Зручнае, бяспечнае, сучаснае і эстэтычнае. Такое, згодна з Указам № 1, павінна быць наша асяроддзе. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент, у якім 2025-ы - Год добраўпарадкавання.
Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў 3 студзеня Указ № 1. Паводле яго 2025-ы дае старт пяцігодцы якасці і прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. Рэалізоўваць гэтыя мерапрыемствы дзяржава будзе сумесна з арганізацыямі і грамадзянамі. Сёлета будуць прыняты маштабныя меры, у тым ліку па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, падтрыманні ў належным стане тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак. Адбудуцца не менш як два рэспубліканскія суботнікі. Ураду даручана ў месячны тэрмін зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання.
Указ таксама прадугледжвае актывізацыю валанцёрскага руху і рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на далейшае ўладкаванне краіны.