Музейны аб’ект, цэнтр культурнага жыцця, пляцоўка для правядзення фестываляў, святаў, урачыстасцей. Якім стане Навагрудскі замак пасля абнаўлення і чаго чакаць на чарговым этапе рэканструкцыі?
Навагрудскі замак (2023)
Навагрудскі замак, узведзены ў XIV—XVI стагоддзях, лічыўся адным з самых магутных на беларускіх землях. Ён быў закладзены на месцы гарадзішча XI стагоддзя на Замкавай гары — высокім, часткова насыпным пагорку, абкружаным ровам. Першапачатковыя ўмацаванні тут былі драўлянымі, а ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя іх дапоўніла мураваная вежа, якая адыграла вялікую ролю ў абароне замка — шматлікія спробы татарскіх і крыжацкіх войск захапіць яго на працягу ХІІІ і XIV стагоддзяў былі беспаспяховымі.
У XIV стагоддзі на замкавым падворку былі збудаваныя каменная царква і двухпавярховы палац, дзе, між іншага, праходзілі пасяджэнні найвышэйшага суда Вялікага Княства Літоўскага — Галоўнага Трыбунала. Выраслі тут і новыя, мураваныя ўмацаванні — патрэба ў іх узрасла перад пагрозай небяспекі з боку рыцараў Тэўтонскага ордэна і татарскіх ордаў, якія тады працягвалі свае напады на беларускія землі. Канчаткова фартыфікацыйная сістэма замка сфарміравалася ў пачатку XVI стагоддзя, калі ён налічваў ужо сем вежаў. Найбольш адметнае збудаванне, якое дайшло да нашых дзён і абрысы якога даўно зрабіліся найбольш пазнавальным сімвалам Навагрудка, яго своеасаблівай візітнай карткай, — вежа Шчытоўка, што мела пяць паверхаў.
Навагрудскі замак сёння
Замак значна пацярпеў падчас вайны 1654—1667 гадоў і Паўночнай вайны 1700—1721-х, у выніку чаго заняпаў. У 1802-м гродзенскі губернатар Бенігсен загадаў разабраць рэшткі замкавых сцен, каб забрукаваць вуліцы горада. Напрыканцы XIX стагоддзя на тэрыторыю замчышча пачалі звозіць смецце, якое накрыла двухметровым пластом руіны старажытных збудаванняў. У 1906-м абрынулася палова Шчытоўкі, а ў 1914-м і значная частка Касцельнай вежы. Толькі ў 1921-м руіны замка паспрабавалі ўзяць пад ахову, а ў 1922—1930-х правялі частковую кансервацыю ацалелых муроў, прычым сцены Касцельнай вежы былі фактычна складзены наноў. З 1956-га на тэрыторыі замка актыўна праводзіліся археалагічныя даследаванні, якія значна ўзбагацілі ўяўленні навукоўцаў аб вобліку старажытнага Навагрудка.
Рэканструкцыя Навагрудскага замка распачалася ў 2012 годзе, у 2014-м завяршылі кансервацыю Касцельнай вежы, а ў 2020-м схіл Замкавай гары з боку касцёла ўмацавалі палямі, каб абараніць яго ад апоўзня. Пасля праводзіліся работы па водаадводзе і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
Дызайн-канцэпцыя музейнай экспазіцыі
Увосень 2023 года была завершаная пятая чарга рэканструкцыі, якая прадугледжвала кансервацыю руін Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай вежаў ды засыпаных зямлёй сцен паміж імі. У закансерваванай Дазорнай вежы захавалі фрагменты мура XV стагоддзя, а ва Уваходнай — арку і частку сцяны, умацаваныя падчас рэстаўрацыі 1920-х.
Летась у Нацыянальнай акадэміі навук была прадстаўленая дызайн-канцэпцыя інтэр’ераў вежы Шчытоўкі, распрацаваная ў ААТ “Белрэстаўрацыя”. Тут запланавана аднаўленне захаваных фрагментаў сцен пры дапамозе рэстаўрацыйнай цэглы ручной работы, аналагічнай памерам і колерам з гістарычнай. У сваю чаргу, страчаныя фрагменты муроў адновяць з сучаснай цэглы, каб захаваныя і адноўленыя часткі вежы было лёгка візуальна адрозніць. Вежа страціць звыклыя для нас абрысы, але такое рашэнне, прынамсі, дапаможа захаваць тыя рэшткі яе муроў, якія зберагліся да сёння. Выгляд помніка рэканструюецца паводле наяўных выяўленчых крыніц і будзе максімальна набліжаны да першапачатковага.
Дызайн-канцэпцыя музейнай экспазіцыі
Мяркуецца, што ў Шчытоўцы можа быць размешчаная так званая халодная музейная экспазіцыя, якая не патрабуе ацяплення. На першым узроўні мяркуюць экспанаваць рэшткі падмуркаў старажытнай вязніцы і страчанага двухпавярховага каменнага палаца сярэдзіны XIV стагоддзя. На мурах вежы таксама захавалася адна з самых старых у Беларусі сярэднявечных прыбіральняў — данскер. У экспазіцыі плануюць размясціць археалагічныя артэфакты, выяўленыя падчас даследаванняў на тэрыторыі замка. Верхні ярус Шчытоўкі плануюць выкарыстоўваць як аглядную пляцоўку, канферэнц-залу і памяшканне для часовых экспазіцый.
Аглядныя пляцоўкі з’явяцца таксама на закансерваваных руінах Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай вежаў — нездарма Навагрудскі замак славіцца не толькі даўнімі мурамі, але яшчэ і выдатнымі відамі на наваколле, якія адкрываюцца з узнятага над горадам узвышша. Захаванню гістарычных краявідаў мусіць паспрыяць і нядаўняе наданне гістарычнаму цэнтру Навагрудка статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці першай катэгорыі, а таксама распрацоўка праекта ахоўных зон, што рэгулюе парадак будаўніцтва і прадугледжвае зберажэнне планіровачнай структуры, ландшафту і культурнага слою. Адноўлены замак будзе не толькі выдатным музейным аб’ектам, але і сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця горада, пляцоўкай для правядзення фестываляў, святаў і ўрачыстасцей.
Вежа Шчытоўка да абвалу паўднёва-заходняй сцяны ў гады Першай сусветнай вайны
Антон Рудак
Фота аўтара і Ільі СВІРЫНА