Слава і гонар сталічнай зямлі

У Беларусі вядзецца актыўная работа па аднаўленні, зберажэнні і папулярызацыі нацыянальнай спадчыны. Распрацоўваюцца комплексы мерапрыемстваў для падтрымання належнага тэхнічнага стану гісторыка-культурных помнікаў, прыстасавання іх пад сучасныя задачы, уключэння ў турыстычны і культурны абарот. І, вядома, узводзяцца новыя аб’екты. Да прыкладу, у сталіцы…

ЗГОДНА З УКАЗАМ 

Кіраўнік дзяржавы 5 лютага падпісаў указ №50, якім прадугледжваецца будаўніцтва ў 2025—2027 гадах у Мінску Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, парку Народнага адзінства і стварэнне пастаяннай экспазіцыі. Аб’екту нададзены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, удзел у якой возьмуць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 6 лютага дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, новы музей праектуецца ў выглядзе карты Беларусі. Яго плошча складзе каля 20 тысяч квадратных метраў. У экспазіцыі плануецца адлюстраваць усе этапы гісторыі краіны. Наведвальнікі змогуць скарыстацца QR-кодамі, больш падрабязна пазнаёміцца з інтэрактыўнымі элементамі — будуць выкарыстаныя ўсе сучасныя тэхналогіі. 

МУЗЕЙ НА МЕНЦЫ 

Сярод задумак, аб якіх распавёў Вадзім Лакіза, і распрацаваная папярэдняя архітэктурна-планіровачная канцэпцыя археалагічнага музея пад адкрытым небам, які можа быць створаны ў Гарадзішчы на рацэ Менцы. Даследаванне гэтага археалагічнага комплексу — найбуйнейшы нацыянальны праект у рамках зацверджанай урадам канцэпцыі фарміравання найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў на 2023—2030 гады. Летась тут пад кіраўніцтвам навукоўцаў папрацавалі на практыцы паўтысячы студэнтаў-валанцёраў з сямнаццаці ВНУ. 

Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне

У выніку раскопак упершыню даказана існаванне абарончай сцяны старажытнага горада X—XI стагоддзяў вышынёй 5—6 метраў з дубовымі канструкцыямі, якія знаходзяцца ў арганізацыі, што займаецца іх кансервацыяй. Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук ствараецца лабараторыя па кансервацыі і рэстаўрацыі археалагічных і гісторыка-культурных прадметаў, куды могуць звяртацца музеі, каб атрымаць кансультацыю і правесці рэстаўрацыю вырабаў з жалеза і каляровых металаў. 

НОВАЕ ЖЫЦЦЁ ПОМНІКАЎ 

Агулам у сталіцы праводзіліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 104 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, з гэтага ліку на 90 яны завершаныя. Аб гэтым распавяла начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Наталля Вярэніч. Таксама існуе план па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны з пакрокавымі дзеяннямі па кожным аб’екце, які не выкарыстоўваецца. У спіс уваходзяць сядзібна-паркавы комплекс у Лошыцы, архітэктурны комплекс “Замак Пішчалы”, комплекс будынкаў чыгуначнай бальніцы з воданапорнай вежай па вуліцы Аўтадораўскай, 3А. 

Рэшткі старажытных пабудоў на гарадзішчы

Каля 90% складае гатоўнасць будынка Белгідрамету па праспекце Незалежнасці, 110, праз пару месяцаў ён будзе ўведзены ў гаспадарчы абарот. Вядуцца работы ў комплексе вытворчых пабудоў на вуліцы Краснай, 23, на Кальварыйскіх могілках і ў гістарычным цэнтры сталіцы — на Ракаўскай, 18. На гэтыя рамонтныя работы затрачаныя як уласныя сродкі ў аб’ёме больш за 6 мільёнаў 749 тысяч рублёў, так і сродкі мясцовага бюджэту — больш за 3,5 мільёнаў і каля 2 мільёнаў 671 тысячы з рэспубліканскага бюджэту. 

АГЛЯДЫ І ЭКСКУРСІІ 

У дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 505 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку два помнікі горадабудаўніцтва, 328 — архітэктуры, 6 — археалогіі, 18 — гісторыі, 31 — мастацтва. Да таго ж 67 рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей і 53 нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці. 

У 2024 годзе пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены частцы будынка па праспекце Незалежнасці, 27А, у межах гістарычнага аб’ёму канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Летась адказнымі за ахову гісторыка-культурнай спадчыны было здзейснена 69 аглядаў аб’ектаў, якія збольшага звязаны з заменай кандыцыянераў, аконных і дзвярных блокаў. Таксама пры кожнай адміністрацыі раёнаў горада Мінска ў аддзеле архітэктуры ёсць схемы і гістарычныя даведкі, паводле якіх мусіць адбывацца ўся замена элементаў аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. 

 Воданапорная вежа на Аўтадораўскай вуліцы

Па даручэнні Мінгарвыканкама супрацоўнікі Музея гісторыі горада Мінска распрацавалі пяць пешаходных экскурсійных маршрутаў па гістарычным цэнтры сталіцы. Гэта “Гісторыя Верхняга горада праз прызму часу” з наведваннем падвалаў былой царквы Святога Духа, “Спадчына старога горада: вуліца Кірылы і Мяфодзія і вуліца Герцэна”, “Спадчына старога горада: плошча Свабоды і вуліца Ракаўская”, “Шлях Перамогі па вуліцах Мінска” і “Старонкі каменнага летапісу Верхняга горада”. 

У СЭРЦЫ КРАІНЫ 

Вялікая праца ў гэтым кірунку вядзецца і ў цэнтральным рэгіёне. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель распавяла, што ў Мінскай вобласці налічваецца 693 гісторыка-культурныя каштоўнасці. Міншчына ганарыцца сваімі аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны, сярод якіх палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, комплекс былога кляштара бернардынцаў у Будславе Мядзельскага раёна, палацава-паркавыя ансамблі ў Станькаве і Прылуках, звязаныя з гісторыяй роду Чапскіх, касцёл святога Юзафа і палацава-паркавы ансамбль у Валожыне, звязаны з родам Тышкевічаў, мемарыяльныя комплексы “Курган Славы” і “Хатынь”. 

За апошнія два гады ў гэты спіс дадалося 11 аб’ектаў, сярод якіх можна адзначыць царкву прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы, царкву Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, царкву ў Васільчыцах Капыльскага раёна, а таксама сядзібу Свентаржэцкіх у Маладзечанскім раёне і сядзібны дом Макавых у Мар’інай Горцы. Сёння ў вобласці падрыхтаваны ўжо 141 праект зон аховы, у тым ліку 36 праектаў летась. У план на 2022—2025 гады па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Міншчыны трапіла 56 аб’ектаў. 

Летась у гаспадарчы абарот уведзеная ешыва ў Валожыне, сёння ў адрэстаўраваным будынку знаходзіцца музейная экспазіцыя. У цэлым за 2024 год на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны вобласці ўкладзена каля 17 мільёнаў рублёў. Таксама ўведзены ў турыстычнае абарачэнне ансамбль былой сядзібы XIX стагоддзя графаў фон Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, а фрагменты комплексу былой сядзібы ў аграгарадку Туча Клецкага раёна ўключаныя ў турыстычны маршрут “Па слядах гісторыі Клеччыны”. 

СКАРБЫ МІНШЧЫНЫ 

У вобласці 19 супрацоўнікаў музеяў атэставаныя і працуюць па 15 маршрутах. Папулярызуюцца брэндавыя мерапрыемствы і звычаі, сярод якіх абрад пераносу Міхайлаўскай свячы ў Барысаўскім раёне, абрадавая гульня “Цягнуць Каляду на дуба” ў Бярэзінскім раёне, народнае абрадавае ігрышча “Ката пячы”, калядны абрад “Шчадрэц”, традыцыйны народны абрад “Калядныя цары” ў Семежаве Капыльскага раёна, Будслаўскі фэст у Мядзельскім раёне. 

Царква прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы

Правядзенне ў Беларусі ў 2025-м Года добраўпарадкавання, ставіць у тым ліку задачы ўзмацнення ўвагі да пытанняў гісторыка-культурнай спадчыны. Сёлета будуць праводзіцца работы на сядзібным доме графа Патоцкага XIX стагоддзя ў Беразіне. Святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне будзе адзначана не толькі шэрагам абласных і рэгіянальных мерапрыемстваў, але і прыняццем мер па рамонце і прывядзенні ў належны стан тэрыторый мемарыяльных комплексаў. Сёння працягваюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” — ужо ў гэтым годзе плануецца адрэстаўраваць пояс з мазаікай і лесвіцу, якая вядзе на вяршыню помніка. 

Антон РУДАК