Асновы агульнай культурнай прасторы

Апублiкавана: 15 студзеня 2025 Стужка Музеі Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: РУДАК Антон

Выставу “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў” прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта сумесны з Дзяржаўным Рускім музеем праект, у аснове якога — ідэя гістарычнай культурнай супольнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, Расіі і Беларусі, унікальнасці і адзінства, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплываў у прасторы культуры.

Выставу прэзентавалі 14 верасня ў Мармуровым палацы Дзяржаўнага Рускага музея ў рамках юбілейнага Х Міжнароднага Санкт-Пецярбургскага форуму аб’яднаных культур. Экспазіцыя налічвае каля 300 жывапісных, графічных, скульптурных і дэкаратыўнапрыкладных твораў з багатых збораў двух вядучых мастацкіх музеяў Расіі і Беларусі. Куратарам выступіла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага Ганна Конанава. 

МАШТАБНАЯ ЗАДУМА 

Як адзначыў падчас адкрыцця выставы міністр Руслан Чарнецкі, гэты праект закладвае пачатак сур’ёзных узаемаадносін і развіцця нашай агульнай культуры. На 2025-ы музеямі, тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі і кінастудыямі дзвюх дзяржаў запланавана шмат цікавых супольных мерапрыемстваў. Руслан Іосіфавіч таксама нагадаў, што летась Нацыянальны мастацкі адсвяткаваў 85-годдзе. Ужо доўгі час гэтая ўстанова — арганізатар і ўдзельнік вялікай колькасці міжнародных выставачных і навуковых мерапрыемстваў. 

Паводле слоў Ганны Конанавай, экспазіцыя была задумана крыху менш за год таму. Супрацоўнікі музея імкнуліся здзейсніць ідэю менавіта ў падобны сціслы тэрмін, бо яна ляжала на паверхні, але ў такім маштабе і на такім узроўні рэалізоўвалася ўпершыню. 

АДШУКАЦЬ КАРАНІ 

У чатырох залах новага выставачнага корпуса прадстаўлены работы больш як паўсотні творцаў. Яны нарадзіліся на гістарычных беларускіх землях і атрымалі прафесійную адукацыю ў асноўных расійскіх мастацкіх навучальных установах, у тым ліку ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Ганна Конанава распавяла, што гэта аўтары з сусветным значэннем: прадстаўнікі дынастый Хруцкіх, Гараўскіх, Сяргей Заранка, які быў прафесарам згаданага вучылішча і акадэмікам Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Нельга забыць і пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, майстра лірычнага пейзажа, знакамітага вучня Левітана і Паленава, а таксама пра беларускага вучня Ільі Рэпіна — Льва Альпяровіча. Многія народныя мастакі нашай краіны таксама скончылі расійскія ўстановы: Яўген Зайцаў, Натан Воранаў, Павел Масленікаў, Май Данцыг, Міхаіл Савіцкі, Віталь Цвірка. 

Дырэктар Дзяржаўнага Рускага музея Ала Манілава падкрэсліла, што праект падрыхтаваны ў рэкордныя тэрміны. Ён адметны маштабам супрацоўніцтва двух музеяў. Была задача навуковымі сіламі куратараў, мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў выяўленчага мастацтва прааналізаваць нашы карані, знайсці пункт зборкі агульнай культурнай прасторы. У працэсе даследавання, распавядае Ала Манілава, стала зразумела: яны тояцца ў тым перыядзе XIX стагоддзя, калі народжаныя на спрадвечных беларускіх землях таленты шукалі месцы прыцягнення ў Расійскай імперыі, калі на беларускіх землях яшчэ не ўзніклі мастацкія школы (яны пачалі з’яўляцца напрыканцы XIX і на заранку XX стагоддзя). Такім чынам у беларускіх і рускіх аўтараў фарміравалася падобнае мастацкае бачанне. 

ХРЭСТАМАТЫЙНЫЯ ПАЛОТНЫ 

Сітуацыя змянілася ў XX стагоддзі, калі традыцыяй стала, авалодаўшы прафесіяй, вяртацца ў родныя мясціны. Мастацкія школы ствараліся ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Мінску і Полацку. У 1910—1920-я Віцебск зрабіўся культурным цэнтрам сусветнага значэння, дзе жылі і працавалі вялікія авангардысты Казімір Малевіч, Марк Шагал і Эль Лісіцкі. У 1945-м была заснавана Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Аднак нашы майстры не страцілі цікаўнасць да рускага мастацтва. Многія з іх жылі, вучыліся і выстаўляліся ў Расіі, пры гэтым не забываючыся на карані. 

У экспазіцыі прадстаўлены такія знакамітыя работы Івана Хруцкага, як “Нацюрморт з кветкамі і садавіной” са збору Дзяржаўнага Рускага музея і “Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной” з Нацыянальнага мастацкага. Таксама можна ўбачыць палотны “Дзмітрый Данской на Куліковым полі” і “Мікалай Цудатворац. Выява з малога іканастаса Казанскага сабора ў Пецярбургу” Васіля Сазонава, “Уладзімір і Рагнеда” Антона Ласенкі з калекцыі Рускага музея, “Канюшына цвіце” Апалінарыя Гараўскага і многія іншыя. 

Азнаёміцца з выставай можна да 31 сакавіка. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА