Вернуты шэдэўр

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перадаў Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі афорт “Партрэт месіра П’ера Франсуа Картона сіньёра дэ Віяра” з даваеннага збору Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.

На гравюры — выява кансультанта і аўдытара ў падліковай палаце ў Бруселі. Доўгі час партрэт захоўваўся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды патрапіў пасля вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У выніку дбайнага вывучэння было ўстаноўлена: раней афорт належаў Мастацкаму музею. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганна Конанава, першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін і дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў

Урачыстая перадача праходзіла 24 студзеня ў рамках выставы “Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939—1957”, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі і 85-годдзю Нацыянальнага мастацкага. Падчас цырымоніі першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін заўважыў: 

— Вернутыя з Заходняй Еўропы на Радзіму каштоўнасці можам разглядаць з розных пазіцый: і як помнікі гісторыі, і як шэдэўры выяўленчага мастацтва. Я называю такія прадметы “ветэранамі”, бо яны багата пабачылі. Частку збораў мы згубілі, таму што войны — пэўны водападзел, у тым ліку ў музейнай справе. Спадзяёмся, карціна зойме годнае месца і ў калекцыі, і ў навуковых пошуках установы. 

Дзмітрый Генадзьевіч заявіў, што гэтая перадача — добры прыклад таго, як павінны вырашацца пытанні вяртання культурных каштоўнасцей. Уладзімір Варапаеў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, таксама падкрэсліў значнасць падзеі і сказаў: 

— Наша місія — зберажэнне і пастаяннае вывучэнне музейных прадметаў. Кожны дзень назіраю трапятанне адмыслоўцаў, іх уважлівасць да прафесійнага абавязку. Упэўнены, калегі будуць захоўваць афорт, як гэта рабілі мы на працягу многіх гадоў. 

Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Ганны Конанавай, гравюра створана ў характэрнай для канца XVII — XVIII стагоддзя рэдкай тэхніцы мецца-тынта, якую эксперты прыгожа называюць “аксамітнай”. 

— Каштоўнасць партрэта звязана і з працяглай, няпростай працай па вяртанні згубленых палотнаў, што вядзецца ў краіне ўжо 80 гадоў, і з дзіўным мастацкім выкананнем, — распавяла Ганна Конанава. 

Перадача афорта — сімвал таго, як адмыслоўцы аб’ядноўваюцца ў справе захавання і папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны, умацавання сувязей паміж рознымі аспектамі айчыннай гісторыі.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА