Акцэнт — на страчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія культурныя каштоўнасці. Пытанні іх пошуку і вяртання абмеркавалі спецыялісты двух ведамстваў.
Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі краіны, сабралася 18 лютага ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Пасяджэнне правялі сустаршыні камісіі — намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч і намеснік міністра культуры Сяргей Саракач.
Была заслухана інфармацыя аб дзейнасці беларускага знешнепалітычнага ведамства і загранустаноў Беларусі па вяртанні культурных каштоўнасцей. Таксама гаворка ішла аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы з Расійскай Федэрацыяй.
Удзельнікі пасяджэння прааналізавалі плён працы камісіі ў мінулым годзе і абмеркавалі галоўныя напрамкі ў 2025-м. Асаблівы акцэнт зрабілі на пытаннях пошуку і вяртання ў нашу краіну культурных каштоўнасцей, якія былі страчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па выніках пасяджэння быў адобраны план работы камісіі на гэты год. Дакумент уключае цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на вырашэнне задач па вяртанні перамешчаных з беларускіх музеяў у час Другой сусветнай вайны культурных каштоўнасцей.