Рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы доўжыцца ўжо пятнаццаты год — грунтоўна, без лішняй спешкі і... вынікова. Не так даўно адбылося сенсацыйнае адкрыццё і раскрыццё сценапісу на фасадзе — і вось ужо вежа-званіца займела новы дах. Прычым кожны этап прац, якія стабільна фінансуюцца з дзяржбюджэту, адкрывае новыя цікавыя сюжэты, звязаныя з гэтым, здавалася б, вядомым усім помнікам.
Пабачыўшы здымкі наверша вежы, сёй-той у сацсетках абурыўся, маўляў, наваробка! І сапраўды, новы элемент пакуль не мімікруе пад даўніну, а таму бярэ на сябе зашмат увагі. Але архітэктар-рэстаўратар Андрэй Карпук запэўнівае: пройдзе трохі часу — і медзь пакрые шляхетная паціна.
— Праз якія год-два дах на вежы вонкава не будзе адрознівацца ад касцёльнага, які мы таксама нядаўна абнавілі, — кажа адмысловец. — Не, зялёнай паціны, якую многія бачылі ў падарожжах па Заходняй Еўропе, тут не з’явіцца: на Беларусі іншы клімат, ды і медзь мы выкарысталі іншай маркі, больш якасную. Таму колер мае стаць цёмна-бронзавым.
Што да “наваробства”… Як тлумачыць спецыяліст, тэхнічны стан даху адназначна патрабаваў “хірургічнага ўмяшання”. Многія кроквы ўнутры прагнілі, ды і карніз пачынаў сыпацца. “Барані Божа, нейкі аскепак трапіць на галаву турыста!” — дадае архітэктар.
Легендарны звон
Кроквы і карніз складзеныя, лічы, наноў. Ды Андрэй Карпук запэўніў: усе аўтэнтычныя элементы, якія магчыма было захаваць, пры аднаўленні захаваныя. Таму недзе палова бярвення — “родныя”.
Узняўшыся па стромкіх сходах на верхні ярус вежы, назіраю за тым, як майстар усталёўвае вялізны звон. Справа мае свае нюансы, якія архітэктар даткліва абмяркоўвае з пробашчам касцёла Пятром Шарко. Пагатоў гісторыя гэтага чыгуннага рарытэта вартая пяра Караткевіча. Гукі мажнога звона чулі многія з Радзівілаў: ён быў адліты амаль трыста гадоў таму і прызначаўся для іншага касцёла (у Нясвіжы іх тады было шэсць!). Ды ад кляштара бенедыктынаў, які месціўся на зацішным пагорку непадалёк ад горада, да нашага часу захаваліся хіба лічаныя каменьчыкі. Плюс пару старых малюнкаў… і той самы звон.
Ён таксама мог згінуць, каб не патрапіў у фарны касцёл. А ў акупацыю немцы пастанавілі той звон сканфіскаваць для патрэбаў вайсковай прамысловасці. Але тагачасны пробашч Рыгор Каласоўскі надзейна схаваў яго разам з арганам, падсунуўшы нацыстам ліпавую даведку, маўляў, адчапіцеся, я ўжо здаў, а вы забыліся. Немцы не паверылі... Адважны ксёндз быў на валаску ад смерці — але культурныя каштоўнасці для нашчадкаў збярог.
Унікальныя фрэскі
Арган таксама мае сваю гісторыю. Яго ўсталяванне пачалося незадоўга да Першай сусветнай — і менавіта праз вайну фасад інструмента так і не быў створаны. Але ёсць задума завяршыць справу ў наш час. Паколькі над “каралём музыкі” шчыраваў вядомы віленскі майстар Пётр Вайцяховіч, аўтарскі почырк якога добра вывучылі даследчыкі, нясвіжскі арган магчыма рэканструяваць па аналогіі з іншымі.
Аднак гэта — у планах на будучыню. А вось старадаўні звон зноў загучыць неўзабаве. Прычым на поўны голас: у яго з’явіўся новы чыгунны язык.
— Ад гукаў звона адразу так утульна робіцца! — кажа Андрэй Карпук. — А гэта абавязковы складнік атмасферы гістарычнага горада.
Ксёндз Каласоўскі пакінуў па сабе ў Нясвіжы настолькі добрую памяць, што ў яго гонар названая вуліца! Бо ўратаваў не толькі звон з арганам, але і многія іншыя культурныя скарбы, якіх у касцёле — безліч.
Калі ў ліпені 1944-га снарад моцна пашкодзіў дах храма, пробашч мабілізаваў мясцовы люд на талаку — хаця ў ваенны час ва ўсіх былі іншыя клопаты… Новы дах з’явіўся яшчэ да восеньскіх дажджоў, смяротна шкодных для знакамітых фрэсак “з эфектам 3D”.
Унікальныя фрэскі
— Як мы нядаўна выявілі: кроквы рабілі нават з паламаных тэлеграфных слупоў, на іх засталіся рэшткі ізалятараў, — распавядае Андрэй Карпук. — Выкарыстоўвалі ўсё, што траплялася пад руку.
Гераізм пробашча і простых нясвіжцаў увайшоў у гісторыю. Аднак зроблены імі дах праз сем дзесяцігоддзяў запатрабаваў замены. Таму нядаўняя рэстаўрацыя была вельмі своечасовай.
Сценапіс касцёла — бадай самы раскошны ў Беларусі — ад вайны і слоты не пацярпеў. Але патрэба яго рэстаўрацыі наспела: час няўмольны... Гэтыя далікатныя і няспешныя працы пачнуцца неўзабаве.
Здавалася б, фрэскі Гескага і яго паплечнікаў вывучаныя ўжо дасканала, ім прысвечаны грунтоўныя навуковыя манаграфіі. Тым не менш Андрэй Карпук не выключае: даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці. Бо ўжо першыя зандажы паказалі: магчыма, арыгінальны жывапіс меў зусім не тую яркую танальнасць, да якой мы прызвычаіліся: мастакі XVIII стагоддзя аддавалі перавагу прыглушаным адценням. А сваю сённяшнюю выразнасць фрэскі набылі падчас абнаўлення на пачатку стагоддзя мінулага.
Не так даўно грунтоўна адрэстаўраваная і знакамітая крыпта Радзівілаў. Як кажа Андрэй Карпук, патрэба ў гэтым была вялікая: вільгаць магла спакваля зніштожыць старадаўнія саркафагі. Цяпер з ёю змагаецца сучасная асушальная тэхніка, набытая за кошт парафіі. А пробашч сам вёдрамі старанна вылівае ваду, якая назапашваецца ў гэтых апаратах.
Як патлумачыў архітэктар, доступ турыстаў на званіцу пакуль не прадугледжаны. Хаця ахвотнікі знайшліся б — краявіды адтуль адкрываюцца ўражальныя.
Вядома, тым тысячам наведвальнікаў, якія ў сезон штодня прыязджаюць у Нясвіж, ніяк не ўплішчыцца ў вузкую вежу з яе стромкімі лесвіцамі. Іншая справа — нейкая адмысловая экскурсія для “прасунутых” турыстаў, якія хацелі б убачыць і даведацца болей за іншых.
Для такіх невялічкіх груп можна адкрыць доступ і ў закрыстыю або на колішнюю галерэю, што злучала касцёл з будынкам іезуіцкага калегіума (яго даўно не існуе). Тут захаваліся невядомыя шырокаму колу цікавосткі: скажам, невялічкі алтар, які, на думку даследчыкаў, распісаў той самы Гескі, або след сабачай лапы, увекавечаны на плітцы канца XVI стагоддзя.
След сабачкі XVI стагоддзя
Так, касцёл у Нясвіжы ўражвае не толькі агульнай велічнасцю, але і мноствам дробных дэталяў. Прыкладам, тут ёсць дзвярныя замкі, якім амаль тры сотні гадоў, але яны і сёння выконваюць сваю функцыю. Па словах архітэктара, Радзівіл Рыбанька ў замках добра цяміў, таму адмыслова запрашаў майстроў з Шатландыі.
Адметна: ужо ў наш час лік аўтэнтычных артэфактаў папаўняецца. Нават каналізацыйныя люкі на цвінтары касцёла маюць арыгінальны дызайн. Што лішні раз сведчыць: у гэтай святыні гісторыя не толькі захоўваецца, але і працягваецца!
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара і Кацярыны АНАСОВІЧ