Ніць народнага мастацтва

На нядаўняй выставе дасягненняў “Мая Беларусь” у Мінску мала хто не затрымліваўся ля стэнда Капыльскага раёна: наведвальнікаў прываблівалі незвычайныя ручнікі. Здзіўляла не толькі выразнасць арнаментаў, але і двухбаковасць вырабаў — рэдкасць!

Традыцыя закладнога ткацтва чырвона- белых ручнікоў, якая лічыцца адной з найбольш старажытных на Беларусі, атрымала распаўсюджванне менавіта ў вёсцы Семежава, з’яўляецца ўнікальнай і ў 2012 годзе была ўключана ў Дзяржаўны спіс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

СПРЫЯЛЬНЫ ЗБЕГ АБСТАВІНАЎ 

— Ткацтва ў нашым мястэчку квітнела здаўна, — распавядае загадчыца раённага Дома ткацтва, народны майстар Беларусі Таццяна Волкава. — Яшчэ ў 1582 годзе, да якога адносіцца першая пісьмовая згадка пра Семежава, слава пра нашых умельцаў ішла далёка па акрузе. На Капыльшчыне тады было шмат мануфактур, дзе выраблялі шпалеры. Фабрычныя метады і спосабы ткацтва перанялі сельскія майстрыхі і адаптавалі да хатніх умоў. Іх мастацтва знаходзіла падтрымку ва ўладальнікаў земляў — князёў Алелькавічаў і Радзівілаў. 

Да творчасці нашых майстроў у Індыі вялікая цікавасць

З тых часоў рамяство перадавалася ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. У пасляваенны перыяд ХХ стагоддзя ў Семежаве жыло нямала ткачых, якія працавалі надомніцамі ад мінскай і слуцкай фабрык. Носьбіты майстэрства з задавальненнем дзяліліся ведамі з навічкамі. 

З 1996-га ў Беларусі ўсё больш сталі цікавіцца старажытнымі рамёствамі. На Капыльшчыне ажыццяўлялася шматэтапная праграма па адраджэнні, захаванні і развіцці народнай творчасці. Адной з першых майстрых, якія пачалі праводзіць навучанне тэхніцы закладнога ткацтва, была кіраўніца гуртка пры Семежаўскім цэнтры культуры і адпачынку Валянціна Кіеня. З адкрыццём Цэнтра ткацтва перайшла працаваць майстрам-метадыстам установы. Менавіта ў яе клапатлівыя рукі і трапіла ў 2005-м выпускніца дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення Салігорскага педкаледжа Таццяна Волкава. Дзяўчына працягвала збор экспанатаў, застала канчатковы этап стварэння Цэнтра ткацтва. 

— Наша ўстанова сумяшчае функцыі музея і майстэрні, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — У адной зале прадстаўлены станкі, інструменты, прыстасаванні, якія выкарыстоўвалі продкі для пасадкі, вырошчвання, збору і апрацоўкі лёну, а таксама для ткацтва. У другім можна ўбачыць тканыя рэчы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя (коўдры, ручнікі, строі).

Гэтымі днямі ў рамках 38 Міжнароднага фестывалю рамёстваў “Surajkund International crafts mela 2025” у Фарыдабадзе (Індыя) працуе выстава беларускай творчасці, дзе экспануюцца нашы традыцыйныя рамёствы і практыкі. У складзе дэлегацыі — Таццяна Волкава. 

УНІКАЛЬНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ 

Іх у культуры Семежава некалькі. Па-першае, гэта закладная тэхніка ткацтва. Вельмі складаная! У ткачых нават бытаваў тэрмін “загібная тэхніка”. Такія ручнікі былі толькі святочныя. Існуе больш за 20 розных узораў: “П’яўка”, “Бярозавы лісток”, “Дзяды”, “Арловы ножкі”, “Блудны крыж” і інш. 

Цікавасць уяўляюць і мясцовыя строі. 

— У кашуль былі ўстаўкі з узорамі на рукавах, выкананых у закладной тэхніцы або вышытых насцілам, — гэта яшчэ адна ўнікальная тэхніка. Яна існавала ўсяго ў некалькіх раёнах Міншчыны і называлася “нашыванне”. Нечым нагадвае аплікацыю. Узоры пераклікаюцца з тэхнікай закладнога ткацтва, і колеры выкарыстоўваюцца таксама белы і чырвоны, — працягвае адукоўваць Таццяна. — Спадніцы ў складку маглі быць тканыя ці з пакупной тканіны, але абавязкова яркага колеру. Фартухі — чорныя, таксама ў складку, упрыгожваліся карункамі і надстрочкамі па нізе. Калі надстрочкі былі рознакаляровыя, фартух лічыўся святочным, а калі выкарыстоўваліся белыя ніткі — будзённым. Таксама сустракаліся белыя фартухі, іх апраналі з чорнымі спадніцамі. Цікавы элемент строю — шнуроўка, гэта значыць гарсэт. Але, праўда, быў ён без... шнуроўкі — на гузіках. Шыўся з атласа сіняга ці зялёнага колеру. Галаўны ўбор — чапец з хусткай. Такія строі ўдалося ўзнавіць з удзелам Валянціны Кіені. 

Ткацтва паясоў у тэхніцы “на ніту”, з прыгожымі ўзорамі бардзюрнага характару — яшчэ адна асаблівасць Семежава. 

— Майстроў, якія маглі б перадаць гэтае рамяство, у нас не было, і яно практычна знікла. Але калі Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці аб’явіў 2013-ы Годам народнага пояса, справа па яго адраджэнні ссунулася з мёртвага пункту, — успамінае Таццяна Волкава. — Мне ўдалося прайсці некалькі майстар-класаў. Пачала ў гэтай справе развівацца сама і навучала калег; адначасова ўдасканальвала майстэрства ткацтва паясоў на станку. 

ЁСЦЬ ШТО ПАКІНУЦЬ НАШЧАДКАМ! 

Загадчыца падкрэслівае: у Цэнтры імкнуцца захоўваць не толькі сваё адметнае, але і ў цэлым традыцыі беларускага народа. Вядзецца плённая праца па далучэнні дзяцей і моладзі да матэрыяльнай і духоўнай культуры: праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, майстар-класы, цыклы заняткаў, гульнявыя праграмы, арганізуюцца творчыя сустрэчы з майстрамі старэйшага пакалення. 

Узор "П'яўка"

— На нашай базе з 2010 года працуе “Школа ткачоў”, з 2021-га — гурток шпалеры, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Сюды прыходзяць малыя дзеці. Яны вучацца рабіць габелены на рамках. Гэты этап навучання рыхтуе іх да далейшага пераходу ў “Школу ткачоў”. 

— Мы стараемся задзейнічаць усе рэсурсы, каб адраджаць, захоўваць і працягваць традыцыі продкаў, — адзначае Таццяна Волкава. — Нам ёсць што пакінуць нашчадкам і ёсць каму гэтыя веды перадаць! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні