Зроб­ле­нае за­ста­нец­ца

На пачатку новага года мы складаем планы, акідваем позіркам дасягненні. Падсумоўваючы плён рубрыкі “Гістарыёграф”, канстатуем: 2024-ы быў багаты на нечаканыя знаходкі і нават адкрыцці.

Сталыя чытачы ведаюць: у гэтай рубрыцы мы запаўняем белыя старонкі жыццяпісаў дзеячаў беларускай культуры, праводзім суботнікі на месцах іх спачыну і ладзім вандроўкі па дарогах, якімі тыя хадзілі. Што ўдалося зрабіць летась? Пройдземся па нашых публікацыях. 

СУБОТНІКІ 

Кожны год мы складаем у заплечнікі рыштунак і выпраўляемся на могілкі беларускіх творцаў — герояў мінулых або будучых матэрыялаў. Прыбіраем тэрыторыю, ставім знічы. Акрамя традыцыйных ужо для нас месцаў, якія даглядаем даўно, — прыкладам, звязаных са старабеларускімі родамі Рэйтанаў (Ляхавічы і Грушаўка), Манюшкаў (Радкоўшчына), Бохвіцаў (Дарава), Неслухоўскіх (Мінск), — штораз у спіс дадаём новыя. У 2024-м у “дарожную карту” трапілі пахаванні Корсакаў (Страла), Дмахоўскіх (Нагародавічы), ГлінскіхБужымоўскіх (Асташын) ды іншых. 

ВАНДРОЎКІ 

А гэтыя падарожжы маюць на мэце распрацоўку турыстычных маршрутаў. Пракладаюцца яны па адным ці некалькіх раёнах (як шлях паэта Уладзіслава Сыракомлі) або часам звязваюць некалькі абласцей Беларусі (напрыклад, прысвечаны паэту Тамашу Зану). Апорнымі пунктамі ў іх становяцца сядзібы, іх руіны, храмы, культавыя камяні, могілкі і адметнасці ландшафту. 

Від з маёнтка Семірадскіх у Ярошыцах

Летась мы прайшліся па Вілейшчыне і Свіршчыне (мастак Генрых Жукоўскі); Іўеўшчыне, Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне (мастак Вінцэнт Дмахоўскі). 

З’явіўся на нашай мапе і маршрут “Загадкі Дзятлаўскага трохкутніка”, які аб’ядаў мясціны і сядзібы, звязаныя з паэтам Юльянам Корсакам, геолагам Ігнатам Дамейкам і згаданым Дмахоўскім. 

ПА СТАРОНКАХ 

Але асноўны цяжар адкрыццяў каторы год нясе “тытульная” рубрыка. “Гістарыёграф” па макулінках вышуквае ў жыццяпісах дзеячаў беларускай культуры новыя цікавыя факты, часам выпраўляючы памылкі папярэдніх даследаванняў і дадаючы эксклюзіўную інфармацыю. 

Так, у матэрыяле “Мінулае, адбітае ў метале” (“К”, № 4,7) мы распавялі пра пачаткі айчыннага медальерства, якое адзначыла 500-годдзе. Нягледзячы на такі сталы ўзрост, гісторыя гэтага мастацтва пакуль маладаследаваная. Нават у экспазіцыях музеяў памятныя медалі прадстаўлены хіба адзінкавымі асобнікамі. Але нам ўдалося сёетое адшукаць. 

"Прабацька" Навагрудка — гарадзішча Радагошча

ТАКІЯ, ЯК… 

“Слова пра Генрыка Жукоўскага” (№12). У гэтай публікацыі мы знаёмім чытачоў з выбітным, але не зусім вядомым на радзіме беларускім мастаком-мініяцюрыстам. Лёс адмераў Жукоўскаму кароткае жыццё — 27 гадоў. Але Генрык дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, і яго мініацюрныя партрэты суайчыннікаў параўноўвалі з працамі найлепшых замежных творцаў. 

“Дзмітрый Шастаковіч. Беларускі след у радаводзе знакамітага кампазітара” (№ 14). Аб тым, што сусветна вядомы кампазітар мае беларускія карані, усім вядома. Але мы прадаставілі новыя звесткі пра яго продкаў, што паходзілі з ваколіц Шэметава (Нарачанскі раён). Знойдзенае ж перадалі ў архіў-музей Дзмітрыя Шастаковіча (Масква, Расія). І працу ў гэтым кірунку працягваем. 

Касцёл Святога Мікалая ў Геранёнах

“Юліян Корсак: разгадкі таямніц” (№ 19). Ураджэнец Дзятлаўшчыны, паэтрамантык, сябра таварыства філарэтаў, найлепшы сябра мастака Вінцэнта Дмахоўскага, паэта Антона Адынца і геолага Ігната Дамейкі доўга чакаў расповеду пра сябе. Мы знайшлі некаторыя цікавінкі радаводу паэта ды выправілі памылкі жыццяпісу. Прыкладам, вярнулі з забыцця праўдзівыя час і месца нараджэння. Дарэчы, у апошнія гады ён жыў у доме Адама Міцкевіча, у Наваградку. У гэтым горадзе і знайшоў апошні спачын. 

“Навагрудскія дарогі славутага кампазітара” (№ 21). Бацька беларускай оперы, Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў Убелі, на Чэрвеншчыне. Часты герой “К”. Але тут мы распавялі пра неагучаны да нас эпізод з біяграфіі: у чэрвені 1857 года ён і вядомы оперны спявак Ахілес Банольдзі былі запрошаны на вялікую ўрачыстасць у колішнюю сталіцу ВКЛ Навагрудак. Разам яны адыгралі канцэрт у былым дамініканскім касцёле і каля тыдня гасцявалі ў фальварку Брыцянка (сёння гэта Навагрудак), які ў тыя часы арандаваў іх сябра мастак Вінцэнт Дмахоўскі. 

Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі

“Дзе пачыналіся Стоўбцы” (№ 22). Ёсць у Стоўбцах месца моцы, з якога пачалася гісторыя горада на Нёмане. І месца гэта ў колішнім маёнтку Кавалёўшчына (цяпер вёска Задвор’е). Ад сядзібы, якой некалькі сотняў гадоў, сёння застаўся дыхтоўны каменны палацык XVIII—XIX стст., які, дарэчы, яшчэ не так даўно служыў людзям, таму знаходзіцца ў выдатным стане і мог бы стаць музеем гісторыі горада. Але праз пасляваенны рамонт у дакументах памылкова пазначылі дату “1949”, і цяпер будынак знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Мы не маглі застацца ўбаку ад такой праблемы і ўжо некалькі гадоў б’ём у званы, падмацоўваючы сваю пазіцыю архіўнымі знаходкамі. 

“Чужое багацце” ўсё яшчэ шукае “бацькоў” (№ 29, 30, 31). Трылогія — першая спроба стварэння гісторыі вядомай у наш час оперы “Чужое багацце нікому не служыць”. Многае з таго, што прымалася па змоўчанні, у тым ліку і яе аўтарства, якое прыпісвалася нямецкаму кампазітару Ёгану Давіду Голанду, не знаходзіць фактычнага пацвярджэння. Таму і па сёння застаюцца без адказу пытанні, хто аўтары лібрэта і музыкі, месца стварэння і прэм’еры, дзе і калі яна ставілася пазней і нават ці ставілася на сцэне ўвогуле. 

“Майстра з берагоў Гаўі” (№ 32, 33, 36, 38). Гэты цыкл публікацый прысвечаны пачынальніку беларускага гістарычнага пейзажа Вінцэнту Дмахоўскаму. Біяграфію мастака мы не толькі выправілі, але і на падставе архіўных матэрыялаў дапоўнілі новымі звесткамі. Дарэчы, знойдзена і месца спачыну творцы, які хоць і памёр у Вільні, аднак пахаваны на сямейных могілках у Нагародавічах. 

“З пакалення асвечаных” (№ 42, 45, 46, 47). Жыццяпісам адной з першых нашых паэтак Тэафілі Глінскай мы пачалі серыял, які прысвяцілі беларускім пісьменніцам. Літаратарка з Наваградчыны, вядомая як аўтарка паэмы “Шчорсы” (1784), некалькіх вершаў і перакладаў. Глінская была гарачай прыхільніцай рэформаў, якія распачаў у Рэчы Паспалітай апошні кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і вылучалася патрыятызмам. У згаданай паэме яна настойліва падкрэслівала карысць вызвалення сялян з прыгону, беручы за прыклад маёнтак графа Яўхіма Храптовіча. 

Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева

“Дзісенская паэтка часоў Асветніцтва” (№ 48, 50). А завяршылі мы 2024-ы жыццяпісам Тэклі Урублеўскай, народжанай Бужымоўскай. Паэтка апублікавала тры тамы твораў, куды ўвайшлі тры трагедыі і каля дваццаці вершаў. У дадатак сабрала, апрацавала і выдала том паэзіі выдатнага беларускага паэта Яна Аношкі. Але пры гэтым Тэкля Урублеўскага фактычна была “творцай без біяграфіі”. Усё, што мы ведалі аб ёй раней, — жыла ў Дзісне ў 1815 і 1835 гадах. Цяпер сітуацыя палепшылася. “К” адшукала сляды яе продкаў на Лідчыне і Слонімшчыне ды адкрыла некаторыя таямніцы жыццяпісу. Але разам з разгадкай старых таямніц выйшлі на свет і новыя, аб чым мы распавядзём неўзабаве. 

Капліца ў Квяткоўцах

А каб першымі даведвацца пра новыя цікавосткі гэтай ды іншых рубрык, не забудзьцеся падпісацца на нашу газету! 

Газета "Культура" №3 ад 17 студзеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара