Ад ідэі да спектакля

Апублiкавана: 29 студзеня 2025 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Шанц драматурга-пачаткоўца ўбачыць свой твор на сцэне абмежаваны праз шэраг мастацкіх і немастацкіх прычын. Аднак у Цэнтры беларускай драматургіі дапамагаюць аўтарам зарыентавацца ў тэатральнай прасторы. Тут можна прадставіць свае п’есы публіцы і атрымаць каштоўныя водгукі ад экспертаў і гледачоў.

— Цэнтр беларускай драматургіі быў створаны ў 2007 годзе пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Сфармавалася прастора, дзе актыўна працуюць над пошукам і падтрымкай новых таленавітых драматургаў, — расказвае кіраўніца Цэнтра Анастасія Васілевіч. 

Асноўны фармат мерапрыемстваў — сцэнічныя чытанні п’ес і паказы эксперыментальных спектакляў, драматургічныя семінары і майстар-класы. 

Адмысловае месца ў працы Цэнтра адводзіцца штогадовай Міжнароднай драматургічнай лабараторыі. 

Удзельнікаў адбіраюць па заяўках. Сярод кандыдатаў — як драматургі, якія ўжо маюць свае п’есы, так і людзі з іншай адукацыяй, у тым ліку журналісты, педагогі, мастацтвазнаўцы, якія толькі пачынаюць пісаць. 

— Калі мы бачым у іх патэнцыял — запрашаем: пры правільным кіраўніцтве чалавек здольны стварыць тэкст, які можна выкарыстоўваць для пастаноўкі, — тлумачыць Анастасія. — На працягу пяці дзён пяць пар рэжысёраў і драматургаў пад куратарствам распрацоўваюць сінопсісы п’ес і прэзентуюць асобныя фрагменты. Прычым задума ў будучых аўтараў ёсць не заўсёды, і менавіта ўдзел у лабараторыі становіцца штуршком да яе з’яўлення. 

Куратары — вядомыя айчынныя і замежныя драматургі. Сярод іх — Яраслава Пуліновіч, чый спектакль “Жанна” скарыў гледачоў на ўсёй постсавецкай прасторы, і Кацярына Цімафеева, якая паспяхова развіваецца ў нішы дзіцячага тэатра. 

Для ўдзельнікаў, якія не маюць досведу, у 2018—2019 гадах праходзіла драматургічная лабараторыя: на працягу трох месяцаў з імі працавалі супрацоўнікі ЦБД. У выніку з’явіліся п’есы, якія былі пастаўлены ў тым ліку на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. 

АБУДЖЭННЕ ТАЛЕНТАЎ 

Маладыя ўдзельнікі лабараторыі з’язджаюць з гатовым сюжэтам, эпізоднікам. З аўтарамі заключаюцца дамовы, і на працягу трох месяцаў яны дапісваюць свае працы, карыстаючыся атрыманымі каштоўнымі ведамі па асновах драматургіі. 

— Не ўсе, хто прыходзяць на лабараторыі, застаюцца ў мастацтве. Але нам удаецца адшукаць маладыя таленты! У выніку з’яўляюцца новыя п’есы, якія трапляюць у шорт і лонглісты прэстыжных драматургічных конкурсаў, — распавядае кіраўніца Цэнтра. — Адна з іх Яўгенія Прохарава. Таксама варта адзначыць інсцэніроўку прытчы Уладзіміра Караткевіча “Карней — мышыная смерць”, створаную Мікалаем Музычэнкам, па якой рэжысёр Алена Зміцер паставіла спектакль “Карней. Гісторыя аднаго дома”. Прэм’ера прай шла з аншлагам летась. 

Анастасія Васілевіч падкрэслівае, што, нават калі па выніках лабараторыі п’еса выйшла не дастаткова моцная, аўтар усё роўна атрымлівае добры досвед і працягвае развівацца. Праз год многія вяртаюцца ў Цэнтр значна ўзмужнелымі і застаюцца ў драматургіі. Гэта вельмі каштоўна. 

ПАЧЫТАЕМ? АБМЯРКУЕМ! 

Са з’яўленнем новых драматургаў узнікае неабходнасць у сучасных рэжысёрах, здольных працаваць з іх творамі. Пошук і развіццё такіх спецыялістаў — таксама важная задача ЦБД. 

— Для працы ў гэтым напрамку мы выкарыстоўваем сцэнічныя чытанні — своеасаблівы эскіз да спектакля, калі акцёры чытаюць тэкст п’есы перад аўдыторыяй, аднак ужо з рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй. Выкарыстоўваюцца дэкарацыі, касцюмы, рэквізіт для стварэння атмасферы і рэалізацыі рэжысёрскай канцэпцыі, — адзначае кіраўніца. — Ёсць прыклады, калі ўдзел у лабараторным працэсе Цэнтра станоўча адбіўся на далейшай дзейнасці маладых рэжысёраў. Хачу адзначыць Лізавету Машковіч, якая яшчэ студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў рабіла ў нас чыткі паводле сучасных п’ес. А цяпер на IX Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску ўзяла прыз за найлепшую рэжысуру (спектакль “Белыя Росы” Новага драматычнага тэатра). 

Карысць ад сцэнічных чытанняў вялікая і для драматургаў. Яны знаёмяцца з водгукамі рэжысёра і гледачоў, якія падключаюцца да абмеркавання пасля чыткі. Аўтар п’есы, аналізуючы пачутае, робіць высновы: што спрацавала, а што не, што трэба прыбраць ці дадаць і ці ёсць сэнс працягваць пісаць падобныя тэксты. Анастасія называе такую лабараторную работу дзейсным інструментам для падтрымкі драматургаў, які дае ім магчымасць быць пачутымі, што вельмі важна для любога творчага чалавека. 

Чыткі падабаюцца і шматлікім гледачам. Менавіта іх актыўнасць дазволіла перанесці сцэнічныя чытанні з пляцоўкі Цэнтра на сцэну РТБД. 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ! 

Падобную практыку ў ЦБД працягнуць і сёлета. Акрамя таго, плануецца аднаўленне бясплатных чытак, у якіх будуць удзельнічаць неспрактыкаваныя маладыя драматургі, рэжысёры і акцёры. 

— У 2025 годзе з дапамогай Міністэрства культуры мы збіраемся арганізаваць драматургічныя семінары, чыткі і лабараторыі ў рамках фестываляў, выязныя сесіі з лекцыямі па сучаснай драматургіі, а таксама адкрыць лабараторыю тэатральнай крытыкі, дзе будуць навучацца маладыя журналісты, — дзеліцца планамі Анастасія Васілевіч. — Наша задача — стварыць драматургічную супольнасць, у якой аўтарам-пачаткоўцам будзе карысна, цікава і камфортна працаваць. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва ЦБД