Ад рэгіянальнай сцэны да "Мінск-Арэны”

У ціхім куточку Беларусі, дзе гарадскі шум змяняецца гукамі прыроды, больш за 30 гадоў таму ўзнік калектыў, які сёння вядомы далёка за межамі свайго краю. “Мілавіца” не проста ансамбль, а захавальнік культурнай спадчыны, які перадае любоў да народнага мастацтва з пакалення ў пакаленне.

“Калектыў створаны ў 1994-м, і я стала адной з першых яго ўдзельніц. Спачатку гэта быў аматарскі гурток, без прафесійнай падрыхтоўкі, але з вялікім імкненнем да творчасці, — успамінае мастацкі кіраўнік ансамбля Людміла Кабаева. — Калі я пачала працаваць, была адзіным харэографам у пасёлку Уваравічы, што на Гомельшчыне. І хаця дзяцей больш прываблівалі сучасныя рытмы, мне хацелася прывіць ім павагу да нашай спадчыны”.

Людміла Аляксандраўна, якая скончыла Сакалоўскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “харэаграфія і народны танец”, а затым і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, прысвяціла сябе развіццю ансамбля, з якога калісьці пачынаўся яе прафесійны шлях. Дзякуючы яе намаганням аматарскі гурток “Мілавіца” пры Уваравіцкім цэнтры дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна ператварыўся ў адзін з найлепшых харэаграфічных калектываў у краіне: у 2015 годзе атрымаў званне ўзорнага калектыву, а ў 2022-м стаў заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь.

 “Такое званне не толькі прызнанне, але і вялікая адказнасць. Мы ведаем, што на нас глядзяць, раўняюцца, таму павінны адпавядаць высокаму статусу. Раз на пяць гадоў яго пацвярджаем: прадстаўляем абноўленую праграму, новыя касцюмы, творчыя ідэі. Усё гэта патрабуе пастаяннай самаадданай працы, бо гонар ансамбля не адзіночны поспех, а вынік няспыннага развіцця”, — адзначае Людміла Кабаева.

 Сёння “Мілавіца” заваёўвае прызавыя месцы не толькі на рэспубліканскіх фестывалях, але і на міжнароднай арэне. У спісе дасягненняў — перамогі на такіх прэстыжных конкурсах, як “Сожскі карагод”, дзе ансамбль заняў першае месца сярод калектываў з розных краін, “Берагіня”, ХІ Міжнародны фестываль “Танчым разам” ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “«Славянскі базар» у Віцебску”, фестываль “Прывітанне, свет” ды іншыя.

 “Мы вывучаем танцы розных народаў, аднак асаблівую ўвагу надаём беларускай харэаграфічнай спадчыне, сцэнічнай інтэрпрэтацыі фальклорных матываў.

 Важна, каб нашы народныя танцы не губляліся з часам, а жылі і захаплялі новых гледачоў”, — падкрэслівае Людміла Аляксандраўна.

 Ансамбль вядзе актыўную асветніцкую работу: арганізуе майстар-класы, вечарыны народнага танца, сустрэчы з ветэранамі, вывучае архіўныя матэрыялы, ладзіць этнаграфічныя экспедыцыі, умацоўвае дыялог паміж пакаленнямі.

 Асаблівым пунктам на творчым шляху стаў удзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”: “Мілавіцы” апладзіравалі ў Гомелі, Жлобіне. Уваравіцкім танцорам давялося пабываць і ў “Мінск-Арэне”, дзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў старт гэтаму маштабнаму праекту. 

“Мы ўдзельнічалі ў нумары, які па- ставіў заслужаны дзеяч культуры Пётр Свярдлоў. На сцэне адразу некалькі калектываў: малодшаму артысту — 8 гадоў, а старэйшаму — 83. Гэта было сапраўды ўражальна — бачыць некалькі пакаленняў, якіх звязвае агульная справа. Лейтматывам нашага выступлення гучала: народныя традыцыі жывуць у сэрцах людзей розных узростаў, злучаючы мінулае, сучаснасць і будучыню”, — дзеліцца ўражаннямі кіраўнік ансамбля.

 Калектыў актыўна працуе ў розных творчых кірунках. Яскравы прыклад — супрацоўніцтва з узорным тэатрам моды “Хобі-Style” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік — Ірына Уладзіміраўна Іскрыцкая), дзе ўдзельнікі выступаюць не толькі мадэлямі, але і стваральнікамі сцэнічных касцюмаў. “Мілавіца” таксама рэалізуе інавацыйныя ініцыятывы, у тым ліку праект, накіраваны на развіццё камунікатыўных навыкаў у сельскіх дзяцей, што дапамагае ім упэўнена адаптавацца ў гарадскім асяроддзі.

 Значным дасягненнем стала распрацоўка ўласнай праграмы павышанага ўзроўню, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта дае навучэнцам магчымасць атрымаць пасведчанне, якое стане крокам да прафесійнай кар’еры ў сферы народнага танца. Праект “АртТьюториал” накіраваны на развіццё педагагічных здольнасцей у старэйшых вучняў. “АртПерекресток” спрыяе творчым эксперыментам і умацаванню сувязі паміж пакаленнямі. Гэта — месца сутыкнення творчых ідэй, традыцый і сучасных тэндэнцый.

 Што яшчэ робіць “Мілавіцу” ўнікальным калектывам? Асаблівая атмасфера, якую ствараюць педагогі. “Калі ты сам захоплены — тваё натхненне абавязкова перадасца дзецям. Танец — гэта не проста рухі, а душа народа.

 Калі ты патрыёт, калі ты любіш сваю краіну, то і народнае мастацтва становіцца часткай цябе”, — упэўнена Людміла Аляксандраўна.

 Падыход да юных артыстаў тут адметны: важна не толькі навучаць тэхнічным навыкам, але і дзяліць з выхаванцамі радасць творчасці, матываваць і ўдзельнічаць у іх жыцці. 

“Мы заўсёды стараемся быць побач: разам жартуем, праводзім дыскатэкі, арганізуем паездкі і святы. Гэта робіць ансамбль не проста студыяй, а другой сям’ёй. Нават падчас пандэміі мы не страцілі сувязі, працягвалі заняткі дыстанцыйна. І што самае дзіўнае — кожны падтрымаў такі фармат. Менавіта дзякуючы агульным намаганням мы засталіся на плаве ў складаны перыяд”.

Асаблівую ролю ў калектыве адыгрывае музыкант, акампаніятар Ірына Уладзіміраўна Усава. 

“Фальклор не можа існаваць без жывога выканання, і наша праца — гэта сімбіёз танца і музычнага суправаджэння, які стварае сапраўдную атмасферу народнага свята”, — адзначае Людміла Кабаева.

 Свой унёсак у паспяховую працу ансамбля ўносіць і касцюмер Марына Аляксандраўна Галавіна. Яе майстэрства робіць вобразы “Мілавіцы” сапраўднымі творамі мастацтва, якія перадаюць аўтэнтычнасць і каларыт беларускага краю.

 Гісторыя “Мілавіцы” — прыклад таго, як адданасць справе, павага да народных традыцый і любоў да Радзімы здольныя ператварыць невялікі ансамбль з глыбінкі ў культурны цэнтр, які клапатліва захоўвае і старанна ўмацоўвае спадчыну продкаў.

 Ганна КАЛІНІНА

 Фота з архіва калектыву