Пад увагай Першага

Апублiкавана: 11 студзеня 2025 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўсёды надаваў увагу пытанню рэканструкцыі тэатраў. Многія з гэтых храмаў мастацтва за час свайго існавання не абнаўляліся і на стыку тысячагоддзяў знаходзіліся не ў лепшым стане.

Кульмінацыяй у справе іх мадэрнізацыі стала Праграма рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь на 2004—2010 гады. У дакумент уключылі 24 аб’екты, якім неабходна тэрміновая дапамога. Сярод іх аказаўся і Вялікі тэатр оперы і балета. 

У 2006-м па даручэнні Прэзідэнта пачалася маштабная рэканструкцыя. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу не толькі аснасціць галоўны тэатр краіны найноўшымі тэхналагічнымі прыстасаваннямі для работы трупы і паказу спектакляў. Таксама патрабавалася вярнуць будынку першапачатковае аблічча. І больш таго — рэалізаваць ідэі Іосіфа Лангбарда, якія ў савецкіх рэаліях не былі здзейснены. 

Дэкор на сценах і мазаіка падлогі аднаўляліся па арыгінальных эскізах архітэктара з выкарыстаннем дарагіх матэрыялаў: граніту і мармуру. Сцэну нахілілі ў бок гледачоў, глядзельныя рады прыўзнялі. Пашыраныя магчымасці для спецэфектаў на сцэне з’явіліся дзякуючы гідраўлічным шахтам глыбінёй 20 метраў. Прастору пад сцэнай спецыяльна паглыбілі, выняўшы больш за 1000 кубаметраў зямлі. Крыху пазней дасталі яшчэ 500. За кошт гэтага музыкантам зрабілі дадатковыя памяшканні побач з аркестравай ямай. Агулам плошча тэатра пасля рэканструкцыі павялічылася амаль на 9000 квадратных метраў, што дазволіла размясціць на яго тэрыторыі новыя цэхі і тэхнічныя службы. 

Абноўлены Вялікі тэатр адкрываў асабіста Прэзідэнт. На цырымоніі Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Калі мы суверэнныя і незалежныя, а не правінцыя іншай дзяржавы, то трэба ствараць сімвалы суверэнітэту і незалежнасці, аб’екты, якімі мы будзем ганарыцца”. 

Пасля адкрыцця ля тэатра з’явілася бронзавая таблічка: “Будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пабудаваны ў 1939 годзе па праекце архітэктара Лангбарда І.Г. і рэканструяваны ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р. у 2006—2009 гадах”. Першы паказ на абноўленай сцэне адбыўся 8 сакавіка 2009 года.