Урачыстае мерапрыемства Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прымеркаванае да ўключэння беларускай выцінанкі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, адбылося ў Мастацкім музеі напрыканцы года.
Як адзначыў у вітальным слове міністр культуры Руслан Чарнецкі, у перспектыве ў нашай краіне можа з’явіцца музей выцінанкі. Работа над фарміраваннем беларускага сегмента ў Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны вядзецца пастаянна. Па словах Руслана Іосіфавіча, нашы творчыя дасягненні і далей будуць падавацца на ўключэнне ў гэты дакумент: усе мусяць ведаць, наколькі беларусы таленавітыя. Міністр падкрэсліў, што культура не мае меж, таму спробы закрыць айчынную культуру ад свету правальваюцца. Мы не павінны страчваць сяброўскія стваральныя кантакты паміж краінамі незалежна ад палітычных пытанняў.
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў: часта складана дэманстраваць міжнароднай супольнасці беларускія аб’екты матэрыяльнай спадчыны, якія б маглі быць уключаны ў спіс ЮНЕСКА, бо шмат што аказалася страчана ў часы войнаў на тэрыторыі нашай краіны.
Разам з тым нематэрыяльную спадчыну, якая адлюстроўвае душу народа, мы здолелі захаваць.
Максім Уладзіміравіч таксама падкрэсліў, што выцінанка асацыіруецца з дзяцінствам, калі многія выразалі з паперы немудрагелістыя фігуры. Міністр замежных спраў падзяліўся, што выцінанцы яго вучыла ў вёсцы бабуля, а бабулю — яе бабуля. Гэтае мастацтва з глыбіні стагоддзяў нясе генетычны код Беларусі і сапраўды перадаецца з пакалення ў пакаленне. Максім Рыжанкоў падзякаваў прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса, якія далучыліся да мерапрыемства і выказалі падтрымку нашай культуры. Міністр таксама звярнуў увагу, што плённае супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА працягваецца ўжо 70 гадоў.
У рамках цырымоніі майстры Юлія Каўрус з Гомельшчыны, Наталля Кулецкая з Брэстчыны і Лізавета Чырвонцава з Міншчыны атрымалі сертыфікаты аб уключэнні беларускага элемента “Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Удзельнікі ўрачыстасці таксама ўбачылі калекцыю адзення “Вырай”, створаную дызайнерам Кацярынай Герасіменка па матывах выцінанак Лізаветы Чырвонцавай. Адначасова ў Нацыянальным мастацкім адкрылася выстава “Беларуская выцінанка”, якую падрыхтавала Міністэрства культуры пры садзейнічанні музея і абласных выканаўчых камітэтаў.
Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, распаўсюджанае ў нашай краіне, якое зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі і сёння набывае папулярнасць. Вытанчаная і шырока прызнаная ў якасці элемента беларускай культуры, выцінанка актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў, з’яўляецца неад’емнай часткай аўтэнтычных свят. Нашы бабулі, упрыгожваючы жыллё, бралі нажніцы, паперу (часам і газеты), складалі яе і выразалі ўзоры. Іх атрымлівалася столькі, колькі было зроблена складанняў.
За апошнія 30 гадоў гэтае мастацтва ў нас вельмі развілося, беларусам перадаюць яго ў дзіцячых садах, школах, нават у вышэйшых навучальных установах. І сёння ў тэхніцы выцінанкі ствараюцца самадастатковыя станковыя кампазіцыі са складанымі сюжэтамі, крыніцамі натхнення для якіх служаць фальклор, міфалогія, гісторыя, архітэктура. Цяпер гэта адзін з найбольш папулярных відаў творчасці.
Сучасная выцінанка становіцца ўсё больш крэатыўнай, а яе ўзоры пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элементы адзення. Выцінанка ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі лад жыцця: мінуўшчына, прырода, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў нашага менталітэту і культуры. Унясенне такога рамяства ў Рэпрэзентатыўны спіс — вынік сумеснай работы майстроў, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Міністэрства замежных спраў і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.
Рашэнне аб уключэнні элемента “Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва было прынята Міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас 19-й сесіі 4 снежня 2024 года.
Раней у гэты пералік дадалі святочны абрад “Калядныя цары” ў Семежаве Капыльскага раёна (2009), урачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Мядзельскім раёне (2018), абрад “Юраўскі карагод” у Пагосце Жыткавіцкага раёна (2019), культуру бортніцтва (2020) і мастацтва саломапляцення (2022).
Антон РУДАК
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА