Беларускі дзяржаўны тэатр лялек выпусціў дзве прэм’еры: “Мроіва” для дарослых і казку Андэрсена “За Снежнай каралевай” з паметкай 6+. Абодва спектаклі паставіў галоўны рэжысёр творчага калектыву Яўген Карняг.
Почырк Яўгена Карняга заўважны адразу — незалежна ад таго, ставіць майстар у тэатры лялек, у драме ці на стыку пластыкі з харэаграфіяй. І справа не ў нейкіх аднолькавых прыёмах — усё якраз наадварот: кожны спектакль вылучаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, што залежаць ад літаратурнай асновы, тэматыкі і ад самой ідэі. Можна без перабольшванняў гаварыць пра аўтарскі тэатр Карняга, дзе галоўная дзейная асоба з’яўляецца канстантнай, нязменна рулюе, нягледзячы на часам палярныя рэжысёрскія рашэнні. Гэтая цэнтральная дзейная асоба — Ідэя. Як і належыць даме, яна штораз мяняе абліччы, але застаецца вернай сабе. Ідэя вымушае чалавека “прачытваць” і “перачытваць” яе нанова, не губляючы цікавасці і ўключаючы не толькі эмоцыі, але і думкі-думкі-думкі — да бясконцасці.
Карняг прытрымліваецца самых актуальных тэндэнцый — але не падпарадкоўваецца ім, а ўступае ў дыялог. Нават у спрэчку, што дапамагае выявіць новыя магчымасці гэтых павеваў. Каб пераканацца, паглядзіце “Мроіва”. Ці казку “За Снежнай каралевай”, у якой звыклая назва крыху змянілася — зусім невыпадкова.
У абодвух спектаклях пануе атмасфернасць. Гэта адна з прыкмет заранку ХХІ стагоддзя, што захапіла літаральна ўсе віды мастацтва, уключаючы музыку.
Над усім “Мроівам” лунае зачараванне Беларуссю, яе прыродай і народам. У спектаклі гэта вельмі блізкія з’явы, бо і там, і там — род.
Атмасфернасць часта наўпрост звязана з супакоенасцю, адпачынкам, палётам мрояў (вось вам і “мроіва”), калі мастацтва дапамагае нам адкінуць складаныя рэаліі жыцця і паглыбіцца ва ўласныя адчуванні. Атмасфернасць спектакляў Карняга — іншая. Яна скіравана на паглыбленне ў думкі. На ўменне не проста глядзець, а бачыць. Не слухаць, а чуць. І абавязкова ўсё гэта асэнсоўваць.
Пастаноўка “Мроіва”, акрэсленая як “дакументальныя казкі”, спалучае прыкметы розных жанраў і філасофскіх плыней. Гэта не толькі дакументальны аповед, заснаваны на аўдыязапісах вясковых успамінаў і размоў. Не толькі міфалагічна-казачны аповед, дзе разам з Мужчынам задзейнічаны чатыры жанчыны, імёны якіх супадаюць з назвамі пор года. Гэта найперш прыпавесць пра жаночы лёс, якая ўзнаўляе ў свядомасці вакальны цыкл Шумана “Каханне і жыццё жанчыны”. А яшчэ гэта рэальнае, хай і прадстаўленае героямі-сімваламі, лялькамі і макетамі (мастак Таццяна Нерсісян) жыццё вёскі як адухоўленага персанажа. І цыкл асобных навел-замалёвак, дзе важны не сюжэт, а само адчуванне жыцця, перададзенае праз вясковы побыт і традыцыі.
Відавочнае ўздзеянне кінамастацтва. Цягам амаль усяго спектакля камера фіксуе і перадае на экран павялічаныя выявы маленечкіх прадметаў, звяртае ўвагу гледача на тыя ці іншыя дробязі. Прыкметная сувязь з літаратурным тэатрам, бо скарыстаны фрагменты “Адвечнай песні” Янкі Купалы, “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага. Але гэтыя вершаваныя радкі гучаць так ціхутка і невыразна, што становяцца падобнымі да таямнічых заклёнаў бабкі-шаптухі. Ёсць і абагаўленне прыроды, і анімізм, што надзяляе душой кожны прадмет і з’яву. Як тут не згадаць оперу Равеля “Дзіця і чараўніцтва”! Ёсць нават паралелі з гульнямі ў домік, якімі забаўляюцца малыя: можна разглядзець усе дэталі інтэр’ера — у нашым выпадку вясковага, з мінуўшчыны. А разам з тым — схаваныя спасылкі на сярэднявечныя маралітэ (праўда, без аніякага маралізатарства), дзе ў якасці дзейных асоб выступалі хрысціянскія дабрачыннасці і заганы; на пазнейшыя палемічныя маралітэ эпохі Адраджэння. У іх ад імя такіх жа абстрактных паняццяў вяліся спрэчкі пра сэнс жыцця. Міжволі ўспамінаецца нядаўняя, пакуль не пастаўленая опера нашага Вячаслава Кузняцова “Сумныя сны” пра Максіма Багдановіча. У творы ёсць Душа паэта, Любоў, Мары ды іншыя такія ж “нематэрыяльныя” персанажы.
Над усім “Мроівам” лунае зачараванне Беларуссю, яе прыродай і народам. У спектаклі яны ўспрымаюцца як вельмі блізкія з’явы, амаль як аднакарэнныя словы, бо і там, і там — род. Круглае акенца, падобнае да ілюмінатара, раптам вырастае да сімвала ўсяго зямнога шара: чалавек сыходзіць, завяршыўшы цыкл сваіх “пор жыцця”, радзіма — застаецца.
Не менш глыбокім спасціжэннем таямніц стаў і дзіцячы спектакль, таксама вельмі атмасферны. Шлях за Снежнай каралевай — смерцю — зусім не прыгодніцкая вандроўка, напоўненая цікавымі сустрэчамі і радаснымі інтэрактывамі. Ён пралягае праз... міфалагічную раку Стыкс. І лодка, на якой дзяўчынка пераплывае яе, — насамрэч ладдзя Харона, тая “ладдзя роспачы”, што потым з’явіцца ва Уладзіміра Караткевіча. Чароўны сад, дзе Герду сустракае мілая з выгляду старая, — аналаг забыцця, страты гістарычнай памяці, адыходу ад рэальных праблем і жыццёвых мэт у свет летуценняў, што добра “рыфмуюцца” з назвай ракі Леты. Дзеці, вядома, не выбудуюць увесь гэты ланцужок асацыяцый і ўзаемасувязей, але спектакль адаб’ецца ў іх свядомасці. Забыць яго немагчыма! І праз час хлопчыкі і дзяўчынкі задумаюцца — з дапамогай дарослых, якія таксама былі ў тэатры, а потым раскрылі кнігу. Дарэчы, уся пастаноўка вырашана як панарамная кніга ў тэхніцы поп-ап.
Твор “За Снежнай каралевай” скіроўвае да ўважлівага чытання, што развівае фантазію, абуджае думкі і ў рэшце рэшт прыводзіць да “Мроіва”.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА