Залатаныя каштоўнасці

Актыўная работа па адраджэнні старажытных рамёстваў на тэрыторыі Беларусі пачалася ў 1980-х. Майстры наваствораных дамоў і цэнтраў рамёстваў выязджалі ў экспедыцыі па вёсках, шукалі артэфакты, звязаныя з культурай продкаў, вывучалі іх і аднаўлялі аўтэнтычныя тэхналогіі. Аднымі з найбольш цікавых знаходак у Віцебскім Паазер’і сталі берасцянікі — гліняны посуд, аплецены бяростай.

САКРЭТЫ СТАЎБУНКОЎ 

— Людзі пачалі выкарыстоўваць гліну для гаспадарчых патрэб яшчэ ў эпоху неаліту, — праводзіць экскурс у гісторыю загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Лапкова. — З часам ганчарства атрымала і ў мясцовага насельніцтва статус запатрабаванага рамяства. Але майстроўумельцаў у мястэчках, аддаленых ад буйных ганчарных цэнтраў, было мала, а працэс — вельмі працаёмкі, таму вырабы цаніліся на вагу золата. Ды толькі матэрыял недаўгавечны, далікатны: не даглядзелі — трэснуў прадмет або ўпаў — і на кавалачкі... Вось і навучыліся нашы продкі каштоўныя вырабы рэстаўраваць: спачатку на пашкоджаныя ўчасткі накладвалі латкі з кары, пазней сталі чарапкі складаць, абціскаць паверсе стужкамі з бяросты. Вядома, для захоўвання вадкасцяў такія пасудзіны наўрад ці можна было выкарыстоўваць, а пад збожжа або іншыя сыпкія прадукты яны прыстасоўваюцца як найлепей. 

На Віцебшчыне берасцянікі мелі назву стаўбункі (тут ідзецца пра гарлачы прамой формы, падобныя на слупкі). Абарочвалі іх стужкамі па спіралі. Але была і іншая тэхналогія — нахлёстам, якая ўжывалася для выпуклых пустацелых вырабаў. 

ПРАВАДНІКІ ГІСТОРЫІ 

Некалькі тысяч гадоў мінула, а тое рамяство існуе! Вядома ж, абгортваючы бяростай вырабы з гліны, сучасныя майстры практычнай мэты не маюць. І пашкоджаныя чыгункі не заўсёды выкарыстоўваюць. Цяпер задача — адрадзіць старажытнае майстэрства. І гэта цудоўна атрымліваецца. Тэхналогію апляцення ганчарнага посуду бяростай у 2023 годзе ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Сёння носьбітамі гэтага элемента ў Віцебскай вобласці з’яўляюцца пяць прафесіяналаў. Загадчык філіяла “Дом ганчара” Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры Сяргей Рымдзёнак — кераміст, вырабы стварае на ганчарным крузе, сам жа іх і “спавівае”. Больш за 20 гадоў прысвяціў дэкаратыўнапрыкладной творчасці Уладзімір Квашко, майстар народных мастацкіх рамёстваў філіяла “Сенненскі Дом рамёстваў” Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Анатоль Сімановіч з Лепельскага Цэнтра рамёстваў — аўтар вялікіх калекцый керамічных вырабаў. Усе ўмельцы — народныя майстры Рэспублікі Беларусь. А малады ганчар з Глыбоцкага Дома рамёстваў Алена Батарчук кіруе народным клубам майстроў “Святлiца” Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Арцём Фамін — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Дапамагае скаардынаваць і папулярызаваць іх дзейнасць Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. 

ШКОЛА ГАНЧАРА 

Паводле слоў Таццяны Лапковай, спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Віцебскім АМЦНТ збіраюцца выкарыстоўваць для далейшага развіцця старажытнага мастацтва. 

— Сёлета мы запускаем праект “Школа ганчара”, які будзе складацца з трох умоўных блокаў, — дзеліцца планамі адмыслоўца. — Нашай першай базай стане горад Віцебск. Сюды мяркуем запрасіць вопытных умельцаў для навучання пачаткоўцаў і тых, хто наогул ніколі не працаваў з керамікай, але мае жаданне. Падчас майстар класаў навічкі пазнаёмяцца з асновамі рамяства. Далей будзем арганізоўваць такія сустрэчы ў Доме ганчара Шаркаўшчынскага РЦК, у іншых раёнах Віцебшчыны, дзе ёсць неабходнае абсталяванне. І, вядома ж, шмат часу нададзім таму, каб даведвацца нешта новае аб дэкарыраванні керамікі, у тым ліку берасцянікаў. 

Па выніках праекта хочуць арганізаваць выставу і паказаць вырабы як у сваім рэгіёне, так і за яго межамі. Балазе досвед ёсць: маляванкі — традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, якому нададзены статус гісторыкакультурнай каштаўнасці Рэспублікі Беларусь, — ужо прадэманстравалі жыхарам і гасцям Мінска, а таксама расійскіх гарадоў Пскова і Смаленска. 

У мінулым берасцянікі стваралі, каб выратаваць разбіты або трэснуты гліняны посуд. Ганчарная справа была дарагой, кожнаму вырабу імкнуліся падоўжыць жыццё рознымі спосабамі. Традыцыя ўзнікла ў рэгіёнах, дзе не было распаўсюджана ганчарства.

НАГОДА ДЛЯ ГОНАРУ 

Таццяна Лапкова з радасцю адзначае: беларусы сталі больш цікавіцца традыцыйнай культурай. 

— Гэта вельмі важна, — заўважае Таццяна Анатольеўна. — Бо народная творчасць — неад’емная частка культуры нацыянальнай, той трывалы падмурак, які аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў. Захоўваючы і развіваючы свае традыцыі, мы не толькі ўшаноўваем спадчыну продкаў, але і пачынаем лепш разумець уласныя карані і гісторыю Радзімы. Мы ганарымся сваёй нацыянальнай ідэнтычнасцю і адчуваем адзінства! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні