Пра таленты і скарбы

Апублiкавана: 03 лютага 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Ведаем, дзе іх шмат! Ужо 35 гадоў філіял № 2 “Глыбоцкі дом рамёстваў” Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы плённа працуе над захаваннем беларускіх народных традыцый. Для Віцебшчыны ў 1980-х арганізацыя падобнай установы была новаўвядзеннем. Час паказаў: першапраходцы дасягнулі выдатных вынікаў і сталі прыкладам для многіх.

ТВОРЧАЯ СПАДЧЫНА 

— Нашы майстры вельмі розныя, але ўсіх аб’ядноўваюць неацэнныя якасці: бясспрэчны талент і ўменне працаваць у калектыве, — гаворыць кіраўніца Дома рамёстваў Таццяна Карнеева і прыгадвае гісторыю ўстановы. 

— Кола напрамкаў, па якім працавалі спачатку, было не такім шырокім. Але ўсе знайшлі працяг і развіццё ў сучаснасці, таксама асвойваем новыя, — распавядае Таццяна Гардзееўна. — Больш за 20 гадоў аддалі рупліўцы адраджэнню старажытных рамёстваў і перадалі досвед паслядоўнікам. Так, народны майстар Беларусі па ткацтве Вера Байкова атрымала пачатковыя веды ў дзяцінстве, ад матулі. Выхавала вучаніцу — Алену Міхайлоўскую, якая працягвае вывучаць ткацтва, напаўняе нашы фонды выдатнымі працамі і ўжо сама гадуе падрастаючае пакаленне. Дарэчы, умовы для гэтага ёсць — тры аўтэнтычныя драўляныя ручныя ткацкія станкі ў добрым стане. 

Таццяна Карнеева, Алена Міхайлоўская, Юлія Арэхава, "Вясновы букет"

Пераемніцай народнага майстра Беларусі па саломапляценні Марыі Ермаловіч стала Юлія Арэхава, якая дапоўніла дзейнасць Дома рамёстваў выцінанкай. Цяпер гэтыя віды мастацтва ўнесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, і мы імкнёмся не толькі падтрымліваць традыцыі, але і развіваць іх у сучасным рэчышчы. 

Пачатак ганчарству ва ўстанове паклала народны майстар Беларусі Раіса Іўчык. Яе справу працягваюць Арцём і Таццяна Фаміны. У 2023-м Арцём асвоіў тэхналогію апляцення ганчарнага посуду бяростай, якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурнай спадчыны Беларусі. Гэтую традыцыю цяпер вывучае і жонка. Сама ж Таццяна паспела вызначыцца ў майстэрстве ручной лепкі з гліны: перамагла ў намінацыі “Творчы дэбют” на VI Міжнародным свяцеконкурсе традыцыйнай свістулькі “Салавейка”, што праводзіўся ў межах ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 

МАЛЯВАНЫ ЦУД 

Роспіс па тканіне пачынала вывучаць і потым стварыла вялікую калекцыю вырабаў для роднага Глыбоцкага Дома рамёстваў Галіна Таляронак. А народны майстар Беларусі Святлана Скавырка, якая працуе з 2005га, надала маляванцы форму дэкаратыўнага пано, што дазволіла арганічна скарыстоўваць яе ў сучасных інтэр’ерах. Жанчына займаецца і навуковай работай па вывучэнні асаблівасцей роспісу па тканіне на Глыбоччыне, творчасці Язэпа Драздовіча, пашырае традыцыйныя матывы тэмамі народных свят і фальклору. У 2014-м элемент нематэрыяльнакультурнай спадчыны “Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я” быў унесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

МІНУЛАЕ НАЯВЕ 

Цікава, з якімі лялькамі гулялі дзеці Глыбоччыны ў ХІІ стагоддзі? Звяртайцеся да майстра гістарычнай драўлянай цацкі Віктара Дудкевіча — усё раскажа і пакажа! Ён працуе ў Доме рамёстваў два дзясяткі гадоў і набыў вядомасць выдатнага разьбяра, мастака і дызайнера, які займаецца рэканструкцыяй прадметаў побыту эпохі Сярэднявечча. У 2012-м да Дня беларускага пісьменства Віктар Дудкевіч стварыў рабочую рэканструкцыю друкарскага драўлянага станка ў натуральную велічыню. І цяпер, дзякуючы паменшанай копіі, якую майстар дэманструе ў розных кутках краіны, можна ўбачыць, як друкавалі ў даўнія часы. У 2020-м інсітнае мастацтва Віцебскай вобласці, што з’яўляецца асноўным відам творчасці Віктара Дудкевіча, было прызнана гісторыкакультурнай каштоўнасцю Беларусі. 

Юлія Арэхава. Свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава"

ЛЯЛЬКІ, КАРУНКІ, КІЛІМЫ… 

Сярод майстроў, якія генеруюць новыя ідэі і актыўна ўдзельнічаюць у святах, фестывалях і конкурсах, — Алена Дабравольская. Яна займаецца ткацтвам паясоў, бісерапляценнем, абрадавымі лялькамі ды іншым. Акрамя таго, прасоўвае брэнд Глыбоцкага Дома рамёстваў у інтэрнэтпрасторы. 

Майстар Марына Дземяшкевіч аддае прыярытэт старажытным беларускім лялькаммотанкам: яны самыя простыя, іх можна вырабіць з дзеткамі, прыцягваючы іх у свет традыцыйнай беларускай культуры. 

ДАКЛАДНАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ 

Вышыўкай і карункапляценнем займаюцца Валянціна Логвін і Таццяна Карнеева. Творчы тандэм таксама стварае традыцыйныя глыбоцкія строі. Паколькі не захавалася ніводнай агульнай карціны, як яны выглядалі, даводзілася вывучаць шмат літаратуры, старыя фатаграфіі, кансультавацца са спецыялістамі з Віцебска. У выніку кабеты апранулі ўсіх сваіх калег — атрымалася гістарычна дакладная прыгажосць. 

— Летась асвоілі тэхналогію вышыўкі па філейнай сетцы. У нашай мясцовасці такім спосабам калісьці вырабляліся абрусы, — працягвае здзіўляць разнастайнасцю дзейнасці Таццяна Карнеева. 

Святлана Скавырка

І гэта не апошняе! Майстрыхі ўзяліся за дэталёвае вывучэнне тэхнікі ткацтва, якую выкарыстоўваюць пры вырабе кілімаў — тканых ваўняных двухбаковых бязворсавых дываноў (іх калісьці таксама можна было сустрэць у хатах на Глыбоччыне). 

— На новы год планаў у нас шмат, — кажа загадчыца Дома рамёстваў. — Асаблівую ўвагу надамо элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Працягнем збор інфармацыі па іншых напрамках, будзем удасканальваць сваё майстэрства. Хочацца як мага болей расказаць пра скарбы рамяства роднай зямелькі! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва Глыбоцкага Дома рамёстваў