Ёсць чым ганарыцца!

Апублiкавана: 14 студзеня 2025 Стужка Музеі Мінск Спадчына

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Культурныя здабыткі і гістарычную спадчыну ўсіх рэгіёнаў можна ўбачыць на маштабнай выставе дасягненняў нашай краіны “Мая Беларусь”.

Экспазіцыя пачала работу ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры напрыканцы снежня. Для дэманстрацыі культурных скарбаў выдзелена адна з самых вялікіх залаў. 

— На гэтай пляцоўцы — далёка не ўсё, што ёсць у нашай сферы. Бо калі паказваць усё, то павільёна не хопіць. Але тут размешчаны самыя яскравыя дасягненні, — сказаў міністр культуры Руслан Чарнецкі, які наведаў выставу ў першы дзень яе працы.

І сапраўды, паглядзець ёсць на што. У кожнага з рэгіёнаў — асобны павільён. Акрамя разнастайных тэматычных экспанатаў — безліч інтэрактыўных праектаў. Працуе зона культурных мерапрыемстваў — канцэртная пляцоўка, на якой арганізавана насычаная відовішчная праграма. 

— На працягу ўсіх сямі тыдняў на гэтай сцэне будуць праходзіць сустрэчы, прэзентацыі, паказы фільмаў, мультфільмаў і іншыя імпрэзы, — адзначыў Руслан Чарнецкі. — А ўвечары вобласці ладзяць канцэрт з удзелам сваіх талентаў. Для кожнага рэгіёна адведзены тыдзень. 

Дарэчы, з поўнай праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца на сайце моябеларусь.бел. 

ЗАМКАВЫ КРАЙ 

На пляцоўцы “Культурная спадчына” ўвагу найперш прыцягвае стэнд Гродзенскай вобласці. Шляхецкія касцюмы і рыцарская зброя, выявы старажытных замкаў пагружаюць наведвальнікаў у атма сферу далёкага і таямнічага Сярэдневечча. 

— Найбольшай папулярнасцю ў гасцей карыстаюцца турнірныя даспехі з Мірскага замка, якія можна прымерыць, зрабіць у іх фота на памяць, — расказвае загадчыца навуковаасветніцкага аддзела Гродзенскага дзяржаўнага гісторыкаархеалагічнага музея Марыя Усманава. — Мы дэманструем не толькі аб’екты гістарычнай спадчыны, але і расказваем пра сучасную культуру нашага краю. Сярод экспанатаў— сувенірная пра дукцыя Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які праводзіцца ў абласным цэнтры кожныя два гады. 

У павільёне можна ўбачыць разнастайныя хлебабулачныя вырабы, у тым ліку з леташняга каравайфэсту “Бацькава булка” ў Свіслачы. Як прыклад — макеты гродзенскага Старога замка і Каложскай царквы, зробленыя з салёнага цеста. 

— Шырока прадстаўлена і народная творчасць: саломапляценне, мастацтва выразання выцінанак і роспіс велікодных яек. Лічу, што музейшчыкам трэба прыцягваць увагу да традыцыйных заняткаў, якія без належнай увагі могуць беззваротна страціцца. Таму пры стварэнні экспазіцыі адзін з акцэнтаў мы зрабілі менавіта на дэманстрацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, — падкрэслівае Марыя Усманава. 

СТАЛІЧНАЕ БАГАЦЦЕ 

Каштоўнасці сталіцы дэманструюцца ў самым цэнтры выставачнай залы. Уваход у павільён створаны ў выглядзе дзвюх веж архітэктурнага комплексу “Брама Мінска”. 

— У аснове экспазіцыі — прадметы, якія адлюстроўваюць розныя перыяды гісторыі, — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска Васіль Сідаровіч. — Наведвальнікі могуць убачыць макет уязной брамы Мінскага замчышча. Побач — фігуры жыхароў XIII стагоддзя ў адзенні, стылізаваным пад тую эпоху. Таксама прадстаўлены манеты часоў Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі, нідэрландскія і нямецкія грошы, знойдзеныя падчас раскопак у цэнтры Мінска. 

Акрамя гэтага, у павільёне можна ўбачыць макеты Нацыянальнага мастацкага музея, Купалаўскага тэатра і музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць і паменшаная копія храма Усіх Святых, якая была пера дадзена на выставу Беларускай праваслаўнай царквой. 

— Украпінамі ў гістарычную канву мы размясцілі некалькі аб’ектаў выяўленчага мастацтва. Сярод іх — трыпціх вядомых мастачак па тэкстылі Любові Кірылавай і Веры Блінцовай. Работа адлюстроўвае сюжэты, традыцыйныя для беларускай культуры, і, бясспрэчна, заслугоўвае ўвагі наведвальнікаў, — адзначае Васіль Сідаровіч. 

РАДЗІМА ФЕСТЫВАЛЯЎ 

Шмат гасцей сабралася на пляцоўцы Віцебскай вобласці. Тут месца знайшлося і для невялікай сцэны, зробленай у выглядзе знакамітага Летняга амфітэатра, і для своеасаблівай карціннай галерэі. 

— Наш край славіцца фестывалямі, вядомымі далёка за межамі краіны, — кажа навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Варвара Сцельмашук. — Таму нельга было пакінуць без увагі галоўны беларускі фэст — “Славянскі базар у Віцебску”. У нашым павільёне любы ахвочы можа паўдзельнічаць у праекце “Караоке з зоркай”: выканаць адну з песень, якія ў розныя гады гучалі са сцэны Летняга амфітэатра, і атрымаць сертыфікат, падпісаны дырэктарам фестывалю Глебам Лапіцкім. 

Асобнае месца займаюць экспанаты, прысвечаныя тэатральнаму мастацтву. Сярод іх — касцюмы да спектакля “Несцерка”, які ідзе ў драматычным тэатры імя Якуба Коласа ўжо больш за 80 гадоў, а таксама батлейка — тэатр лялек, што сімвалізуе світанак беларускага тэатральнага жыцця. 

— Калісьці на нашых землях перасякаліся найважнейшыя гандлёвыя шляхі Сярэдневечча. Як напамін пра гэта — муляж старадаўняга судна, дзе можна сфатаграфавацца. Таксама наведвальнікі выставы могуць азнаёміцца з інфармацыйнымі стэндамі аб розных перыядах гісторыі Віцебска і Полацка — адных з самых старажытных гарадоў Беларусі, — падкрэслівае Варвара Сцельмашук. 

Якія скарбы дэманструюць іншыя рэгіёны і чым здзіўляюць наведвальнікаў? Убачыць усё на свае вочы лёгка: выстава “Мая Беларусь” працуе па 16 лютага ў новым комплексе “БелЭкспа” па адрасе вул. Паўліны Мядзёлкі, 24. Уваход вольны. 

Данііл Піўкарэц 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА