Падтрымка нацыянальных брэндаў, прасоўванне мясцовых ініцыятыў, прыцягненне турыстаў — усё гэта пра акцыю “Культурная сталіца Беларусі”. Ганаровае званне надаецца населеным пунктам з багатымі традыцыямі і духоўным патэнцыялам. Сёлета прэстыжны статус атрымаў горад Іванава Брэсцкай вобласці: урачыстасці адбыліся 22 лютага.
Асяродкам святочных мерапрыемстваў стаў Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый. Шматлікім гасцям была прадстаўлена шырокая экспазіцыя “Культурны код Іванаўшчыны”. Гаспадары паказалі рэканструкцыю побыту ў партызанскім атрадзе і брэнды раёна — мясцовую школу бондарства і мотальскі вясельны каравай. Таксама можна было пазнаёміцца з карцінамі раённага музейнага комплексу імя Напалеона Орды, з мясцовымі традыцыямі і абрадамі ў інсцэніроўках фальклорных і музычных калектываў.
Як паведаміў журналістам першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, кожны рэгіён у нашай краіне валодае сваімі непаўторнымі культурнымі традыцыямі. І адна з галоўных задач Рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі" — звярнуць увагу на гэтыя традыцыі, зрабіць усё неабходнае для іх папулярызацыі ў маштабах краіны.
З нагоды афіцыйнага ўступлення Іванава ў статус культурнай сталіцы Беларусі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне паштовы канверт з арыгінальнай маркай.
Кульмінацыяй свята стаў яркі канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў Іванаўскага раёна.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА