры. Усяго іх было тры. Першы праходзіў у сценах каледжа, астатнія — у Лідзе. Каб навучыцца спраўляцца з хваляваннем, удзельнічаў у разнастайных канцэртах, шмат рэпеціраваў. Хацелася найлепшым чынам праявіць сябе сярод моцных супернікаў. Да таго ж не пакідала пачуццё адказнасці перад людзьмі, што прыклалі каласальныя намаганні дзеля майго станаўлення… 

Пасля ўзнагароджання некалькі дзён адчуваў сябе дзіўна. Пракручваў у галаве думкі накшталт “магло быць і лепш”, “вось у гэтым моманце не даціснуў”. Складана “па гарачых слядах” ацаніць выступленне цвяроза. І цяпер уражвае, што дасягнуў такой высокай планкі! 

— З якой праграмай выступалі? 

— Яна атрымалася дастаткова складанай і разнапланавай. Усе творы напісаны ў розныя эпохі, некаторыя кардынальна адрозніваюцца па стылі. Не буду спыняцца на кожнай кампазіцыі, але адзначу, што іх агульная працягласць складае каля гадзіны. 

— Апроч грамат ды дыпломаў, што яшчэ прыносіць конкурсная дзейнасць маладым выканаўцам? 

— Спаборніцтвы — вялікая частка адукацыйнага працэсу. Заняткі ў спакойнай, размеранай абстаноўцы класа ці дома не супастаўныя з выхадам на сцэну, калі на цябе накіраваны дзясяткі вачэй вопытных музыкантаў і педагогаў. Але кожны раз спраўляцца з хваляваннем прасцей, таму адчуваеш сябе ўсё больш упэўнена і выкладаешся на максімум. 

— А хто дапамог вам у развіцці творчых здольнасцей? 

— Усе людзі, што былі побач у розныя перыяды жыцця, навучылі нечаму важнаму. Асабліва ўдзячны настаўніцы музычнай школы Надзеі Мікалаеўне Насовай. Яна дапамагла сфарміраваць неабходныя базавыя навыкі, паказала каштоўныя прыёмы ігры, дзякуючы чаму я дасягнуў дастаткова высокага ўзроўню выканання. 

Што да каледжа, пашчасціла сустрэць Аляксея Аляксеевіча Міхайлоўскага, якога мала назваць проста выкладчыкам. Менавіта пад яго кіраўніцтвам я пачаў разумець, адчуваць музыку і задуму аўтара, паглыбляцца ў твор. Велізарная ў маім станаўленні і роля бацькоў, якія вучылі працаваць старанна. 

— Летась вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як сустрэлі такую навіну? 

— Прысуджэнне прэміі — знакавы этап у жыцці. Несці пачэснае званне лаўрэата спецфонду — справа па-сапраўднаму адказная. 

— Што ў бліжэйшых планах? 

— Паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. А далей — убачым! 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва героя