Вялікі тэатр Беларусі 16-ы раз правёў Баль на стары Новы год. Традыцыйна было шмат цікаўнасцей і крыху змяніўся фармат.
Наш Оперны першы ў краіне пачаў аднаўляць у ХХІ стагоддзі колішнія бальныя традыцыі. Праз 15 гадоў, што мінула з дэбютнага такога мерапрыемства (юбілей!), ажыятаж не знік. Аматары па-ранейшаму рыхтуюць вячэрнія строі, набываюць квіткі, наведваюць танцавальныя рэпетыцыі, што ладзяцца ў тэатры.
Апошняя рэпетыцыя адбылася акурат напярэдадні, 12 студзеня. Але ж і на самім балі разгарнуліся майстар-класы: па танга, гістарычных і бальных танцах. Так што сказаць сваёй даме, маўляў, я табе ногі адтапчу, было папросту немагчыма. Затанцавалі нават тыя, хто раней не ўмеў ці баяўся паспрабаваць.
Сёлетняй адметнасцю балю стала знікненне разгорнутай канцэртнай праграмы ў вялікай зале, што збірала ўсіх адначасова і прыкоўвала да сваіх месцаў адпаведна квіткам. Захаваліся больш камерныя лакальныя канцэрты: у фае партэра выступала інструментальнае трыа “Глорыя”, у фае бельэтажа — ансамбль салістаў аркестра тэатра А.М.А.D.I.S. Brass (у навагодніх строях!) на чале з загадчыкам трупай аркестра, знаным трубачом Дзмітрыем Гарбачуком. У Камернай зале імя Л. Александроўскай праходзіў “Блакітны агеньчык” — двойчы за баль, каб змаглі наведаць усе, хто пажадае. Дарэчы, гэта быў не першы “пробліск” ў цёмныя зімовыя вечары: яго сваяк “Навагодні агеньчык” трывала прапісаўся ў афішы на святы, пачынаючы з 20 снежня.
Нягледзячы на традыцыйную наяўнасць канцэртных праграм, на Старанавагоднім балі стала больш інтэрактыву — і не толькі танцавальнага. Госці маглі паспрабаваць сябе ў якасці салістаў-вакалістаў і артыстаў хору: было арганізавана ажно два караоке. Адно — “з зоркай”, калі можна скласці ансамбль з опернымі спевакамі. Другое — харавое, са струнным квінтэтам “Серэнада”, якім кіруе заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Траццяк.
Дый уласна бальных праграм таксама было дзве. Другая — традыцыйны Венскі баль. А першая — казачны Каралеўскі баль. Так-так, той самы, на які марыла патрапіць (і патрапіла-такі!) Папялушка. Дарэчы, гэта гераіня не пакідала нас усе зімовыя святы: аднайменны балет, прэм’ера якога адбылася ўлетку, упрыгожваў не толькі тэатральную афішу (вядома, з пазнакай “усе квіткі прададзены”), але і святочны тэлеэфір — двойчы, бо трансляцыя паўтаралася.
У час Каралеўскага балю Папялушка (Настасся Храпіцкая) была ў атачэнні іншых герояў гэтай казкі: Прынца (Аляксандр Гелах), Караля з Каралевай (Дзмітрый Капілаў і Клаўдзія Пацёмкіна), Мачахі (Алена Сало) з яе Дочкамі (Кацярына Зіноўева-Правалінская і Алена Таболіч). Не абышлося без Феі (Дзіяна Трыфанава), а завадатарам-апавядальнікам гэтай чароўнай гісторыі быў Казачнік (Дзмітрый Шабеця). Галоўным танцмайстрам усяго Балю на стары Новы год па традыцыі выступіла Юлія Дзятко, якую ў поў-най меры можна назваць хроснай балета “Папялушка”: разам з Канстанцінам Кузняцовым яна была балетмайстрам-пастаноўшчыкам гэтай прэм’еры.
Падрыхтоўкай і правядзеннем цяперашняга Старанавагодняга балю займаліся маладыя творцы: рэжысёры Наталля Бараноўская, якая не ўпершыню прыдумляе падобныя сцэнарыі, Наталля Кузьмянкова, што зладзіла “Блакітны агеньчык”, а таксама дырыжорпастаноўшчык Віталь Грышчанка. Нядаўні выпускнік класа опернасімфанічнага дырыжыравання нашай Акадэміі музыкі, Віталь прыйшоў у Вялікі тэатр толькі летась. І, падобна на тое, пачаў спецыялізавацца на чароўных казках: менавіта ён ставіў на нашай сцэне “Казку пра цара Салтана”, у перадсвяточныя дні дырыжыраваў балетамі “Шчаўкунок” у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева і “Папялушка”.
Першы месяц 2025-га адзначаны мноствам уводаў і ўдзелам маладых артыстаў у спектаклях тэатра. У оперы Дж. Пучыні “Вілісы. Фатум” 11 студзеня партыю Гульельма, бацькі гераіні, у чарговы раз спяваў студэнт Акадэміі музыкі і адначасова саліст тэатра Святаслаў Сахараў. У “Макбэце” ў ролі Доктара дэбютаваў 16-га Руслан Маспанаў. Суквецце першых выкананняў партый другога плану збярэ “Тоска” 23-га. Цэнтральнымі ж героямі паўстане папраўдзе зорны склад маладых салістаў: Настасся Малевіч — фіналістка трэцяга сезона “Фактар.by”, не менш знакаміты Дзмітрый Шабеця і ў ролі антаганіста Скарпія непераўзыдзены Станіслаў Трыфанаў.
Яшчэ большыя змены складаў — у балетах. У “Папялушцы” 10-га Фею ўпершыню танцавала Аляксандра Барысава, Мачаху— Варвара Лапіна. Без значных уводаў не абыдзецца ніводны студзеньскі паказ “Лебядзінага возера”: 15-га і 29-га можна ўбачыць цалкам розныя прэм’ерныя склады Падэтруа. АдэтайАдыліяй упершыню паўстане 22-га Марыя Музалеўская. А 29-га вітайце новых Прынца Зігфрыда (Дзяніс Шпак) і злога чараўніка Ротбарта (Іван Камышоў). У “Баядэрцы” 19-га ў раджу пераўвасобіцца Андрэй Саркісаў, у Гамзаці — Дар’я Чуваргіна. А 26-га каханне Нікіі і Салора ўпершыню перададуць Лізавета Мусорына і Іван Камышоў. Новы Квазімода ў выкананні Мацвея Гаспарана з’явіцца ў “Эсмеральдзе”.
У лютым тая тэндэнцыя працягнецца, разам з ёй узнікне новы праект — “Жыццё ў прафесіі”. Знаныя асобы будуць не толькі выходзіць у цэнтральных партыях спектакляў, але і раздаваць па заканчэнні аўтографы.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра