Да зімовых вакацый тэатры падрыхтавалі не толькі святочныя, але і іншыя прэм’еры. Вядомыя сюжэты часам разгортваюцца па-новаму!
У Магілёўскім абласным драмтэатры руская народная казка “Іван-царэвіч і Шэры Воўк” стала аўтарскай. Малады рэжысёр Каміля Хусаінава і вядучая артыстка Алена Крыванос, чаргуючы прозу з паэзіяй, стварылі не проста інсцэніроўку, а ўласную п’есу, поў ную нечаканасцей і постмадэрнісцкіх спасылак. Спектакль для кожнага яго ўдзельніка — штосьці накшталт бенефісу, бо пераўвасабляюцца акцёры імгненна і неаднаразова. А яшчэ — спалучаюць сваю справу з прыёмамі лялькаваджэння. Над падмосткамі лётаюць і вялізная Жарптушка, і Дракон, якім кіруюць аж сем артыстаў (мастак-пастаноўшчык — Ала Сарокіна).
Магілёўскі абласны тэатр лялек прэзентаваў “манахромны дэтэктыў” паводле А. Ліндгрэн — “Карлсан”. Нязвыклае жанравае азначэнне тлумачыцца не толькі інсцэніроўкай Данііла Жугжды, рэжысурай Валерыя Карышава, але і працай мастака-пастаноўшчыка Вольгі Шчарбінскай. Спектакль атрымаўся вельмі стыльным. Ён амаль цалкам вырашаны ў графічнай манеры: рэальнасць — чорнабелая, затое фантазіі Малыша пра Карлсана — каляровыя. Паваротная сцэна дазваляе хутка пераносіць дзеянне з адной лакацыі ў іншую. Не сумуе і дарослая публіка: хлопчыка, відаць, выхоўвае самотны бацька, а Фрэкен Бок аказваецца маладой ды прывабнай.
Сцэна са спектакля "Спячая прыгажуня"
Спектакль “Сяброўства шмат не бывае” Новага драматычнага тэатра распавядае пра лясных звяроў. Найбольшую ўвагу прыцягвае каларытны Вожык (Аксана Баранок). Рэжысёры Лізавета Машковіч і Фёдар Пясецкі (пастаноўка будзе яго дыпломнай працай, творца задзейнічаны тут і ў ролі Ваўка) выціснулі з п’есы “Трэці лішні” расійскага драматурга Уладзіміра Ілюхова ўсё магчымае, прыдумалі штосьці сваё. У іх рэдакцыі гісторыя пра тое, што сябраваць можна і добрай кампаніяй таксама, папулярызуе савецкую класіку — найперш песні з мультфільмаў.
У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка”, што ў Маладзечне, выпусцілі “Казкі дзядулі Батлея, ці Лялечныя цуды пад Новы год”. Да колішняй пастаноўкі “Дзюймовачкі” дадаўся новы персанаж — Батлей. Герой і распавядае гісторыю незвычайнай дзяўчынкі. А надалей, як плануецца, можа з’явіцца цэлы шэраг казак ад дзядулі Батлея. Яго імя, дарэчы, папулярызуе маладзечанскі калектыў ды батлейку як фе номен.
“За Снежнай каралевай” запрашае рушыць Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і яго галоўны рэжысёр Яўген Карняг. Спектакль для публікі 6+ зразумелы і больш малодшым дзецям. Артысты прапануюць гледачам... прачытаць кнігу. І робяць гэта разам з Тролем у малой зале. Адмысловае выданне — панарамнае, у трох тамах (мастак — Вольга Дваравая). Аповед — атмасферны, дзівосны. У казцы ўзнікаюць новыя дэталі, знойдзеныя ў літаратурным арыгінале. Спектакль натхняе на ўдумлівае чытанне, што ўключае фантазію.
Сцэна са спектакля "Сяброўства шмат не бывае"
Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр таксама звярнуўся да адной з самых вядомых у свеце чароўных гісторый. “Спячую прыгажуню” паставіла рэжысёр Таццяна Аксёнкіна. Малады драматург Ксенія Шталянкова напісала не інсцэніроўку, а ўласную п’есу, у якой ліквідавала характэрную для казак адсутнасць звыклай логікі. Наадварот, у спектаклі кожная дробязь, усе словы і дзеянні атрымліваюць тлумачэнне, звернутае да сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак. Подых сучаснасці не ўплывае на строі ад Таццяны Мацэвіч, але змяняе матывацыю ўчынкаў. Прынц не цалуе дзяўчыну (маўляў, мы з ёй незнаёмыя), ды ўсё ж знаходзіць спосаб яе абу дзіць. Героі паступаюць, як дзеці. Іх непасрэднасць, памножаная на агульную постмадэрнісцкую іронію, парушае залішне рамантычны пасыл, уласцівы фіналу. А прапанова завесці сабаку ўвогуле сведчыць: персанажы па сваёй псіхалогіі бліжэйшыя да цяперашніх школьнікаў, чым да казачных герояў. Каб нарэшце абудзіць юных гледачоў ды іх бацькоў, прачнуцца трэба не толькі прынцэсе, але і самім тэатрам.
Сцэна са спектакля "Карлсан"
Падобныя пераасэнсаванні — добрая з’ява. Яны выхоўваюць уважлівага гледача як у дзіцяці, так і ў дарослым.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва Магілёўскага абласнога тэатра лялек