Гістарычную радзіму наведалі беларусы замежжа: нашы суайчыннікі з Рэспублікі Карэлія праходзілі творчую стажыроўку, якую для іх зладзіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Візіт адбываўся з 9 па 14 лютага ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.
Падобныя паездкі арганізуюцца для прадстаўнікоў беларускай дыяспары з розных куткоў планеты з 2016 года. Галоўная мэта — знаёмства ўраджэнцаў Сінявокай і іх нашчадкаў з гісторыка-культурнай спадчынай краіны.
— Традыцыйныя сустрэчы прыносяць вялікую карысць як нашым землякам, якія жывуць за межамі Беларусі, так і мясцовым жыхарам, — распавядае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон. — Нас аб’ядноўвае сумесная дзейнасць па захаванні и папулярызацыі нацыянальнай культуры ў краінах пражывання нашых суайчыннікаў.
Гэтым разам у Мінску сустрэлі дэлегацыю рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі”, у якую ўваходзяць тры суполкі: “Белая русь” з горада Петразаводска, “Сябры” з Сягежы і “Крыніцы” з Кандапогі.
— Беларусы — трэцяя па колькасці нацыянальнасць у нашым суб’екце Федэрацыі, — расказвае старшыня арганізацыі Святлана Барташэвіч. — Мы самая дружная супольнасць на прасторах Расіі і нясём сваю добразычлівасць іншым.
Творчыя стажыроўкі на гістарычнай радзіме вельмі карысныя для іх удзельнікаў.
— Я не ў першы раз прыехала ў Беларусь і заўсёды тут прымаюць цёпла, — адзначае намеснік старшыні арганізацыі Аляксандра Перхіна. — З кожнай паездкі назапашваю неверагодную колькасць ведаў і каштоўных навыкаў, якія ўжываю ў сваёй працы.
У першы дзень гасцей чакала вандроўка ў Гомельскую вобласць. Прадстаўнікі дыяспары наведалі мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны” ў аграгарадку Красны Бераг, дзе ўсклалі кветкі да скульптуры “Апаленае дзяцінства”, азнаёміліся з экспазіцыяй, а таксама перадалі супрацоўнікам музея флэш-карту з успамінамі ўраджэнкі Беларусі — вязня нямецкага канцлагера.
— Пасля наведвання комплексу — слёзы на вачах. Дзяцей вельмі шкада. У мяне ёсць унукі і праўнукі. Яны не павінны адчуць жахаў вайны, — дзеліцца эмоцыямі беларуска Галіна Сцяпанава з Петразаводска.
— Вельмі прыметна, што людзі, якія стваралі мемарыял і музей, укладвалі душу ў сваю справу, — заўважае член дэлегацыі Жанна Малеева. — Тут праведзена каласальная работа па захаванні гістарычнай памяці. Хацелася б асобна падзякаваць экскурсаводу Марыі Ткачовай. Яна вельмі інфарматыўна, пачуццёва і шчыра расказала пра тыя трагічныя падзеі.
Наступным пунктам у праграме візіту стаў мемарыяльны комплекс “Ала” ў Светлагорскім раёне, які ўзвялі на месцы вёскі, спаленай фашыстамі.
— Стваральнікі мемарыяла перадалі атмасферу болю і жаху. На жаль, сведак трагедыі ваеннага часу становіцца ўсё менш. Таму мы абавязаны памятаць пра бессмяротны подзвіг нашых продкаў і расказаць пра яго будучым пакаленням, — адзначае член маладзёжнага крыла арганізацыі Вераніка Ільіна.
Госці таксама прыехалі да памятнага знака, прысвечанага аперацыі “Баграціён”. Сімвалічна, што менавіта ў гэтым месцы старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі Святлана Барташэвіч перадала ў Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей на захаванне дакументы і запісаныя ўспаміны ветэранаў вайны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні краіны, а таксама копію дакументальнага фільма “Карэльская цвярдыня”.
Напрыканцы багатага на падзеі дня беларусы Карэліі прыехалі ў гарадскі пасёлак Акцябрскі, дзе наведалі майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, побытавых танцах, вакале і нацыянальных стравах.
Кожны момант паездкі быў напоўнены сюрпрызамі і адкрыццямі. Так, замежнікі пабывалі ў дзяржаўным музеі Янкі Купалы, дзе даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях песняра. Асобны дзень праграмы быў прысвечаны экскурсіям у Замкавы комплекс “Мір” і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.
Ключавыя падзеі візіту разгарнуліся на базе Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Тут адбылася цырымонія закладкі капсулы з зямлёй з месцаў пахаванняў беларусаў, якія сталі ахвярамі фінскіх канцлагераў. Гэтаму папярэднічала шматмесячная работа пошукавага атрада з Карэліі па раскрыцці імёнаў вязняў. Адметна, што ў высвятленні гістарычнай праўды ўдзельнічалі вучні сярэдняй школы №70 імя Л.Н. Гурцьева г. Мінска.
— Каля 25 гадоў пайшло на тое, каб даказаць: на карэльскай зямлі былі малалетнія вязні з Беларусі, — расказвае Святлана Барташэвіч. — Пасля работы з архівамі ўдалося аднавіць інфармацыю аб тысячах закатаваных шматдзетных сем’ях, стварыць электронную кнігу памяці.
Пасля ўрачыстасцей адбыўся круглы стол з удзелам прадстаўнікоў Беларускага фонду міру, Нацыянальнай акадэміі навук, устаноў культуры і адукацыі, духавенства.
Яшчэ адной кропкай у маршруце стажыроўкі стаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе беларусаў замежжа чакала канцэртная праграма “Захоўваем традыцыі — ствараем будучыню” пры ўдзеле творчых калектываў установы.
Таксама карэльская дэлегацыя наведала навукова-вытворчае рэспубліканскае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” і легендарную кандытарскую фабрыку “Камунарка”, госці азнаёміліся з прадукцыяй найлепшых айчынных брэндаў, прадстаўленай у Першым нацыянальным гандлёвым доме.
Творчая стажыроўка стала знакавай падзеяй для нашых суайчыннікаў з Карэліі, многія з якіх упершыню прыехалі на гістарычную радзіму. Няма сумневаў, што яны перададуць атрыманыя веды прадстаўнікам дыяспары і ўсім зацікаўленым, захаваюць беларускую ідэнтычнасць і пранясуць яе скрозь пакаленні.
Данііл ПІЎКАРЭЦ