Пад увагай Першага

Апублiкавана: 23 лютага 2025 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Купалле як маштабнае рэспубліканскае свята пачынае сваю гісторыю з 2010-га на малой радзіме Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. 

У той год гледачам фестывалю “Александрыя збірае сяброў” была прадстаўлена канцэртная праграма “Купалле над Дняпром”. Свята наведаў Кіраўнік дзяржавы. Пасля знаёмства з фестывальнымі падворкамі ён зазначыў, што прыемна здзіўлены такой увагай да старажытнай беларускай традыцыі. 

— Мы не планавалі гэта свята ні ў мінулым, ні ў гэтым годзе, — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка. — Ідэя нарадзілася спантанна, нечакана. Каб сустрэцца з вамі, убачыць шмат знаёмых асоб, я прыязджаю ў гэтыя родныя для мяне мясціны кожны год. І нарадзілася ідэя, каб мы сабраліся тут. Але я ніколі не думаў, што гэта ператворыцца ў такое грандыёзнае свята і такую ўрачыстасць, на якую прыедуць людзі не толькі з навакольных сёл, вёсак, але і з Оршы, Шклова, Магілёва і нават сталіцы нашай краіны. 

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць фестываль “Александрыя збірае сяброў” традыцыйным: “Можа быць, прымяркуем яго да нашага ўсенароднага свята і станем збірацца тут на Івана Купалу”. З таго часу штогадовая прысутнасць Прэзідэнта і яго прывітальнае слова сталі добрай традыцыяй. 

Тады, у 2010-м, свята наведалі 3 тысячы чалавек, а праз два гады — ужо каля 50 тысяч. Зараз гэты дзень старажытнага календара беларусаў збірае ў вёску Александрыя на Магілёўшчыне гасцей з усіх куткоў краіны і з-за мяжы. Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), нараўне са “Славянскім базарам у Віцебску” і “Вечарамі ў Мірскім замку”, стала своеасаблівым культурным брэндам Беларусі. Аб гэтым 6 ліпеня 2024 года нагадаў Кіраўнік дзяржавы: 

— Вось ужо 15 гадоў мы збіраемся ў гэтым маляўнічым кутку Беларусі, каб на імгненне адчуць сувязь часоў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — За такі кароткі перыяд мы стварылі фестываль, які з маленькага ўтульнага свята ператварыўся ў падзею нацыянальнага і міжнароднага маштабу… Галоўнае, што мы зрабілі, — адрадзілі традыцыі сваіх продкаў. Мы развіваем адвечную нацыянальную культуру. Пагадзіцеся: мала ведаць і памятаць гэтыя традыцыі, яны павінны стаць часткай сучаснай гісторыі. Нашы дзеці павінны бачыць, як мы самі беражліва ставімся да таго, што стваралася вякамі. Яны павінны ўвабраць думку: усё, што зроблена сваімі рукамі, — плецены кошык, гліняны збан, вышыты ручнік, — заўсёды прыгожа, заўсёды будзе актуальна і модна. А народная музыка — гэта песня славянскай душы. Гэта наша песня! 

Дзякуючы пастаяннай увазе Прэзідэнта краіны, рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) стала адной з самых яркіх і самых масавых культурных падзей. У розныя гады яго наведвала да 100 тысяч гледачоў. Мерапрыемства ўвесь час развіваецца і ўзбагачаецца новымі формамі і традыцыямі.