У кагосьці — зімовыя святы з ранішнікамі і балямі. А ў РТБД — яшчэ і “Заручыны”. Пад такой назвай афіша папоўнілася дзвюма аднаактовымі камедыямі, з’яднанымі тэмай магчымай жаніцьбы.
Спектакль так і пазначаны — вечар гарадскіх камедый. Але ж не ўсё тут проста! Наведаўшы “Заручыны”, вы не толькі ўдосталь насмеяцеся, але і адкрыеце шмат новага і цікавага — гэта будзе яшчэ і вечарына асветніцтва. Толькі не трэба думаць, што тэатр прапануе старадаўнія абрадавыя дзеянні, звязаныя з вяселлем. Падарожжа ў мінулае гарантавана — ды толькі не ў колішні сялянскі побыт, а ў гарадскі асяродак акурат стогадовай даўніны. Справа ў тым, што ў аснову пакладзены практычна невядомыя сёння п’есы Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Першая — “Як яны жаніліся” Аляксандра Валодзьскага — ставілася ў Мінску ў 1922-м. Прычым амаль адначасова ў двух тэатрах: у БДТ-1, які сёння называем Купалаўскім, і ў вандроўнай трупе Уладзіслава Галубка, пазней ператворанай у БДТ-3, цяпер вядомы як Гомельскі абласны драматычны тэатр. Другая п’еса — “Пярэстая красуля” Аляксандра Чужыніна — была на друкавана ў 1918-м, але звестак пра яе ранейшыя ўвасабленні не знойдзена. Чым не адкрыццё новых — дакладней, вяртанне забытых — імёнаў?
Перш чым гэтыя камедыі з’явіліся на сцэне РТБД, Святлана Навуменка, знаны рэжысёр і дырэктар калектыву, правяла з паплечнікамі суцэльнае гістарычнае даследаванне — лічыце, сапраўдныя “раскопкі”. Толькі вяліся яны не дзесьці ў зямлі, каб адшукаць межы культурных слаёў, а ў Нацыянальнай бібліятэцы з дапамогай яе супрацоўнікаў. У выніку і выйшлі на стары зборнік, у якім спыніліся на вышэй азначаных тэкстах. Нацыянальная культура ў нас так доўга асацыявалася з сялянскай, што зварот да гарадскога жыцця мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў успрымаецца чымсьці новым. Між тым спектакль кідае ненадакучлівыя падказкі, што вымушаюць згадаць іншыя віды мастацтваў з іх гарадской тэматыкай азначанага часу.
Найперш здаецца, што гэта архітэктура. Сапраўды, на сцэне змешчаны плоскія выявы домікаўхатак, уласцівых мястэчку (мастакпастаноўшчык — Юрый Саламонаў). Але пры больш дэталёвым разглядзе становіцца відавочна: тыя збудаванні ўпрыгожаны фотаздымкамі старых гарадскіх відарысаў. І не прыдуманых, а рэальных — мінскіх. Прысутнічаюць пазнавальныя дэталі, па якіх можна дакладна вызначыць знакавыя для нашай сталіцы месцы і быццам перанесціся ў той час. Дапамагае і імітацыя сепіі: карычняватыя адценні яшчэ больш пераконваюць у падарожжы ў часе — але не выклікаюць дысанансаў з сучаснасцю, бо набылі новы віток папулярнасці ў інтэр’еры як модная стылізацыя “пад даўніну”.
Сувязі з фотамастацтвам гэтым не абмяжоўваюцца. Бо з’яўленне кожнага з персанажаў суправаджаецца не толькі яго застылай позай і аб’явай звестак, хто гэта такі (бы своеасаблівы агучаны подпіс), але і характэрным гукам з фотавыбліскам, маўляў, птушка вылецела — здымак зроблены. Ды і грым артыстаў адпавядае рэтушы старых фота.
Фота жаніха з нявестай змешчана і на афішы, і на праграмцы спектакля. Але не ў звыклым ракурсе, а пад вуглом, справа зверху — бы тыя закаханыя ляцяць у паднябессі. І хаця яны адлюстраваны ў застылай позе, звыклай для фота тых часоў, асацыяцыі з “Закаханымі” Марка Шагала непазбежныя. Таксама ж гарадская культура тае пары! А ў фінале кожнай з камедый адзін з домікаў сцэнаграфіі пераварочваецца — і на зваротным баку ўзнікае тое ж вясельнае фота ў выглядзе тантамарэскі — калі ласка, здымайцеся!
Тэма партрэта ўзнікае невыпадкова. Яна заяўлена ў саміх камедыях — нораваў (“Як яны жаніліся”) і становішчаў (“Пярэстая красуля”). Прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў малююцца абвострана, парадыйна-сатырычна, наўмысна гратэскава, чаму дапамагае пластыка (харэограф — Дзіяна Юрчанка).
Зайцэвіч — звольнены кандуктар. Увесь палёт думак яго добра выяўлены праз камічна выкананыя балетныя гранд жэтэ (“палёты”-скокі са шпагатам у паветры). І думкі тыя, вядома, не пра каханне да Ганны (Юлія Лазоўская), а як адкрыць уласны гатэль на яе грошы. Нечаканы ў гэтай ролі Алесь Ніканенка — той самы, што запомніўся Іванам у “Альпійскай баладзе”, цяпер іграе калеку Білі ў адроджаным спектаклі па МакДонаху. Тут яго не пазнаць! Жлоба (Сцяпан Краўчук) — прадстаўнік збяднелай шляхты, абсмяянай яшчэ Дуніным-Марцінкевічам, але з відавочнымі закідамі на выкшталцонасць еўрапейскіх манер і донжуанаўскімі замашкамі: невыпадкова ж ён насвіствае знакамітую Песеньку Герцага з “Рыгалета”. Штабны пісар Алувец стаў у Максіма Карасцялёва кульгавым яўрэем — як і Марганчык з “...Красулі”. Падкрэсленай эксцэнтрыкі пазбаўлены друкар Уласенка (Уладзіслаў Віленчыц) — ён і становіцца абраннікам. Міжволі згадваецца аперэта “Жаніхі” Ісака Дунаеўскага, што закранае тую ж тэму — шлюбу не з каханай, а з яе грашыма, вечную на ўсе часы.
Спектакль пашыраны харавым пралогам, дзе візуалізуецца сапсаваны канцэрт, згаданы героямі. Гарадскі паэт (Канстанцін Воранаў) з’яўляецца і надалей. Адпаведна, узнікае і харавы эпілог — пасля “Пярэстай красулі”, што яшчэ больш яднае два розныя творы ў адзін спектакль, апраўлены гэткай харавой аркай, як у некаторых операх. Музыка і найперш песні Андрэя Лабчэўскага на вершы Янкі Купалы арганічна дапаўняюць дзеянне і адначасова набліжаюць яго да сучаснасці, выбудоўваючы паралелі з жанрам кантаты.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА