Будучыня творыцца сёння. Голас за Беларусь!

Апублiкавана: 28 студзеня 2025 Стужка Тэатры Мінск Прэс-клуб

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Такі лейтматыў у чарговай анлайн-сустрэчы прэс-клуба, зладжанай рэдакцыйнавыдавецкай установай “Культура і мастацтва”. У гэты раз наша госця — генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава. 

Гаварылі пра палітыку, грамадзянскую пазіцыю творцы і многае іншае. Кацярына Мікалаеўна шчыра адказала на ўсе пытанні. Зрэшты, запіс трансляцыі цалкам можна ўбачыць на канале “Культура і Мастацтва” ў YouTube. А пакуль — самае цікавае і важнае з размовы. 

— Спорт, навука і культура па-за палітыкай? 

— Такое распаўсюджанае меркаванне ўзнікла зза неразумення сутнасці з’яў, што апрыёры не могуць быць адарванымі ад грамадскага жыцця. Рэчаіснасць, асабліва апошніх пяці гадоў — перыяду так званых санкцый, гэта пацвердзіла. Менавіта спорт, навука і культура аказаліся непасрэдна ўцягнутымі ў палітыку. Хіба могуць расцэньвацца іначай забароны на выступленні пад уласным нацыянальным сцягам, на ўдзел у навуковых канферэнцыях і творчых конкурсах? Мэта любых санкцый — нанесці шкоду палітычнай стабільнасці краіны. Таму для мяне відавочна: ні спорт, ні навука, ні культура не могуць існаваць паза грамадствам і палітыкай. Лічу, што культура наогул з’яўляецца рупарам пэўнай краіны, адлюстраваннем яе дасягненняў і ўзроўню развіцця. 

— Сёння на сцэне Вялікага — зоркі сусветнага маштабу. Што натхняе іх працаваць у родных сценах? 

— Важная частка жыцця любога артыста — гастролі. Паказваць сваё мастацтва і творчыя здабыткі публіцы за мяжой азначае быць упэўненым у майстэрстве і гатовым атрымаць абсалютна аб’ектыўную ацэнку. Гэта істотны этап у прафесійным развіцці. 

Але наш тэатр адчуў на сабе санкцыйныя абмежаванні. У той жа час асобныя артысты атрымліваюць запрашэнні з’ехаць за мяжу і выступаць індывідуальна, не пад сцягам Вялікага тэатра Беларусі. 

Я назірала, як пасля 2020 года ў нашым калектыве адбывалася ўсведамленне значнай місіі служэння свайму тэатру і сваёй краіне. Нашы артысты ўсіх узростаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, асабліва апошнім часам. Гэта адлюстроўваецца сёння і ў іх словах, і ў справах. 

— “Марафон адзінства”. Як калектыў знайшоў уласны фармат? 

— Для нашага тэатра ён даволі нечаканы. На пачатку мы не вельмі добра ўяўлялі, як зможам сябе прадставіць у межах акцыі. Але быў значны энтузіязм, і мы знайшлі патрэбныя формы. Натуральна, гэта майстар-класы. Толькі ўявіце, як у аддалены райцэнтр, дзе нейкі хлопчык ці дзяўчынка марыць аб вялікім мастацтве, прыязджае народная артыстка Беларусі, надзявае пуанты, танцуе, дзеліцца досведам. Нашы вядучыя спевакі наведваюць школы мастацтваў, выступаюць і праводзяць урокі. Гэта выключная з’ява, бо звычайна яны не маюць дачынення да адукацыйных працэсаў. 

І, вядома, наша выстава! Мы даў но збіраліся зрабіць нешта, каб пазнаёміць людзей з гісторыяй і асаблівасцямі Вялікага тэатра. Але якраз арганізатары “Марафону адзінства” падштурхнулі да стварэння паўнавартаснай экспазіцыі. Пэўны досвед ужо быў, але ж мы не музей… Тым не менш узяліся і зрабілі. Сфарміравалі дакументальны матэрыял, паказалі архіўныя і новыя афішы, дзейнасць нашых майстэрняў, касцюмы, рэквізіт, працу над апошнімі праектамі. Перадусім гэта “Патэтычны дзённік памяці” — прэм’ера 2024 года, у якой паўдзельнічаў амаль увесь калектыў тэатра, каля 300 чалавек. Спектакль прысвечаны памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб усіх вядомых і невядомых героях, якія прайшлі праз тую трагедыю і набліжалі — часта цаной уласнага жыцця — Дзень Перамогі. Экспазіцыя цяпер прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках “Марафону адзінства”. 

— Якая роля спецыяльнага фонду Прэзідэнта ў лёсе таленавітай моладзі? 

— Сама ідэя з’яўлення фондаў Прэзідэнта па падтрымцы таленавітых і адораных юнакоў і дзяўчат была скіравана на тое, каб стварыць умовы для іх рэалізацыі ў нашай краіне. Уявіце сабе найцяжэйшыя 1990-я гады, калі пачаўся адток моладзі за мяжу. Тады мы прапанавалі магчымасць увасобіць задумы і мары, прафінансаваць удзел у нейкім буйным праекце. Нам дасылалі тысячы заявак... За мінулы час былі ўстаноўлены дакладныя крытэрыі адбору, створаны банкі даных таленавітай і адоранай моладзі. З’явіліся высокія грамадскія статусы стыпендыята і лаўрэата спецфонду Прэзідэнта Беларусі, пашырылася падтрымка педагогаў, без якіх немагчымае развіццё юных талентаў. Мы не толькі адсочваем лёсы маладых людзей, але і фарміруем уяўленне пра педагагічныя школы ў творчых навучальных установах. Сёння падтрымка фонду забяспечвае чалавеку пэўны сацыяльны ліфт, які дапамагае паспяхова дасягаць як жыццёвых, так і прафесійных мэт. 

— Як Вялікі шукае творчыя кадры? Хто можа патрапіць у трупу? 

— Каб трапіць да нас, трэба адсочваць аб’явы на сайце тэатра, у якіх абвяшчаецца конкурс на тую ці іншую вакансію. Па ўсіх творчых спецыяльнасцях ладзіцца конкурсны адбор. Вывучаюцца дакументы і праводзяцца прагляды артыстаў. 

Што датычыцца мэтанакіраванага пошуку талентаў, то ў савецкі час існавала сістэма, калі адмыслоўцы ездзілі па аддаленых куточках краіны, выбіраючы адораных хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх потым выхоўвалі ў школеінтэрнаце пры кансерваторыі. Сёння гэтую справу робіць Рэспубліканская гімназіякаледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Праўда, цяпер бацькі цяжэй пагаджаюцца адпусціць дзяцей у сталіцу, педагогі ў рэгіёнах не вельмі ахвотна аддаюць сваіх выхаванцаў. Але справа робіцца, колькасць талентаў не змяншаецца. Адзінае, што хочацца адзначыць, — акадэмічнае мастацтва дзяцей зараз прадстаўлена ў сродках масавай інфармацыі не так шырока, як хацелася б. Перш за ўсё маю на ўвазе тэлебачанне. Раней там былі адпаведныя шоу і конкурсы. Цяпер яны, на жаль, зніклі. Мы больш не сустракаем на экране ні хлопчыкаў са скрыпкамі, ні дзяўчынак з арфамі… Спадзяюся, што з часам сітуацыя зменіцца. 

— Прыма — гэта глядацкая ці прафесійная адзнака? 

— Безумоўна, гэта статус, замацаваны традыцыяй. Сёння, напрыклад, нашага галоўнага балетмайстра Ігара Колба мы афіцыйна прадстаўляем як “прэм’ер Марыінскага тэатра”. Паняцці “прыма” і “прэм’ер” азначаюць найвышэйшае майстэрства і глядацкае прызнанне. Мы адсочваем рэакцыю публікі — і ніколі не памыляліся ў ацэнках. 

— Ці актуальная для культурнай прасторы інфармацыйная гігіена? 

— Ніхто не адмяняў існавання бульварнай прэсы. Яна была і будзе. Мы пакідаем за сабой магчымасць абараняць правы і годнасць нашых артыстаў усімі законнымі сродкамі. Калі спатрэбіцца, і ў судовым парадку. 

— Што сёння вызначае грамадзянскую пазіцыю супрацоўнікаў Вялікага тэатра Беларусі? 

— Думаю, што голас найбуйнейшага творчага калектыву нашай краіны вельмі важны. Я ведаю, аб чым гавару. Пяць гадоў таму ў многіх з нас не было сапраўднага разумення, што кажа Кіраўнік дзяржавы, не было ўсведамлення небяспекі для стабільнасці Беларусі і дабрабыту нашых грамадзян. Але сёння мы пасталелі. Вялікі тэатр знаходзіцца ў самым цэнтры грамадска-палітычнага жыцця. І наш голас гучыць ва ўнісон з голасам Прэзідэнта краіны. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА