Сёлета культурная сталіца Беларусі — горад Іванава Брэсцкай вобласці. І хаця рэспубліканская акцыя афіцыйна стартуе ў лютым, першы месяц года для мясцовых жыхароў выдаўся насычаным на падзеі.
Як паведаміла начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык, у студзені пачаўся праект “Дні культуры ў працоўных калектывах горада”. Акцыя, прымеркаваная да 85-годдзя ўтварэння Іванаўскага раёна, прадугледжвае вялікую разнастайнасць формаў. Гэта выступленні гуртоў на прадпрыемствах, наведванне аб’ектаў культурнагістарычнай спадчыны арганізаванымі групамі работнікаў, музейныя ўрокі і дыялогавыя пляцоўкі, квэсты ды іншыя мерапрыемствы.
Паспяхова прайшоў на Іванаўшчыне XIV фестываль народнай творчасці “Фальк лор без меж”. Гасцей свята, якое разгарнулася з 12 па 13 студзеня, каларытнымі нумарамі парадавалі калектывы з розных абласцей Беларусі, а таксама з Расіі. Ад крыццё адбылося ў аграгарадку Тышкавічы, дзе ў 2005 годзе зарадзілася ідэя правядзення брэндавага мерапрыемства Іванаўшчыны. У нядзелю тэрыторыя каля мясцовага Дома культуры ператварылася ў падворак, гаспадыняй якога стала Калядуха-Весялуха. Удзельнікі ўзорнага ансамбля “Каразель” вучылі гасцей побытавым палескім танцам. Народныя майстры прадстаўлялі традыцыйныя рамёствы і дэманстравалі драўляныя, саламяныя, тканыя, вышываныя, ганчарныя вырабы. Усяго было задзейнічана тры сотні чалавек з Беларусі і сямейны калектыў “Жывая даўніна” з Санкт-Пецярбурга (Расія).
Назаўтра ў раённым Цэнтры культуры зладзілі выставы, майстаркласы, круглы стол па зімовых звычаях розных рэгіёнаў Беларусі. Пасля пачаўся “Шчадроўскі разгуляй”: народныя забавы, песні і танцы, віншаванні ад творчых калектываў Іванаўшчыны і ад гасцей свята.
Зараз у краі рыхтуюцца да ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскай акцыі “Горад Іванава — культурная сталіца Беларусі”. Арганізатары плануюць прадставіць творчы праект “Культурны код Іванаўшчыны”. Таксама ў лютым у чарговы раз павінна расчыніць дзверы “Музычная гасцёўня Напалеона Орды”. Сёлета мерапрыемства прымеркавана да 218-й гадавіны з дня нараджэння слыннага мастака і музыканта. У свяце паўдзельнічае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Фінберга.
Як распавяла Валянціна Барадзінчык, яшчэ ў Іванаве збіраюцца адкрыць “Галерэю Славы вядомых землякоў”, філіял раённага музейнага комплексу імя Н. Орды. Значнымі падзеямі года абяцаюць стаць ХІІІ Міжнародны фестываль традыцыйнай культуры “Мотальскія прысмакі” і абласны пленэр рэзчыкаў драўляных скульптур “Людзі гісторыі слаўнай”. Зноў пацвердзіць высокі статус Міжнародны фестываль джазавай музыкі Janow Jazz. Як заўсёды, да яго далучацца госці з-за мяжы.
Валянціна Андрэеўна таксама растлумачыла, што ў рамках запланаванай культурнатурыстычнай акцыі “Сцежкамі Напалеона Орды” грамадзяне даведаюцца пра аб’екты на тэрыторыі Беларусі, адноўленыя дзякуючы малюнкам творцы. Заключнае мерапрыемства пройдзе ў вёсцы Варацэвічы, дзе арганізуюць адпаведную тэматычную экспазіцыю.
На працягу года адбудуцца разнастайныя мерапрыемствы, звязаныя з традыцыйнай культурай Іванаўшчыны: летнік рамёстваў, майстаркласы па народных карагодах і вясельных абрадавых дзеях.
— Гэта прадстаўленне кожнага населенага пункта праз тыя звычаі, якія сёння жывуць у натуральным асяроддзі, — падзялілася падрабязнасцямі Валянціна Барадзінчык. — Вынікі падвядзём у канцы 2025-га. У нас 102 населеныя пункты. Яны хаця і знаходзяцца на тэрыторыі аднаго раёна, захоўваюць арыгінальныя старадаўнія традыцыі, маюць уласнае аблічча і могуць яго паказаць. Унікальнае і незвычайнае жыве ў кожным куточку.
Асобны блок мерапрыемстваў у культурнай сталіцы прысвецяць 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 81-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кінатэатры пад адкрытым небам збіраюцца паказаць фільм “Брэсцкая крэпасць”. Будзе адкрыта інтэрактыўная выстава “Салют Перамогі”. Таксама пройдзе святочны канцэрт-віншаванне “Акорды Перамогі” з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі.
Акрамя таго, у раёне правядуць абласны семінар-практыкум па грамадскапатрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі “Абмяркоўваем. Прапаноўваем. Рэалізоўваем”, урокі памяці, патрыятычныя акцыі, кіналекторыі. Ва ўрочышчы Карасіна прадставяць рэканструкцыю быту народных мсціўцаў “Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада”. А ў ліпені, да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адбудзецца тэатралізаваная імпрэза “Светлы дзень вызвалення твайго, Беларусь!”.
Віктар ГАЎРЫШ