Свята адзінства ў Гродне

Апублiкавана: 17 студзеня 2025 Стужка Музыка Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Марафон адзінства” разгарнулася сёння ў Гродне. Наступны прыпынак у маршруце — Мінск.

Маштабны праект, старт якому 17 верасня даў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, ахапіў усе вобласці краіны. Цікавыя сустрэчы, яркія спікеры, займальныя экскурсіі, вялікі канцэрт — праграма ў Гродне 17 і 18 студзеня таксама абяцае быць насычанай. 

Выстава “Век беларускага кіно” распавядзе пра зараджэнне і асаблівасці развіцця нацыянальнага кінематографа ў розныя гістарычныя перыяды. Тут прадставяць унікальныя прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі, афішы, рэквізіты са здымкаў, касцюмы, сцэнарыі. Кожны экспанат мае дачыненне да такіх культавых карцін, як “Белыя Росы”, “Лясная быль”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Прыгоды Бураціна”. 

“Кнігі ў дар Прэзідэнту” — яшчэ адзін выставачны праект, створаны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Ён дэманструе выданні, падораныя Прэзідэнту кіраўнікамі розных краін, грамадскімі і культурнымі дзеячамі. 

Інтэрактыўная пляцоўка Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка “У будучыню — разам!” прадставіць дасягненні навучэнцаў у галіне робататэхнікі, біятэхналогій, архітэктуры, дызайну ды іншых. Таксама гасцей чакаюць інтэлектуальныя гульні “Атамны спрынт”, “Фізіка для чайнікаў”, “Дэтэктар ведаў”. 

Праект “Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт” разгорнецца на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. У размове паўдзельнічаюць заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь і былы старшыня ЦВК Лідзія Ярмо шына. 

А спікеры “Знакавай сустрэчы” — дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, першая беларуская жанчына-касманаўт Марына Васілеўская, лідар каманды “МАЗСПОРТаўта” Сяргей Вязовіч — паразважаюць на тэму “Праз церні да зорак”. 

Зафіналіць двухдзённую праграму канцэрт “Час выбраў нас”, у якім возьмуць удзел прафесійныя і аматарскія калектывы, заслужаныя артысты Беларусі. 

Як адзначыла кіраўнік рабочай групы па арганізацыі і правядзенні марафону Ганна Лукашэнка, рух патрыятычнага праекта завершыцца ў Мінску. Асноўныя мерапрыемствы грамадска культурнай акцыі ў сталіцы пачнуцца 20 студзеня.