Вяртанне шматвяковай славы

Турыстычны аўтобус спыняецца ля невялікага прыгожага возера. Над ім узвышаецца замак-волат. Сказаць, што ён уражвае, — недастаткова. Колькі падзей за пяць стагоддзяў бачылі сцены цвярдыні! Кожная расколіна, кожны камень захоўваюць таямніцы, якія чакаюць, каб пра іх расказалі.

АДРОДЖАНЫ СКАРБ 

Мірскі замак не проста архітэктурны цуд. Гэта нацыянальны здабытак Беларусі, наш брэнд. Ён прыцягвае сотні тысяч турыстаў з усяго свету, якія хочуць дакрануцца да гісторыі. Тут можна, гуляючы па залах, адчуць дух Сярэднявечча, успомніць шматлікія легенды ў падзямеллях і атрымаць асалоду ад маляўнічых відаў з байніцы вежы, дзе вецер шэпча пра былое. Сёння замак — цэнтр культурных падзей — ахутвае наведвальнікаў унікальнай атмасферай: мінулае і сучаснасць пераплятаюцца, і гэта дорыць кожнаму незабыўныя ўражанні. 

Міжволі прыгадваецца канец 1980-х. Пабітыя часам і людзьмі сцены, даху над палацавай часткай няма, абломкі цэглы, трава па пояс... Карціна была такая, што здавалася: мы страцілі архітэктурны скарб назаўжды. І якое шчасце бачыць яго адноўленым!

ГІСТАРЫЧНАЕ РАШЭННЕ

— Усё змянілася 24 чэрвеня 2007 года, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню наведаў Мірскі замак. Менавіта тады Кіраўнік дзяржавы і прыняў гістарычнае рашэнне аб дадатковым фінансаванні і паскарэнні работ па рэстаўрацыі аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны і прыстасаванні яго для турыстычных мэт. Гэта дазволіла завяршыць аднаўленне ў сціслыя тэрміны — усяго за тры гады, — канстатуе Ігар Ложачнік, які асабіста ўдзельнічаў у сустрэчы з лідарам. 

Стан у 1974 годзе

Замоўцам прац у 2007-м выступаў Нацыянальны мастацкі музей. На той момант ужо былі затрачаны дзясяткі мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Для завяршэння рэстаўрацыі, якое планавалася ў 2010-м, сродкаў патрабавалася яшчэ больш. Дзякуючы ініцыіраванай Прэзідэнтам і Урадам Беларусі інвестыцыйнай праграме першы пускавы комплекс па аднаўленні Мірскага замка пачаў фінансавацца належным чынам. 

На сродкі рэспубліканскага бюджэту за тры гады праклалі неабходныя інжынерныя сеткі — ад водазабеспячэння да ахоўнай сігналізацыі, зрабілі чыставое аздабленне палацавых частак і веж замка пад экспазіцыі і гасцінічныя нумары з рэстаранам, закупілі музейнае абсталяванне і прадметы музейнага значэння, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол цвярдыні і капліцы-пахавальні. Генеральным падрадчыкам падчас рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ стала прадпрыемства “Белрэстаўрацыя”. Акрамя таго, па субпадрадных заказах за ўвесь перыяд прац задзейнічалі каля 120 спецыялізаваных арганізацый.

ЦЯЖКІ ПАЧАТАК 

Пра тое, як адраджаўся помнік дойлідства, распавялі дырэктар музея “Замкавы комплекс «Мір»” Аляксандр Лойка і вучоны сакратар установы Ігар Ложачнік. 

Падчас рэканструкцыі, 2005

— Рэстаўрацыйныя працы ў Мірскім замку пачаліся ў 1983-м. Тады ўся палацавая частка, як і вежы, уяўляла сабой перыметр са знешніх сцен без перакрыццяў, — расказвае Аляксандр Лойка. — У 1987-м замкавы комплекс стаў філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея (цяпер — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1992-м адкрылася адрэстаўраваная паўднёва-заходняя вежа з першымі экспазіцыямі. У гэтым вялізная заслуга Юрыя Карачуна, які ў той час узначальваў Мастацкі музей. Аднак у канцы 1990-х і на пачатку нулявых рэстаўрацыя вялася вельмі марудна, не было пастаяннага і зразумелага фінансавання.

ПАСПЯХОВЫ ДОСВЕД 

— Гэта быў першы ў летапісе незалежнай дзяржавы вопыт маштабнай музеефікацыі і рэстаўрацыі ўнікальнага гістарычнага аб’екта, — адзначае Ігар Ложачнік. — Велізарную нагрузку тады ўсклалі на сябе Нацыянальны мастацкі музей, Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Была створана і потым рэалізавана навуковая канцэпцыя па музеефікацыі 39 экспазіцыйных зал. Сапраўды каласальнае выпрабаванне для ўсіх, хто быў задзейнічаны ў прыстасаванні і музеефікацыі аб’екта, уключанага ў 2000-м у Спіс сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны! І, як паказалі гады, гэта паспяховы досвед.

АДНАЎЛЕННЕ СУВЯЗІ 

Мірскі замак урачыста расчыніў дзверы пасля маштабнай рэстаўрацыі 16 снежня 2010 года. У цырымоніі ўдзельнічаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. 

Мірскі замак у нашы дні

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь па праве ганарыцца сваім багатым гістарычным і культурным мінулым. Сярод найвышэйшых дасягненняў майстэрства нашых суайчыннікаў — Мірскі замак, унікальны прыклад нацыянальнага дойлідства XVI—XX стагоддзяў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не проста адбудоўваўся помнік архітэктуры — паступова, крок за крокам аднаўлялася перарваная сувязь часоў, вярталася шматвяковая слава і адраджаліся гістарычная самасвядомасць і вера ў тое, што беларусы — народ герояў і тытанаў духу.

ВЫСОКІЯ ПАКАЗЧЫКІ

Сёння замкавы комплекс “Мір” — адзін з найбольш камерцыйна паспяховых музеяў у краіне. Самаакупнасць складае каля 80% — гэта практычна найвышэйшы паказчык (хаця выдаткі на ўтрыманне істотныя). 

— Замкавы комплекс “Мір” — наглядны прыклад паспяховага інвеставання дзяржаўных сродкаў у гісторыка-культурную спадчыну, — падкрэслівае Аляксандр Лойка і дае лічбы для параўнання: — Калі ў 2001-м ва ўстанову завітала крыху больш за 50 тысяч чалавек, то за няпоўны 2024-ы тут прынялі больш за 400 тысяч турыстаў — самы высокі паказчык па наведвальнасці за ўвесь перыяд існавання музея. 

Цяпер на тэрыторыі комплексу прадстаўлены Мірскі замак XVI—XX стагоддзяў, капліцапахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, домік вартаўніка, руіны палаца апошніх уладальнікаў, флігель, прыдарожная капліца, англійскі пейзажны парк з сажалкай, рэшткі італьянскага саду, земляныя валы з бастыёнамі. У цвярдыні, акрамя музейнай часткі, існуе апартаментная — рэстаран і атэль на 16 нумароў. Ёсць магчымасць праводзіць рэспубліканскія і міжнародныя пасяджэнні: працуюць вялікая і малая канферэнц-залы. 

Загадчык аддзела па экскурсійнай рабоце музея Алена Сенкевіч

За пазабюджэтныя сродкі ў 2022-м быў зроблены капітальны рамонт дамбы. На ёй адкрылі летняе кафэ.

БАГАТЫ АРСЕНАЛ 

Замкавы комплекс “Мір” — асветніцкая і культурна-адукацыйная ўста- нова, якая ажыццяўляе навукова-даследчую і выдавецкую дзейнасць. Асноўны фонд налічвае 3000 унікальных прадметаў. У скарбніцы самая вялікая сярод беларускіх музеяў калекцыя шпалер канца XVI — пачатку ХХ стагоддзя, шляхецкіх гузікаў XVII—XVIII стагоддзяў, веераў XVIII—XX стагоддзяў. І экспазіцыі працягваюць дапаўняцца. 

Гасцям прапануюць шэраг платных паслуг, спіс якіх пастаянна пашыраецца. На павелічэнне колькасці наведвальнікаў працуе цэлы спектр ініцыятыў. Асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі выставачных праектаў, правядзенню канцэртаў і спектакляў, экскурсій з элементамі тэатралізацыі, квэстаў, тэматычных майстар-класаў, баляў і гістарычных рэканструкцый. Так, Дню народнага адзінства прысвяцілі экспазіцыю “Мір на фота: 100 гадоў ад веку мінулага да дня сённяшняга”. Часовую выставу “Жыццё без меж” — сумесны праект музея і Мінскага гарадскога сацыяльнага пансіяната “Вяча” — прымеркавалі да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Таксама ладзяцца калядныя балі. 

— Акрамя тэматычных экскурсій, у нашым арсенале самыя розныя актуальныя формы работы з наведвальнікамі — ад квэстаў да музейнакамунікатыўных праграм, заснаваных на прадметах скарбніцы, — тлумачыць Аляксандр Лойка. — А яшчэ мы адзіныя ў краіне распрацавалі цырымонію сустрэчы ганаровых гасцей, падчас якой выкарыстоўваецца гармата.

ПЛАНЫ ЁСЦЬ. ЗДЗЯЙСНЯЛЬНЫЯ! 

— Паралельна з будаўніцтвам кафэ мы прыступілі да складання праектна-каштарыснай дакументацыі па аднаўленні італьянскага саду, — распавядае дырэктар музея. — Праца пачалася з даследаванняў, праведзеных сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Падчас падрыхтоўкі ўзаемадзейнічалі з саветам па культуры пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. 

Адметна, што сад аднаўляецца там, дзе быў пры Радзівілах. Высаджваюцца дрэвы, робяцца клумбы і дарожкі. Каб стварыць асаблівую атмасферу, на возеры, добраўпарадкаванне якога стартавала, усталююць фантан. Работы фінансуюцца з пазабюджэтных сродкаў музея, але прыцягваюцца і дзяржаўныя інвестыцыі. 

— Плануем рэканструкцыю другога моста, што дазволіць закальцаваць маршрут вакол возера, — расказвае Аляксандр Лойка. — Змены закрануць і хваёвую алею — упадабанае месца турыстаў і мясцовых жыхароў для прагулак.

СТАТУС=АДКАЗНАСЦЬ 

Сёлета Мірскі замак адсвяткуе 25-годдзе ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. 

Мірскі замак нярэдка становіцца пляцоўкай для кіназдымак

— Высокі статус не толькі дае нашаму комплексу пэўную перавагу (пазнавальнасць і вядомасць за межамі Беларусі), але і патрабуе значнай адказнасці калектыву па захаванні ўнікальных рыс гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта разумеюць усе 132 работнікі, кожны нацэлены на дасягненне найлепшых вынікаў, — гаворыць дырэктар. — У 2027-м споўніцца 500 гадоў з першай згадкі Мірскага замка ў архіўных дакументах, і мы ўжо запланавалі юбілейныя мерапрыемствы. Установа працуе 32 гады (да 2011-га — у якасці філіяла Нацыянальнага мастацкага) і рэалізоўвае ўсе віды музейнай дзейнасці, прадугледжаныя заканадаўствам. Удзяляем увагу выяўленню, вяртанню, сумес- наму выкарыстанню і ўвядзенню ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі краіны. Напрыканцы 2024-га скарбніца стала дыпламантам XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Спазнай Беларусь” у намінацыі “Музей года” (паднамінацыя “Рэспубліканскія/абласныя (уключаючы мінскія гарадскія) музеі”). Наш комплекс задавальняе ўсе крытэрыі для прысваення статусу нацыянальнага. Яго наданне яшчэ больш павысіць прэстыж і будзе адпавядаць ролі, якую ўстанова іграе ў папулярызацыі культуры і гісторыі Беларусі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА