Свята беларускай Эўтэрпы

Апублiкавана: 21 студзеня 2025 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Ці ёсць свая апякунка ў нашай музыкі? Пэўна, з’явілася-адрадзілася. Прэм’ер, аўтарскіх вечарын беларускіх кампазітараў і проста выкананняў айчынных твораў розных часоў становіцца ўсё больш.

НА КРЫЛАХ ДА ОПЕРЫ 

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым у адзін са сваіх філарманічных вечароў прапанаваў пачуць класік-рок-оперу Сяргея Бельцюкова “Крылы”. У імпрэзе ўдзельнічалі таксама Нацыянальная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы і запрошаныя салісты, уключаючы знакамітую Ірыну Крыкунову (партыя Голасу мары). Акрамя адпаведных сюжэту відэавыяў, намаляваных з дапамогай штучнага інтэлекту, на вялізным экране ў глыбі сцэны раз-пораз узнікалі паэтычныя радкі Роберта Раждзественскага, на якія і напісана опера. Атрымалася штосьці накшталт музычнага комікса з драматычным зместам. Чым не новы жанр на мяжы з кантатай і мюзіклам? У стылістыцы адчуваліся некаторыя тэндэнцыі мінулых дзесяцігоддзяў, бо клавір быў створаны нашмат раней. Але касмічны палёт Марыны Васілеўскай вымусіў кампазітара вярнуцца да матэрыялу і прысвяціць твор ёй. 

Падчас канцэрта "Харавыя Каляды ў стылі джаз"

Праўда, змест і оперы, і пакладзенай у аснову паэмы, куды дабавіліся асобныя вершы таго ж аўтара, падаўся больш шырокім, чым касмічная тэматыка. Крылы, што ў фінале вырастаюць на спіне героя, — гэта яшчэ і натхненне, нараджэнне ідэй. А ў тым, што прэзентацыя класік-рок-оперы насамрэч магла схіліць да творчага палёту, пераконвае выказванне Веранікі Кукуць, студэнткі Акадэміі музыкі: 

— Я адчула ўвесь спектр эмоцый, часам не магла стрымаць слёз. У пэўныя моманты здавалася, быццам знаходзішся ўнутры самой дзеі. Злучэнне класікі і рока мела незвычайны эфект, музыка зачаравала. Нягледзячы на паўторнасць сцэн, нейкую рандальнасць формы, хацелася атрымліваць асалоду ад гучання зноў і зноў. Заварожвала аркестроўка, разлічаная на нязвыклы інструментальны склад. Адчувалася неймаверная аддача ўсіх музыкантаў, што натхнёна ішлі за дырыжорам, і тая зладжаная праца пакінула незабыўнае ўражанне. Гэта шэдэўр. 

ДУХОЎНАСЦЬ І ФОЛК 

У межах таго ж цыкла “Класіка без меж” аркестр Анісімава і саліст Сяргей Герман прэзентавалі скрыпічны канцэрт “Шукайце і знойдзеце” Аліны Безенсон. Назва пазычана з Новага Запавету. І гэта далёка не першы твор кампазітара на біблейскую тэматыку. Духоўны змест маюць усе інструментальныя канцэрты майстра: два фартэпіянныя, а таксама для баяна, домры, кларнета, цымбалаў, трубы. Гэтыя работы выконваліся не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, перамагалі ў конкурсах. 

Аляксандр Анісімаў і Сяргей Бельцюкоў падчас класік-рок-оперы "Крылы"

А колькі аўтарскіх вечарын зладжана за апошнія тыдні! Вольга Вараб’ёва разам з вакальным ансамблем “Камерата”, які яна ўзначальвае, капэлай Р. Шырмы і ансамблем салістаў “Класік-Авангард” падрыхтавала выбітны творчы праект “Сюіта сямі вятроў”: 12 частак адлюстроўваюць поры года праз народнае светаўспрыманне, зафіксаванае ў беларускім песенным фальклоры. Як і ўсе кампазіцыі Вольгі, сюіта, насамрэч блізкая да кантаты, уяўляе сабой дзівосную сумесь атмасфернай музыкі, заснаванай на тонкіх тэмбравых зменах і гукавых эфектах, з няўлоўна-відавочнай фальклорнай асновай і размаітасцю джазавых павеваў. Пазнавальнасць індывідуальнага стылю — несумненная. 

Андрэй Саўрыцкі, што кіруе Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі і славіцца выкшталцонымі апрацоўкамі класікі і фальклору, у філарманічным канцэрце гэтага калектыву “Харавыя Каляды ў стылі джаз” прэзентаваў месу ў шасці частках. Кананічны жанр узбагаціўся разнастайнымі джазавымі прыёмамі, сучасным падыходам да разгалінаванай фактуры.

Андрэй Саўрыцкі

ШТОДЗЁННАСЦЬ І ПАЗІТЫЎ 

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна адбыўся аўтарскі канцэрт Алены Храбровай, дзе гучала яе камерная музыка. Здавалася б, усё зроблена вельмі проста, традыцыйна. Але колькі пазітыву, што саграваў душу! П’есы для фартэпіяна, флейты нагадвалі кінамузыку (кампазітар ужо пісала для “сінема”), а некаторыя рамансы — фрагменты з мюзікла. Мабыць, штосьці складзецца з гэтым жанрам? 

Аўтарскую вечарыну “У садзе маіх летуценняў...” ладзіў у філармоніі зусім малады Ігар Комар. У 27 гадоў ён лаўрэат звыш 25 прэстыжных кампазітарскіх конкурсаў, яго музыка гучыць не толькі ў Беларусі, але і на буйных міжнародных фестывалях у Маскве, Сочы, Бялградзе. Зала імя Р. Шырмы была паўнюткая. Прыехала нават цэлая дэлегацыя з Баранавіцкага музычнага каледжа, які Ігар заканчваў, перш чым паступіў у Акадэмію музыкі. Там творца вучыцца ў аспірантуры, адначасова выкладае і з’яўляецца дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Больш традыцыйныя вакальныя опусы спалучаліся з інструментальнымі, заснаванымі на санорных пошуках, уласцівых почырку кампазітара (згадаце яго саўндтрэк да стужкі “Кіношнікі”). 

Ігар Комар

Беларускай музыкі ўсё больш у штодзённым дзіцячым рэпертуары. У доказ — Х фестываль-конкурс “Дзяржынскі куфэрак” у мясцовай школе мастацтваў. 

— Дзеці ад 7 да 12 гадоў прыехалі з розных куткоў краіны, — распавяла Галіна Гарэлава, старшыня журы, кампазітар. — І ўсе выконвалі па два айчынныя фартэпіянныя творы. Атрымалася не толькі святочная падзея вялікай культурна-эстэтычнай важнасці, але і акт выхаваўча-патрыятычнага значэння. Так дзеці вучацца ўспрымаць традыцыі высокай духоўнасці нашай нацыі. 

На Х фестывалі-конкурсе "Дзяржынскі куфэрак"

Надзея БУНЦЭВІЧ