Выстава “Дарога да міру”, даступная ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, падрыхтавана ў межах міжнароднага супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем гісторыі расійскай літаратуры імя У. І. Даля. Праект, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, увосень ужо распачаў сімвалічнае падарожжа па мясцінах памяці: перадусім ён быў прадстаўлены ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Намеснік дырэктара па экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры імя У. І. Даля Наталля Папаніна падкрэсліла: мастацкія аб’екты, прэзентаваныя ў рамках “Дарогі да міру”, створаны супрацоўнікамі ўстановы паводле ўласнай задумы. Гэта аб’ёмна-прасторавыя ілюстрацыі да работ пісьменнікаў, якія былі сведкамі ваеннага ліхалецця. А інтэрактыўныя інсталяцыі, дзе можна пабачыць цытаты, заахвочваюць гледача да далейшага знаёмства са здабыткамі майстроў слова.
Наталля Адамовіч, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа, дачка аднаго з герояў выставы — Алеся Адамовіча, падзялілася гісторыяй стварэння яго “Блакаднай кнігі” (суаўтар — савецкі і расійскі пісьменнік Данііл Гранін). Адметна, што штуршок далі аповеды дачкі Максіма Гарэцкага, Галіны, якая на пачатку Вялікай Айчыннай была студэнткай у Ленінградзе і пераказала Алесю Адамовічу багата жахаў блакады. Таксама Наталля Адамовіч паведаміла, што ў лістападзе прэзентавалі першы пераклад на нямецкую мову не менш знакамітай і важнай для асэнсавання ваеннай трагедыі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. Інтэрв’ю ў сведак для яе бралі Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль.
Асобы праекта — майстры слова, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай і пакінулі бясцэнную літаратурную спадчыну: Алесь Адамовіч, Булат Акуджава, Віктар Астаф’еў, Васіль Быкаў, Данііл Гранін, Міхаіл Зошчанка, Веніямін Каверын, Віктар Някрасаў, Андрэй Платонаў, Канстанцін Сіманаў ды іншыя. Іх творы вылучаюцца шчырасцю эмоцый і праўдзівасцю. Гэта гісторыі аб выжыванні і мужнасці, маральным выбары і гонары, сяброўстве і здрадзе, геройстве і дэзерцірстве. Усе з’яўляюцца помнікамі культуры ды літаратуры, кранаюць і пакаленне, якое пераадолела ліхалецце, і дзяцей вайны, і тых, хто ведае пра яе толькі па аповедах продкаў.
1941—1945 гады пакінулі незагойныя раны, боль ад якіх перадаецца праз пакаленні і нават сёння заста- ецца ў сэрцах нашчадкаў. Перажытыя, пераасэнсаваныя і выкладзеныя на паперы літаратарамі-франтавіка- мі падзеі натхнілі мастачак Наталлю Раманаву і Кацярыну Ірхіну з Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры на распрацоўку аўтарскіх інсталяцый. Выстава ўяўляе сабой своеасаблівую мазаіку з апісанняў, успамінаў і дзённікавых нататак, архіўных фотаздымкаў і дакументаў. Дзевяць інсталяцый — прасторавых вобразаў, дапоўненых фрагментамі твораў і фактамі з біяграфій, — прапаноўваюць новы погляд на старонкі літаратуры і мінуўшчыны.
Інсталяцыя, якой адкрываецца экспазіцыя, знаёміць са спадчынай Веніяміна Каверына. У яго творах адлюстраваны ваенныя будні Паўночнага флоту. Тэма Вялікай Айчыннай закранаецца ў зборніках “Мы сталі іншымі”, “Школа мужнасці” і, безумоўна, у найбольш знакамітым рамане аўтара “Два капітаны”. Чарговы раздзел распавядае пра Канстанціна Сіманава, які праілюстраваў гераічную абарону Магілёва ўлетку 1941 года ў вядомым рамане “Жывыя і мёртвыя”. Яшчэ ў адной інсталяцыі надаецца ўвага бітве за Сталінград, якую апісвалі Васіль Гросман, Віктар Някрасаў, Міхаіл Шолахаў, Ілья Эрэнбург і многія іншыя. Асобныя часткі праекта расказваюць аб творах, прысвечаных штодзённасці ў тыле, партызанам, выжыванню пад акупацыяй. Сімвалічна замыкае экспазіцыю інсталяцыя ў выглядзе ганка Рэйхстага, на калонах якога можна прачытаць радкі з песень паэта-франтавіка Булата Акуджавы.
Выстава будзе працаваць да 11 мая.
Антон РУДАК
Фота аўтара