З розных куткоў свету ў Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна прыязджаюць госці — палюбавацца ўнікальнай кісяёй і вышыўкай, багатай калекцыяй вырабаў з саломы, гліны, дрэва, іншых матэрыялаў.
Дыпломная работа Марыны Гушчы, выпускніцы мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава, будучай кіраўніцы аднаго з самых паспяховых у нашай краіне Дамоў рамёстваў, была прысвечана ткацтву. Строгай камісіі дзяўчына прадстаўляла свой першы ў жыцці габелен — ацанілі высока. З гэтай працы і пачаўся яе прафесійны шлях у традыцыйнае беларускае мастацтва даўжынёй у 35 гадоў.
Марына Гушча
— У 1989-м мне прапанавалі ўзначаліць народны клуб майстроў і самадзейных мастакоў “Вытокі” пры Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі. А праз тры гады быў утвораны Дом рамёстваў і фальклору, — успамінае Марына Леанідаўна.
З таго моманту асаблівую ўвагу супрацоўнікі надавалі этнаграфічным паездкам: даследчая работа давала магчымасць вывучаць рамёствы Гарадоччыны.
— Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках практычна нічога не засталося з аўтэнтычных прадметаў, таму бясцэннымі былі гутаркі з майстрамі — па іх аповедах, макулінка за макулінкай, мы аднаўлялі старадаўнія тэхнікі, — распавядае суразмоўца. — І ў выніку дасягнулі жаданага: ствараем вырабы, якія дакладна паўтараюць арыгіналы: ідэнтычныя арнаменты, крой асобных элементаў строяў, каляровая гама.
Што датычыцца самой таленавітай майстрыхі, то яна поўнасцю пагрузілася ў ткацтва, асвойвала адну тэхніку за другой. Праз дзевяць гадоў прыйшла да ажурнага, якое і аказалася самым блізкім да сэрца. Паспяхова ўдзельнічала ў конкурсах.
Найбольш запамінальным для Марыны Гушчы стаў “Славянскі базар у Віцебску” у 2001-м, які прынёс ёй гран-пры — першую буйную ўзнагароду.
Гарадоцкія ажурныя ручнікі, абрусы і сурвэткі не пераблытаць з іншымі: ткуцца яны з адбеленых ільняных нітак і нагадваюць разрэджаную сетачку; краі ўпрыгожаны карункамі. У 2013-м намаганнямі Марыны Леанідаўны гарадоцкая кісяя была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
А ў 2014-м Марына Гушча ўзначаліла Дом рамёстваў і фальклору. Пад яе кіраўніцтвам калектыў прадоўжыў працу над аднаўленнем аўтэнтычных тэхналогій. Сёння да нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі аднесены яшчэ чатыры элементы: спіральнае пляценне, берасцянікі (гаршкі, аплеценыя бяростай), наіўнае мастацтва і саламяныя павукі. Але на гэтым майстры не спыняюцца: ужо падалі дакументы на прысваенне высокага статусу элементу “вышыўка ў тэхніцы перавіць”.
Цяпер у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору працуе 20 чалавек, пяцёра з іх — народныя майстры Рэспублікі Беларусь, дзясяцера — члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Уражвае і колькасць напрамкаў — 14: народны касцюм і беларуская лялька, саломапляценне і спіральнае пляценне, наіўнае мастацтва і вышыўка, ганчарная справа і кераміка, лозапляценне, ткацтва і іншыя.
Узор на ручніку сімвалізуе ўраджай
— Да абласных “Дажынак-2014” для нас узвялі спецыяльны добраўпарадкаваны будынак: ёсць усё, што неабходна для плённай працы майстроў, — якасныя матэрыялы, прылады і прыстасаванні, абсталяванне. Умовы вельмі добрыя! І ўсё ж галоўны складнік паспяховай дзейнасці ўстановы — калектыў і адданасць кожнага справе, — перакананая кіраўніца. — А ў нас людзі надзейныя і адказныя. Старэйшыя з задавальненнем пера-даюць досвед маладым, а тыя зараджаюць энергіяй.
Прапаганда беларускай нацыянальнай культуры вядзецца праз арганізацыю лекцый і семінараў, майстар-класаў і экскурсій. Асноўны напрамак — навучанне традыцыйным рамёствам дзяцей і дарослых, у тым ліку людзей з інваліднасцю. Усе выкладчыкі маюць вышэйшую педагагічную адукацыю.
Тытанічная праца майстроў па захаванні і развіцці нацыянальнай спадчыны шмат разоў атрымлівала адпаведную адзнаку. Так, у 2007-м Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць”; у 2002, 2013 і 2019 гадах прызнаваўся найлепшым на Віцебшчыне. Сярод значных узнагарод таксама гран-пры абласнога конкурсу народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” ў 2016-м за рэканструкцыю народнага строю ў тэхніцы набойкі, два гран-пры ў 2023-м — за спіральнае пляценне і вышыўку.
Высока ацэнены і значны асабісты ўклад кіраўніцы Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, народнага майстра Беларусі Марыны Леанідаўны Гушчы ў адраджэнне і папулярызацыю народных рамёстваў, захаванне і прымнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Марына Леанідаўна мае ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны — 2011”, з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры”. А ў 2020-м атрымала Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта па развіцці тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна. За сродкі было закуплена новае абсталяванне, наняты спецыялісты, якія рабілі інструменты і прыстасаванні, ткалі і праводзілі навучанне ткачых з розных рэгіёнаў краіны. У тым жа годзе Марыну Гушчу ўдастоілі нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. У актыве загадчыцы Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору таксама і шматлікія іншыя ўзнагароды.
Святлана ЧЭКАЛАВА