Заявіць пра сябе і натхніцца

Апублiкавана: 04 сакавiка 2025 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Адборачны тур IV Адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць” завершыцца 13 сакавіка. Фінальны этап зладзяць 5 красавіка ў канцэртнай зале “Мінск”.

“Час танцаваць” — маштабны сацыяльна-значны праект, арганізатарам якога з’яўляецца Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Місія конкурсу — папулярызацыя харэаграфічнага мастацтва, далучэнне людзей розных узростаў да багатай культурнай спадчыны краіны і захаванне пераемнасці танцавальных традыцый сярод маладога пакалення. 

НЯЗМЕННЫ ПАДЫХОД 

Галоўны прынцып — поўная адкрытасць — трывае ад заснавання праекта. Характарызуецца “Час танцаваць” наступным чынам: вольны ўдзел выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі ды іншых краін, адсутнасць уступнага ўнёску, выстаўленне адзнак адразу пасля выступлення. Дзякуючы такой сістэме колькасць удзельнікаў расце з году ў год. Леташні фінал, да прыкладу, аб’яднаў каля 850 танцораў. Цяпер, паводле слоў дырэктара РКАЦ Аляксандра Сідарэнкі, у спаборніцтве паспрабуюць свае сілы больш за 1000 чалавек. 

— На працягу года арганізуем каля 200 розных мерапрыемстваў, — расказаў кіраўнік цэнтра. — Большасць з іх праводзіцца для гледачоў. “Час танцаваць” — асаблівы праект, створаны перш за ўсё для мастацкіх калектываў. Ён дазваляе падзяліцца назапашаным досведам, заявіць пра сябе і натхніцца. Асноўны кантынгент конкурсу — ансамблі Беларусі. З цеплынёй прымаем выканаўцаў з іншых краін. Летась, напрыклад, да праекта далучыліся танцоры з Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі: цяпер супрацоўнічаем з аб’яднаннем “Сюрпрыз” з Барнаула. 

Да юбілею Вялікай Перамогі расійскі калектыў падрыхтаваў танец “Неба застанецца нашым”, што паспеў заваяваць мноства ўзнагарод. Прысвечаны ён лётчыцам 46-га гвардзейскага авіяцыйнага палка. У гэтым вайсковым фармаванні, удзельніц якога нямецка-фашысцкія захопнікі называлі начнымі ведзьмамі, былі дзяўчаты і з Беларусі. 

НОВАЎВЯДЗЕННІ — ГЭТА ВАЖНА 

Каштоўная асаблівасць конкурсу — пастаяннае ўдасканаленне. Сёлета палажэнне таксама перапрацавалі. Згодна з новым рэгламентам, удзельнікі выступяць у напрамках класічны, народны, бальны, эстрадны і сучасны танец, у трох катэгорыях па колькасным складзе і ў шасці ўзроставых групах. 

Змяніўся ўзроставы цэнз: ніжні парог цяпер складае чатыры гады. Але верхняга абмежавання па-ранейшаму няма. Паспрабаваць сябе могуць усе дарослыя. 

Лаўрэатаў I, II і III ступеняў, а таксама пераможцаў у пяці намінацыях узнагародзяць дыпломамі і кубкамі. Уладальнік гран-пры атрымае вялікі грашовую ўзнагароду ў памеры 200 базавых велічынь. 

НА ДУМКУ ДАСВЕДЧАНЫХ 

Ацэньваць канкурсантаў будуць сапраўдныя мэтры харэаграфіі. Старшыня камісіі — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнародных конкурсаў, кандыдат філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская. Ганаровую місію яна выканае ўжо ў чацвёрты раз. Зрэшты, склад журы амаль не мяняецца. Такая практыка дазваляе экспертам бачыць важныя тэндэнцыі развіцця харэаграфічнага мастацтва ў Беларусі, даваць ім грунтоўную адзнаку. 

— Разглядаецца не толькі тэхнічны аспект выступлення, але і акцёрскае майстэрства, касцюм, тэма і ідэя твора, агульная арганічнасць. Узровень калектываў прыкметна расце, пашыраецца тэматычная палітра. Сцэнічная культура становіцца багацейшай, што выяўляецца ў разнастайнасці касцюмаў і музычнага матэрыялу. Аналізуем і ўлічваем у далейшай працы праблемныя ўчасткі кожнага этапу, — падзялілася назіраннямі старшыня журы. 

ПУНКТЫ РОСТУ 

Праект мае насычаны адукацыйны складнік, што рэалізуецца ў два этапы. 

— Падчас фіналу заняткі праводзяцца для педагогаў і выхаванцаў. Сваім вопытам дзеляцца творчыя калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама пераможцы мінулых гадоў. Другі “тур” прыпадае на лістапад. У ролі вучняў — толькі кіраўнікі ансамбляў. Адбываюцца больш цесныя зносіны прафесіяналаў. Важна, што далучыцца да восеньскіх семінараў могуць і тыя, хто не ўдзельнічаў у конкурсе, — расказаў Аляксандр Сідарэнка. 

Сёлета сцэнічным вопытам падчас майстар-класаў падзеліцца ўладальнік гран-пры, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнага танца “Чабарок”. 

— На працягу 40 гадоў дорым гледачу прыгажосць беларускай народнай культуры і выхоўваем маладое пакаленне ў любові да нацыянальнай спадчыны, — распавяла кіраўнік ансамбля Анастасія Дзягель. — Спецыялізуемся на народным танцы, вывучаем таксама класічны і эстрадны. Грашовая ўзнагарода значна дапамагла калектыву. Дзякуючы прызу мы пашылі сцэнічныя касцюмы ў традыцыйным беларускім стылі. 

ГАЛОЎНЫ ГЛЯДАЧ 

Фінал маштабнага праекта, паводле слоў Аляксандра Сідарэнкі, змогуць убачыць усе ахвочыя. Важная катэгорыя гледачоў, якую асабліва чакаюць, — студэнты, якія ў перспектыве атрымаюць кваліфікацыю педагог-харэограф. “Час танцаваць” для іх — выдатны шанц набрацца ведаў для будучай прафесійнай дзейнасці. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з сайта Канцэртнай залы "Мінск"

(Падчас III Адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць” (2024 год))