Аляксандр Лукашэнка мае намер вясной наведаць Жыровіцкі манастыр. Адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя і найбуйнейшы ў краіне архітэктурны ансамбль XVII–XVIII стагоддзяў рыхтуецца да святкавання важных дат.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лютага правёў сустрэчу з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі. Тэма размовы — будучыя ўрачыстасці.
Сёлета Беларуская праваслаўная царква адзначае важныя для ўсяго праваслаўнага свету даты. Гэта 555-годдзе аднойдзення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай маці і 505-годдзе Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Урачыстасці з нагоды адбудуцца ў маі. Акрамя таго, у чэрвені будзе святкавацца 900-годдзе з дня заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку.
На пачатку сустрэчы з Уладыкам Прэзідэнт прыгадаў нядаўняе агульнае “саборнае” пасяджэнне прадстаўнікоў усіх цэркваў: Кіраўнік дзяржавы сустракаўся з прадстаўнікамі канфесій 10 лютага — тады гаворка ішла пра стварэнне пэўных цэнтраў рэлігій. Цяпер Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў абмеркаванне тэмы з мітрапалітам:
— Я ведаю, што наша праваслаўная царква заўсёды ўважліва да ўсяго паралельнага ставілася, але і яны таксама ўважліва ставяцца да ўсяго. Таму ваша думка для мяне тут вельмі важная.
Прэзідэнт таксама распавёў пра свой намер.
— Мы з вамі па вясне, калі прырода ўжо будзе расцвітаць, пабываем у Жыровічах, паглядзім, што там трэба яшчэ зрабіць, каб гэта было дастойна. Паколькі, як ні круці, праваслаўная царква — гэта 80 з лішнім працэнтаў вернікаў сярод нашага насельніцтва, гэта асноўная рэлігія, канфесія, і дастойна павінна быць у Жыровічах. Каб паглядзелі і іншыя, як трэба рабіць і што мы хочам зрабіць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Мітрапаліт Веніямін праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы, чым сёння жыве і як развіваецца Беларуская праваслаўная царква, у тым ліку ў працяг папярэдняга пасяджэння.
— І перш за ўсё хацелася б падзякаваць за тое, што вы так клапоціцеся пра духоўныя цэнтры, — сказаў Патрыяршы Экзарх. — У нас і Жыровічы, і Полацк — два такія цэнтры, якія прыцягваюць увагу ўсяго свету, не толькі беларусаў.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай была аказана дапамога ў рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (гісторыка-культурная каштоўнасць XII стагоддзя) і Жыровіцкага Свята-Успенскага манастырскага комплексу.
— Гэта вельмі значная духоўная спадчына, — падкрэсліў Уладыка.