“Класная” і яе каманда

Апублiкавана: 02 сакавiка 2025 Кiно Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Здымкі стужкі “Класная” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” стартавалі ў Мінску. Рэжысёр — Кірыл Халецкі, вядомы па карцінах “Кіношнікі” і “Культурны код”.

Сцэнарый фільма — пераможца конкурсу, што летась праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. “Класная дама” — такую назву мела праца, створаная магістрам педагогікі Андрэям Курсам і пакладзеная ў аснову новай карціны “Беларусьфільма”. 

Кірыл Халецкі

— Кінастужка мае вялікую сацыяльную значнасць. У цэнтры сюжэта — лёс маладой выпускніцы Беларускага дзяржаўнага пе-дагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, настаўніцы гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. Усё пачынаецца з размеркавання ў невялікую школу ў аграгарадку, дзе галоўная гераіня сутыкаецца з першымі цяжкасцямі няпростай педагагічнай справы, — распавёў Кірыл Халецкі. — Наша задача — адлюстраваць тыя аспекты, што не ляжаць на паверхні. Пакажам унутраныя перажыванні настаўнікаў, іх тытанічныя намаганні па выхаванні дзяцей. Імкнёмся падняць прэстыж гэтай важнай прафесіі. 

Сярэдняя школа №5 імя Алега Кашавога

Здымкі пачаліся 5 лютага на тэрыторыі сярэдняй школы №5 імя Алега Кашавога. Па традыцыі разбілі талерку з назвай фільма і подпісамі ўдзельнікаў карціны. Вонкавы выгляд сталічнай установы, па словах рэжысёра, ідэальна ўпісваецца ў агульную атмасферу “Класнай”. Наступнымі эстафету прымуць школы ў Прылуках, Соснах, Пухавічах, Чэрвені. І ўсё гэта — за 35 дзён, частка з якіх выпадае на май. 

— “Класная” — духоўнае, рамантычнае і месцамі драматычнае кіно. “Беларусьфільм” — знак высокай якасці, таму зробім усё магчымае, каб глядач прасякнуўся настроем стужкі, успомніў сваіх педагогаў і класных кіраўнікоў, — адзначыў Кірыл Халецкі. — Створым таксама абаяльны, чароўны вобраз сельскай мясцовасці, які зможа ўразіць. 

У РОЛЯХ 

У акцёрскім складзе — мноства выбітных імёнаў. Гэта, да прыкладу, народная артыстка Беларусі Тамара Міронава, член Беларускай гільдыі кінаакцёраў Віктар Рыбчынскі. 

З’явіцца ў карціне і міністр культуры, заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі. Яго ўдзел, паводле слоў рэжысёра, быў узгоднены загадзя, яшчэ да прызначэння на дзяржаўную пасаду. 

— Руслан Іосіфавіч сыграе кіраўніка камісіі па размеркаванні ў БДПУ. Роля невялікая, эпізадычная, але вельмі яркая, у яго характары і тыпажы, — расказаў Кірыл Халецкі. — Будуць таксама тры акцёры з Масквы. Усе даволі юныя, але вельмі перспектыўныя. 

Задзейнічаны ў фільме і артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. У прыватнасці, вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Цвірка, а таксама памочнік рэжысёра Аляксей Анісеня. З Кірылам Халецкім ён, дарэчы, працуе не ўпершыню. 

Аляксей Анісеня

— У “Кіношніках”, што выйшлі ў пракат у 2023-м, мне дасталася роля антаганіста Ігара, — распавядае Аляксей. — Цяпер жа іграю маладога настаўніка інфарматыкі, выпускніка БДУ, якога з галоўнай гераіняй звязвае любоўная лінія. Гэта добры хлопец, душа кампаніі. На яго заўсёды можна пакласціся — поўнае пападанне ў мой характар. 

Яшчэ адзін яркі вобраз — школьны завуч у выкананні Святланы Нікіфаравай. За яе плячыма — дзясяткі роляў у фільмах і серыялах, больш за 20 гадоў падрыхтоўкі акцёраў тэатра і кіно ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

— Усцешна, што “Беларусьфільм” ідзе наперад, рэалізуе новыя ідэі, — заўважыла Святалана Нікіфарава. 

Святлана Нікіфарава

У цэнтры карціны — вечны канфлікт бацькоў і дзяцей, які і становіцца пунктам росту для юнай калегі. 

— Завуч — чуллівая самотная жанчына, што нядаўна пахавала мужа, — распавяла пра ролю яе выканаўца. — Школа для яе — гэта другі дом. Да вучняў ставіцца як да родных дзяцей. З’яўленне ж маладога спецыяліста парушае некаторыя традыцыі і правілы, сфарміраваныя ў гэтай школе, з-за чаго адбываецца сварка. Аднак паступова гераіні збліжаюцца і знаходзяць агульную мову.

САМАЕ СКЛАДАНАЕ 

Вобраз маладой настаўніцы на экране увасобіць актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ірына Мароз. Да “Класнай” яна здымалася ў карціне Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання”, што выйшла ў пракат у 2023-м. Аднак галоўная роля ў поўным метры ёй дасталася ўпершыню. 

Ірына Мароз

— Мая гераіня — моцная, валявая і ранімая, — сказала Ірына Мароз. — Дзяўчына ўпэўнена ідзе да сваёй мэты, у чым вельмі блізкая мне. Цікава назіраць за тым, як яна мяняецца на розных жыццёвых этапах і якім чалавекам і педа-гогам становіцца ў канцы стужкі. 

Самае складанае ў праекце, па прызнанні актрысы, — зладзіць з дзецьмі, што іграюць адзінаццацікласнікаў — яе падапечных. 

— Розныя ўзрост, характар, патрэбы — усё гэта трэба ўлічваць. Да таго ж па сюжэце ў нас адбываецца канфлікт — самы складаны для мяне момант у прафесійным плане. Важна, каб супрацьстаянне на экране не адбілася на рэальных адносінах, — падзялілася асцярогай Ірына Мароз. 

Свае школьныя гады, дарэчы, актрыса ўспамінае толькі з цеплынёй: 

— З некаторымі педагогамі да гэтага часу падтрымліваем сувязь. І мой персанаж — зборная выява тых настаўнікаў, што сустракаліся ў жыцці. Тым не менш хачу прыўнесці і нешта сваё, асабістае. Спадзяюся, фільм дапаможа маладым спецыялістам адшукаць падыход да сваіх выхаванцаў, а дзяцей навучыць ставіцца да пачаткоўцаў з разуменнем. 

Удзельнікі здымачнага працэсу

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА