Этнічны каларыт

Вядучы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Таццяна Бараненка ўдастоена гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2025 год.

Адпаведнае распараджэнне 27 студзеня падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Грант прызначаны на рэалізацыю праекта “Полацкая набойка”, мэта якога — адраджэнне ў сучасных умовах народнай традыцыі па дэкарыраванні тканін у тэхніцы полацкай набойкі, выкарыстанне гэтага звычаю ў рабоце арганізацый культуры, экскурсійнай, турыстычнай дзейнасці. 

СУЧАСНАЕ І МІНУЛАЕ 

Таццяна атрымала адукацыю гісторыка, мае ступень магістра. Наша гераіня — вядучы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я з 2012 года, аўтар больш як 15 навуковых артыкулаў. У музейнай справе аказалася адразу пасля ўніверсітэта: Таццяну цікавіць спалучэнне сучаснага і мінулага, архаічнасць рэчаў, магчымасць дакранацца да гісторыі кожны дзень. 

— У маёй сям’і ўсе жанчыны — асобы творчыя: бабуля, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, усё жыццё ў вольны ад працы час вышывала ў тэхніцы рышэлье, вязала; мама — прафесійная швачка. Азы рукадзелля я спасцігала з іх дапамогай з ранняга дзяцінства. А працуючы ў музеі, трошкі засвоіла і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: пляценне, роспіс, — расказвае суразмоўца. — Тэхнікай набіванкі зацікавілася некалькі гадоў таму, калі навуковыя супрацоўнікі нашай установы даследавалі традыцыйны касцюм беларусак канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя і ўбачылі аўтэнтычныя рэчы, упрыгожаныя не вышыўкай (на сённяшні момант яна дастаткова дасканала даследавана), а нейкімі цікавымі малюнкамі на тканіне. Вельмі спадабаліся сваёй незвычайнасцю. Пачала шукаць інфармацыю. Аказалася — набіванка!

ВЯРТАННЕ ПАСЛЯ ЗАБЫЦЦЯ

— На тэрыторыі сучаснай Беларусі мода на набойку распаўсюдзілася ў XVI—XVII стагоддзях, — робіць экскурс у гісторыю Таццяна. — Найбуйнейшыя майстэрні размяшчаліся ў Віцебску, Магілёве, Полацку, Оршы і Бабруйску. У малых населеных пунктах на поўначы набіванкамі ўпрыгожвалі тканіну, з якой вырабляліся элементы традыцыйнага касцюма: сарафаны, кашулі, фартухі. Узоры — розныя: раслінныя матывы і геаметрычныя фігуры, выявы людзей і жывёл, сцэны са штодзённага жыцця. 

Дошкі-клішэ для набіванкі

У набіванкі сціплая палітра. Паступова ёй стала цяжка канкурыраваць з каляровай гамай нітак у вышыўцы і ткацтве. Пасля з’яўлення фабрычнай вытворчасці старадаўняя тэхніка аказалася незапатрабаванай. З ХХ стагоддзя да яе звярталіся толькі адзінкавыя майстры. 

Але, на шчасце, сёння цікавасць да набіванкі ў Беларусі значна павялічылася. Усё дзякуючы намаганням неабыякавых людзей — такіх як Таццяна Бараненка і майстры народнай творчасці, што валодаюць гэтым рамяством і гатовы ім дзяліцца.

ПРАЕКТ — АДЗІН, КАРЫСЦІ — ШМАТ 

На працягу 2023—2024 гадоў у музеі было праведзена некалькі пробных майстар-класаў па набіванцы. 

— Бачыла вялікую зацікаўленасць наведвальнікаў гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і непазбежна ўзнікала адно і тое ж пытанне: ці існавала традыцыя мясцовай, полацкай набіванкі? — Таццяна тлумачыць, як узнікла ідэя распрацаваць грунтоўны праект “Полацкая набойка”. — Практычнае значэнне задумы заключаецца ў тым, што вынікі могуць быць выкарыстаны для распрацоўкі музейна-педагагічных праграм, накіраваных на навучанне моладзі і дзяцей — паглыбленне іх ведаў аб беларускай культуры. Акрамя таго, праект, які будзе рэалізоўвацца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры, стане асновай для арганізацыі музейна-педагагічных заняткаў і майстар-класаў, падчас якіх удзельнікі азнаёмяцца з народнымі традыцыямі. 

Вынікі ініцыятывы змогуць выкарыстоўвацца на выставах і ў рамках лекцый, што дазволіць шырокай аўдыторыі дазнацца пра беларускую культурную спадчыну і ўмацаваць цікавасць да яе. Набыткі дапамогуць у распрацоўцы фальклорных касцюмаў. Аўтэнтычныя строі, якія адлюстроўваюць унікальны стыль беларускай народнай творчасці, стануць яркім элементам выступленняў і паспрыяюць перадачы традыцый новым пакаленням. 

На думку Таццяны, праект здольны прыцягнуць айчынных і замежных аматараў культурных звычаяў, што пасадзейнічае развіццю ўнутранага і знешняга турызму. Ініцыятыва будзе карыснай пры распрацоўцы лініі сувеніраў з матывамі полацкай набіванкі, дазволіць ствараць адметныя вырабы, якія адлюстроўваюць беларускія традыцыі. 

Акрамя таго, праект накіраваны на развіццё творчых саюзаў, якія захоўваюць народныя звычаі. Гэта забяспечыць умовы для супрацоўніцтва паміж майстрамі, мастакамі і культурнымі дзеячамі, што, у сваю чаргу, паспрыяе паглыбленню культурнага асяроддзя ў краіне. 

Фрагменты ручнікоў, дэкарыраваных тэхніцы набіванкі

Як паведаміла Таццяна Бараненка, ініцыятыва будзе рэалізоўвацца на базе Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, але таксама плануецца наладзіць узаемадзеянне з Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, Музеем старажытнабеларускай культуры, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, магчыма — з расійскімі калегамі. 

— Абавязкова працягнем працаваць з прадстаўнікамі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, полацкімі мастакамі і майстрамі па дрэваапрацоўцы (старадаўнія набойшчыкі выкарыстоўвалі менавіта драўляныя дошкі-клішэ). Прадугледжана і вялікае даследаванне ў дзяржаўных архівах. Наперадзе значная работа, шмат цікавых сустрэч і адкрыццяў! — упэўнена Таццяна. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні