Дзісненская паэтка часоў Асветніцтва

Тэкля Урублеўская займае пачэснае месца ў ліку пачынальніц жаночай беларускай літаратуры. Народжаная яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім пісьменніца пакінула немалую спадчыну: трагедыі, вершы. Рыхтавала да друку і пераклады замежных твораў. Але біяграфія аўтаркі і сёння амаль невядомая.

З АРХІВАЎ 

Расповед пра Тэклю Урублеўскую мы пачалі яшчэ ў 2024-м. Пастаянныя чытачы памятаюць, як, акрамя іншага, нам удалося адшукаць ключ да радаводу Урублеўскай (дзявочае прозвішча Бужымоўская). Бужымоўскія жылі спярша каля Невеля (сяр. XVII ст.), на памежжы. Перадаўшы ўладанні сваякам Рэйтанам (продкам Тадэвуша Рэйтана), перабраліся на Лідчыну. А пазней — на Слонімшчыну, дзе ў бацькавым маёнтку Бужымаў і прайшла палова жыцця нашай гераіні. 

На днях у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі мы знайшлі дадатковыя звесткі пра мужа Тэклі — Адама Урублеўскага. Аказалася, ён таксама паходзіў са Слонімшчыны і быў сынам мясцовага абознага. Брат Адама Марцін, ганаровы сведка на шлюбе аўтаркі (1800), жыў з сям’ёй блізу Слоніма. Такім чынам, не толькі Дзісненшчына ўпісана ў “дарожную карту” Урублеўскай. 

ПЕРШЫЯ КРОКІ 

У 1817-м паэтка выпускае адразу два выданні, якія ўключалі дзве трагедыі на сюжэты са старажытнай гісторыі ды 14 вершаў. Крытыка заўважыла з’яўленне “жняі” на літаратурнай ніве, да таго цалкам занятай “касцамі”: Ян Савіньскі адвёў пісьменніцы цэлы раздзел у кнізе. Адзначаўся бясспрэчны талент Урублеўскай, але ў цэлым рэцэнзія была не надта прыхільная. 

Ратуша ў Вільні. Марцін Залескі (1846) 

Дарэчы, даследчыкі адшукалі цікавую згадку гэтых кніг Тэклі. У 1821-м у часопісе Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służacemi (№ 22), у раздзеле “Тавары і прадметы для розыгрышу ў латарэі, што былі ахвяраваны ў краму бедных”, пабачыла свет абвестка: “Вяльможная Тэкля з Бужымоўскіх Урублеўская ахвяравала 20 асобнікаў трагедыі «Каралева Сузы» і 20 асобнікаў трагедыі «Мустафа і Зангір»”. Што падштурхнула літаратарку да такога кроку? Адны навукоўцы лічаць — адсутнасць попыту на кнігу. Іншыя — імкненне зрабіць выданні даступнымі для найбяднейшай часткі адукаванага грамадства. Думаецца, бліжэйшы да праўды другі варыянт. Урублеўская, як сведчыў паэт Антон Адынец, была заможнай, мела вялікі маёнтак і займалася дабрачыннасцю. Зрэшты, такая ж дабрадзейка — і сястра Тэклі Канстанцыя Палубінская з Бужымоўскіх. Як паведамляў “Кур’ер Літоўскі” 1 лютага 1829 года, у скарбонку Гарадзенскага таварыства дабрачыннасці Канстанцыя ўнесла даволі значную суму на падтрымку бедных — два чырвоныя злотыя (дукаты), 30 срэбных рублёў і 66,5 капейкі, ды яшчэ і 40 рублёў асігнацыямі. У той жа час выданні Урублеўскай у варшаўскіх кнігарнях каштавалі каля трох польскіх злотых. 

ДА МІНУЛАГА

У 1820-м у творчасці паэткі здарыўся нечаканы віраж. Новая трагедыя, ухваленая да друку цэнзурай 16 (28) жніўня, з’явілася ў чытачоў у другой палове года. Работа была прысвечана жонцы брата Фердынанда — Зоф’і з роду Папроцкіх. Назва — “Нарымонт, вялікі князь літоўскі” — адразу мусіла прыцягнуць увагу публікі. Тады цікавасць да праўдзівай айчыннай гісторыі толькі нараджалася і адпаведнай літаратуры востра не хапала. Каб наталіць прагу ведаў, карысталіся створаным у сівую даўніну. Адзін з такіх светачаў — “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі”, упершыню надрукаваная ў 1578-м. Дзякуючы ёй, жыхары Заходняй Еўропы маглі пазнаёміцца з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, вакол аўтарскіх правоў на твор паміж Мацеем Стрыйкоўскім і Аляксандрам Гваньіні разгарэлася вайна. Але кароль Стэфан Баторый у 1580-м, прызнаўшы аўтарам Стрыйкоўскага, паставіў у спрэчцы кропку. Пазней кніга не раз перавыдавалася і, напэўна, была абавязковай для вечаровых чытанняў у кожнай сядзібе беларускай і літоўскай шляхты. Гэта што тычыцца гістарычных выданняў. З мастацкім асэнсаваннем даўнейшых часоў было не лепш. Таму наша гераіня, выпусціўшы трагедыю “Нарымонт”, увайшла ў тройку айчынных пісьменнікаў, якія звярнуліся да мінулага роднай зямлі. Перад Урублеўскай была Ганна Мастоўская з яе гатычнымі творамі, напрыклад “Не заўсёды так робіцца, як гаворыцца. Беларуская аповесць, расказаная стагадоваю дамаю” (1806). Трэці аўтар — Яўзебій Славацкі, чыю трагедыю “Міндоўг, кароль літоўскі” спярша паставілі на варшаўскай сцэне 1 студзеня 1813 года, а друкаваць пачалі ў 1821-м. 

ЁН ЖА МІНДОЎГ 

З “Хронікі” Урублеўская ўзяла сюжэт, звязаны з канфліктам братоў Нарымонта і Даўмонта. Ураціславу, дачку рускага князя, плануюць выдаць замуж за вялікага князя літоўскага Нарымонта. Але дзяўчыне больш даспадобы Даўмонт, які таксама закахаўся ва Ураціславу. Ён выкрадае князёўну і прывозіць да сябе ва Уцяны. Далей пачынаецца сапраўдная трагедыя, якую лепш чытаць, чым распавядаць. Сённяшнія даследчыкі лічаць: гісторыя з “Хронікі” насамрэч тычыцца супрацьстаяння Міндоўга і Даў монта, якое завяршылася ў 1263-м за бойствам першага (разам з малодшымі сынамі) і ўцёкамі ў Пскоў другога. Аднак у творы Урублеўскай канфлікт вырашаецца паіншаму. Цікава, што ў прадмове аўтарка шчыра папярэдзіла чытача, маўляў, пісала трагедыю, а не гісторыю народа. Таму і дазволіла сабе перайначыць звесткі. 

Лявон Бароўскі. Андрэй Валімовіч (1820-я)

Трагедыя трагедыяй, але для раскрыцця асобы паэткі больш важнай падаецца прадмова да кнігі: “Чым больш хто жыве, тым больш заглыбляецца ён у сваіх недахопах. Ад іх цяжка адвыкнуць. Ці зусім нельга. Я знаходжуся ў падобным становішчы. Неадольная прага да вершавання змушае мяне рыхтаваць усё новыя і новыя кніжкі — на спажыву молі альбо пацукоў, жыццё якіх я стараюся падоўжыць сваім пяром. Што ж рабіць? Кожны мае свае слабасці, і рэдка хто вольны ад іх. Дык вось, выдаю яшчэ дзве трагедыі і абяцаю штогод выдаваць па адной. Бо шмат ёсць асоб, якія нудзяць сябе ўзаемна, а я буду сваіх чытачоў. Калі не забаўлю, не навучу, не пацешу нават, дык перадусім нікога не сапсую. Хто ведае, можа, мне ўдасца, што чытачы, засмучаныя маімі кепскімі вершамі, не толькі самі адракуцца пісаць, але і ў іншых гэтую агіду будуць выхоўваць, дык я хоць якую карысць прынясу” (пераклад М. Хаўстовіча). Як і ў папярэднія кнігі, Урублеўская дадала ў трэцюю нізку вершаў. Відаць, гэта была рэшта нявыпушчанага зборніка “Вясковыя забаўкі”. 

КРЫТЫКАН 

У 1817-м у Вільні стварылі Таварыства шубраўцаў. Уваходзілі ў яго, напэўна, самыя разумныя сілы былога ВКЛ — прыхільнікі асветы і цвярозасці, вызвалення сялян з прыгону, выкрывальнікі заган тагачаснага грамадства. Рупарам аб’яднання стала знакамітая газета Wiadomości Brukowe (“Вулічныя навіны”). Публікацыі ў асноўным апісвалі ўнутраныя справы зямель ранейшага ВКЛ. Таму палякі дакаралі ліцвінаў, што тыя “больш клапоцяцца, каб іх разумелі ў Вільні, чым у Варшаве”. У суботу 3 (15) верасня 1821 года выходзіць чарговы выпуск (№ 248), цалкам прысвечаны крытычным развагам пра трагедыю “Нарымонт”. Праўда, першая з чатырох старонак — меркаванне ананіма аб месцы жанчыны ў грамадстве. Погляды выкладзены, скажам, кансерватыўныя (у двух словах — жанчыне належыць не філасофстваваць, а займацца хатняй гаспадаркай). Далей аўтар разбірае “Нарымонта” на часткі, шкадуючы землякаліцвіна, які па віне літаратаркі трапіў у заблытаныя палітычна-асабістыя абставіны. Завяршаецца матэрыял “закамуфліраванай” пагрозай “пакараць” Урублеўскую, якая плануе штогод выдаваць па добныя работы. Жорсткая крытыка ад та ямнічай асобы (напэўна, Тэкля ведала яе імя), пагроза ці якая іншая прычына — так ці інакш, у выніку паэтка спыніла друк сваіх твораў. Але ці перастала іх пісаць? 

Лічыцца, што ананім — адзін з піянераў беларускага рамантызму, экстраардынарны прафесар Віленскага ўніверсітэта, літаратуразнавец Лявон Бароўскі (1784—1846). Сярод яго прац ёсць і Uwagi nad poezją i wymową (1820). Гэтага прадстаўніка пінскай шляхты яшчэ называюць “адкрывальнікам” Адама Міцкевіча: Бароўскі вучыў будучага вялікага паэта і першым назваў яго “геній”. 

Тут, каб абараніць гонар літаратаркі, трэба згадаць імя цэнзара, які прапусціў у друк трэцюю кнігу Урублеўскай (і які, дарэчы, даваў дазвол на выхад “Навін”). Гэта ксёндз-піяр Філіп Галанскі (1753—1824) — тэарэтык літаратуры і крытык, перакладчык, публіцыст, педагог, некалі рэдактар Gazety Narodowej Wileńskiej (1794). Спіс заслуг былога прафесара Галоўнай віленскай школы (пазней — Віленскі ўніверсітэт) уражвае. А сярод навуковых прац увагу прыцягваюць O wymowie i poezji (1808), Literatka chińska dla literatek i literatów w Europie... (1810). На гэтым фоне меркаванне Бароўскага выглядае не так аўтарытэтна. 

ПЭЎНЫ ЎПЛЫЎ 

І калі Бароўскі ўчыніў “Нарымонту” абструкцыю, то Міцкевіч паставіўся да трагедыі з большай увагай. Твор аказаў пэўны ўплыў на пошукі вялікім паэтам свайго шляху — таго, які атрымаў найменне “рамантызм”. Літаратуразнаўцы бачаць у паэмах “Гражына” (1823) і “Конрад Валенрод” (1824—1828) супадзенні сутнасных характарыстык асобных персанажаў Урублеўскай і Міцкевіча. Адам не мог не чуць пра Тэклю, бо на пасяджэннях літаратурнай секцыі Таварыства філарэтаў яе экстравагантнае жыццё было прадметам бурлівага абмеркавання. Міцкевіч павінен быў сутыкацца з працамі Урублеўскай, што выдаваліся і прадаваліся ў Вільні ў час, калі творца вучыўся ва ўніверсітэце. Тэкля таксама не магла не ведаць пра новую зорку беларускага паэтычнага алімпа. Гэта было б дзіўна для чалавека, які займаўся літаратурай “прафесійна”. Да таго ж у 1822-м падпісчыкам на першую кнігу паэзіі Адама Міцкевіча выступае брат Тэклі Фердынанд Бужымоўскі, прэзідэнт слонімскага суда. 

ЗАХАВАЛЬНІЦА 

Пасля пагрому ад “пінскай шляхты” мы губляем Урублеўскую з поля зроку на некалькі гадоў. Каля 1830-га ў друкарні полацкіх піяраў выходзіць зборнік “Паэзія Яна Аношкі. Пасмяротнае выданне”. Дазвол на друк быў атрыманы 14 (28) чэрвеня 1828-га. 

Полацк. Напалеон Орда (паміж 1856-м і 1883-м) 

У прадмове Тэкля піша, што, колькі гадоў жывучы ў Беларускай губерні (Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына і Гомельшчына), часта чула вершы Яна Аношкі, але пазнаёміцца з ім не мела магчымасці. І вось пасля смерці гэтага аўтара лепельскі павятовы маршалак Мікалай Грабніцкі (1789—1867), заклапочаны тым, каб памяць аб паэце і яго работы не згінулі, звярнуўся да Урублеўскай з прапановай сабраць і надрукаваць творы “песняра Беларускага”. Гэта літаратарка і зрабіла, удакладніўшы, што мае яшчэ 40 аркушаў з вершаванымі лістамі, байкамі ды іншым і што перадасць іх таму, хто пажадае працягнуць праект. Пра Яна Аношку мы распавядзём у асобнай публікацыі. Адзначым толькі, што без умяшання Тэклі сёння пра яго ніхто б і не ведаў. 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ 

Аб тым, што наша гераіня мела сувязь з Дзісненшчынай, сведчаць два лісты. Адзін, 1815-га, мы згадвалі. У другім, датаваным 10 жніўня 1835 (?) года, аўтарка звяртаецца да віленскага выдаўца Юзафа Завадскага наконт новай літаратуры: “… Далучаю спіс, паводле якога прашу даслаць кнігі. Па падпісцы маю «Шпіёна», «Магікана», а іншыя творы, напісаныя Куперам, набыла на французскай мове. Але не маю «Чараўніцы» і «Піянераў»… Адзін мой кузен Тамаш Івашкевіч жадае мець «Стэпы»…” (Івашкевіч з сям’ёй жыў у Дзісне, дзе і памёр у 1855-м). Цікава, што Тэкля ўпамінае і паэму Джорджа Байрана “Лара”, якую пераклаў Юльян Корсак — былы філарэт з Дзятлаўшчыны (дарэчы, твор нядаўна з’явіўся ў продажы). На гэтым сляды Урублеўскай абрываюцца. Ні дзе яна жыла, ні дзе сканала і была пахавана, мы не ведаем. Але пошук працягваем. 

Газета "Культура" №4 ад 24 студзеня 2024 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ